— Думаеш, адтуль нельга будзе ніяк выйсці і да сваякоў нават?
— Калі ўжо туды трапіў хто — капу-ут!
— Мо такі пусцяць на мінутку, калі папросіш надта, столькі ж не бачыліса?!
— Ні ў какую!.. Э, цяпер і карысць мне малая, калі б бацькаў дзед і сказаў, бо не вернесса ж на хутар, але просто — цікаво!..
Побач нейкая кабеціна ўспомніла, што замужам за ўдаўцом.
— Як я буду жыці на тым свеце: там жа з'явіцца і твая першая жонка?! — напала яна на мужа.— Вядомо, Гандзя маладзейшая і ты мяне кінеш, бессаромныя вочы твае!.. Кінеш, га?!.
— Пабойса ж бога, што ты мелеш!
— А я кажу — кінеш, бо цябе ведаю!
— Марусь!..
— Не падыходзь!.. Ты ж яе не раз праз сон успамінаў? Успамінаў, сама чула, як клікаў усё!.. I фотакартку яе збярог, думаеш, я сляпая і глухая была?! Маўчала дагэтуль!..
Пашукалі Давідзюка. Той адкрыў Біблію ды вычытаў з Евангелля ад Мацея, што на небе не жэняцца, не выходзяць замуж, не любяцца па-зямному, а прабываюць, як божыя анёлы.
— А мяне разбірае страх, калі падумаю, што трэ будзе ляцець кудысь на небо! — прызнавалася другая кабеціна свайму мужу.— Я ж у сябе па драбінцы на гару за бялізнай баялася лезці, усё ты мне даставаў і развешваў, а то — над хмары, звёзды і месяц!.. Божа, як узнімусо на такую вышынь?.. Не ведаю!..
— Прывыкнеш мо! — раўнадушна буркнуў яе чалавек.— Будзеш як усе, думаеш, ты адна такая?..
— Мілая сястрыца,— супакоіла цётку Піліпіха.— Архангелы возьмуць цябе за белыя рукі ды панясу-уць, панясу-уць, бы тую каралеву ў ядвабнай шаце, увысь!..
— Хібо што!..— з рэшткамі страху, але ўжо і з усхваляваннем ад шчасця, якое яе чакала, расквітнела ўсмешкай стомленая ад непасільнай працы і недасыпання жылістая худая кабеціна.— Дзякуй вам, цётко, што падказалі і супакоілі!
Але ў Піліпіхі была свая крыўда, і яна пажалілася:
— Падумай толькі, сястрыца, нявестка мяне ж з хаты выганяла за дываны, што панасіла Альяшу!.. Я ёй тады яшчэ казала: «Пацярпі, дачушка, пачакай, на тым свеце ўсе-енькія перад табой ляжацімуць, усяню-уткія, да аднаго!..» Так не паверыла! I во такі спаўняецца маё прароцтва — як у жывую ваду глядзела!.. Нявестцы напомню на небе, скажу: «Во, за свае дываны, анучы тыя няшчасныя, ты атрымала парство нябеснаё!..»
— Спаўняецца, цётачку, дальбог, усенько спаўняецца!.. Мой тато, мой дзед і дзедаў дзед чакалі, і — гляньце, якая я шчаслівая, што дачакаласа гэтаго, госпадзі!..
— I ўсё ж такі, куманька, ніц не кажы — жуткавато робіцца! Чалавек сабе жыў, жыў тут і раптам апынуўса ў іншым месцы, хоць бы і ў раі!..
Каля іх абуралася нейкая кабета:
— Волесь, Волесь, глядзі, унь і Палося Канцавая тут!.. Ах, і гэтая рэзгіня ўжо прыперласа, ты бачыш? I яна хоча спазнаць царство нябеснае?! Куды конь з капытом, туды і рак з кляшнёй!..
Сур'ёзны дзядзька, які гаварыў, што з жанчынамі і рай будзе не рай, буркнуў:
— Кацёл з гаршка не нацешыцца, а чорныя абодва! Аднак мужык жонку супакоіў:
— Там, Лімця, нікого не ашукаеш, не бядуй! Усіх наскрозь убачаць ды разбяруццо — каго ў рай рассарціруюць, каго ў пекло, а каго куды шчэ!..
— I я змагу надзівіцца, як гэтая выдра будзе мэнчыцца?
— Шчасце ў раі было б не поўным,— пачаў павучаць бурклівец,— калі б адтуль мы не змаглі назіраць за пеклам і бачыць, як грэшнікаў пажырае агонь!
Яго абарваў нездаволены Волесь:
— Хопіць табе! Ідзі, ідзі, сатана, адгэтуль!.. Бач, радуваец-ца чаму, антыхрыст!..
I муж папракнуў жонку:
— А ты выкінь з сябе гэтую гардыню!.. Хрыстос умеў дараваць нават сваім ворагам іхнія віны!.. А табе, Лімця, памятаць іх?.. Глядзі, унь дзіця ўлезло ў штось!
Жанчына толькі цяпер успомніла пра сына і кінулася да малога:
— Яначку, на каго ты падобны?! Ці табе не гаварыла — не пэцкай касцюмчыка, не лезь нікуды?! Дзе мне памыць цябе на небе: там і карыта не знойдзеш!.. Во, маеш, маеш, атрымлівай, гіцлю! — адлупцавала яна малога.— Хадзі цяперака ўвесь свой век у раі замурзаным, бы шмаравоз!
— Не можа быць, Лімця, каб там не знайшлосо ў што пераапрануць малых! — супакойваў яе Волесь.— Ладно, не карай!.. Глядзі, як вочы пасалавелі, яно спіць ужэ на нагах!
Стомленыя за гэтак багаты ўражаннямі дзень малыя пачалі капрызнічаць і румзаць. Мужчыны навалаклі саломы, паклалі дзяцей цесна адзін каля аднаго пад акрытым небам спаць.
У кутку цвінтара была звалена горка сасновых плошак. Майсак іх падпаліў, людзі пападалі на калені, пачалі горача маліцца.
— Бом!..— трывожна, сумна і рэзка, нібы ўсадзіў нож у сэрца, першы раз прагучаў у вячэрняй цішы га-лоўны звон грыбоўшчынскай царквы.
— Цілім-цілім-цілім!..— заўторылі яму спехам меншыя.
— Госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй!— пранёсся па натоўту шэпт, бытта вецер прашуршаў вялізнай гурбой сухога лісця.
— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..
— Госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй!..
Сухія і смольныя плошчкі з гулам і трэскам ужо шугалі ў неба пругкія языкі агню, асвятлялі заклапочаныя твары і кідалі вакол выдаўжаныя хісткія цені. Ад полымя ўсё на цвінтары як бы прыйшло ў рух, стала нерэальным.
Цётка Хімка прагна чакала ракавога моманту ды з нецярплівай радасцю рыхтавалася праз хвіліну ці праз пару гадзін убачыць свайго Яшку ды Маню, не заўважаючы і агню. Так, мабыць, толькі стаялі на арэне якога-небудзь рымскага цырка першыя хрысціяне ды са складзенымі, як да малітвы, рукамі, са светлымі ды ўзнёслымі ад унутранай перакананасці тварамі прагна чакалі, калі ж нарэшце з тых клетак вырвуцца раз'юшаныя дзікія звяры, разарвуць іхняе грэшнае цела і спрагнёная душа прадстане перад богам, каб спазнаць вечнае шчасце і блажэнства!