— Бог адкры-ые нам, Ляксандар, адкры-ые! — пацвер-дзіла цётка.— Як зрабіў гэты свет, то наробіць шчэ!
Муля толькі цяпер адчуў — уся яго эрудыцыя тут абсалютна бяссільная.
Для людзей, якія ўжо спалілі за сабой масты, спозненыя разважанні хлопцаў — будзь яны найкрыштальнейшай праўдай! — цяпер былі непажаданымі. На крынкаўцаў пайшоў здаровы Антанюк з Масева Другога, які з мужыкамі ўзвалакаў званы.
— А ты чаго тут палітыкуеш? — гледзячы спадылба, абрынуўся мужык на Мулю.— I цябе, нехрыста, прынесла ўжэ сюды ваду муціць?
— Трэ Альяшу сказаць! — дапамаглі масеўцу бабы.
— Такім смаркачам шчэ і сам дам рады! Бач, па-прыпіраліса ўжэ!.. Скончыласо ваша панаванне, згінеце зара!..
Крынчане моўчкі адступілі за плечы разявак.
Магутны ў сваёй масе, расфанатызаваны, суровы ды ўпэўнены ў слушнасці свайго ўчынку натоўп, гэтыя сотні рашучых і дужых мужыкоў ды баб, не толькі разарвалі б на шматкі, сцерлі б на порах таго, хто адважыўся б перашкодзіць падрыхтоўцы да таінства,— яны гатовы былі ісці супроць цэлага свету!
Другія багамолы былі занятыя і зусім не звярталі ўвагі на разявак. Толькі потым нехта з фанатыкаў спытаўся ў грыбоўшчынцаў са шкадаваннем:
— А хіба вы з намі не пойдзеце? Уражаныя вяскоўцы ўсё маўчалі.
Тады іншы дзядзька ў кужэльнай, першы раз надзяванай кашулі паківаў галавой:
— Няўжо і застанецеса?
— Нічого, Іване, пакінь іх у спакоі! — параіў сябар.— Яшчэ ўспомняць на тым свеце, а позно будзе!
— Усе-е яны ўспомняць, брацця і сёстры, усе-е!..— уставіў сваю заўвагу Давідзюк.— Гэтаксамо калісь людзі елі, пілі, весяліліса, выходзілі замуж, перад усямірным патопам, зусім не думалі пра бога і высмейвалі старога Ноя! Абзывалі яго нават вар'ятам, калі той свой каўчэг збіраў!
Фанатыкі з пераможнай упэўненасцю кпілі з вяскоўцаў:
— Чакайце, чакайце і вы!..
— Бо і тады грэшнікі думалі, што жыццё сваё чалавек праводзіць адно на зямлі! — прапаведваў Давідзюк далей.— Глупства, брацця і сёстры!.. Прабыванне нашае тут было надта кароткае, адно імгненне, а там нас чакае вечнасць! Хутко, надто хутко нашае зямное існаванне, наш тлен абарвецца, развеецца і мы перад усявышнім будзем трымаць адказ за пражытыя хвілі!!.
— От табе і «кумэкус эго!» — з сумнай усмешкай пакпіў са свайго галавара малады крынкавец з культурнай камісіі прафсаюза гарбароў.— Гэта табе не выступленне хору арганізаваць!..
— Яшчэ які комікус! — самакрытычна згадзіўся з ім Нішт, павярнуўшы да сябра акуляры з тоўстымі, як дно дзвюх бутэлек, лінзамі.— Жывыя персанажы з біблійнага патопу! Раскажы каму ў горадзе — не павераць!
Вялізная гурба па-святочнаму разадзетых багамолаў урачыста накіравалася да Альяшовай святыні са спевам:
Ужэ к нам прыблі-ізілась міра канчына,
Й ты снова, прароча, на землю прыйшо-оў!..
Самыя адпетыя фанатыкі, прыбыўшы на святы ўзгорак, адразу распласталіся на цвінтары і ракавой гадзіны чакалі ў здранцвенні, не павярнуўшы нават і галавы. Іншыя ж рыхтаваліся да яе дзелавіта, спакойна і цярпліва — бы гаспадары, якія рыхтуюцца да вяселля ці хаўтур.
— Глядзі, Соня, дзяцей, каб не надто перапалохаліся, як пачне грымець, бліскаць і зямля валіцца!..— павучаў жонку практычны дзядзька.— I сама не бойса!.. Калі ўжэ распачнецца ўсё, то стань і — ні з месца, замры! Народу будзе — прорва, але бог нас не кране!
Побач саракапяцігадовы няўклюда, першы раз у жыцці цалуючы жонку, з дрыжаннем у голасе казаў:
— Ну, Нюрка, будзем развітвацца! Жылі мы з табой душа ў душу дваццаць гадоў, нікому кепскага нічого не зрабілі, а цяпер давай... Хто ведае, ці ўбачымса на тым свеце шчэ?!
— Выходзіць, мы там будзем не разам?! — абуралася кабета.— Ты хочаш мяне пазбыцца? Ці ў цябе е такі вялікі грэх, што адразу ў пекло ўжэ рыхтуешса?.. Я пра цябе чаго-небудзь не ведаю?! Чаго маўчыш?! Заткнуло, бачу, заткну-уло табе, ага-а!.. Я перад табой чыстая, як перад госпадам богам, запамятай!
Нейкі мужчына няўклюдзе заўважыў:
— Во, маеш!.. Скажу табе, брат, калі жонак там не аддзеляць ад мужыкоў, то і рай будзе нам не рай!
У іншым месцы мужык пытаўся ў кабеты:
— А гэто што ў цябе?
— Маткі.
— Нашто іх бярэш?
— Буду сабе вязаць там.
— У раі-і, вяза-аць?! Зусім ужэ ачмурэла!
— Воўна надто файная, паглядзі сам! Мяккая, і фарба добро ўзяласа...
— Не смяшы людзей!
— А я там з пруткамі схаваюсо дзе-небудзь за смакаўніцу тую ці пальму і буду рабіць сабе панчохі ці світэр які!.. Бо сумно стане без ніякаго занятку, падумай!.. Ну, дзень-два пасплю, а потым? Узяла пару маточкаў усяго, гэто ж воўна з нашых мерыносых авечак, Нічыпар!
— Ы-ы, што ты вы-ыдумала, дурная! Нагараваласа за жызню, досыць!.. Мы з табой варты другого!.. Ведаеш, як нас будуць спатыкаці, што нас там чакае?.. Ці да вязання будзе!.. Выбраным падрыхтавана там такое блажэнство, якое не бачыло чалавечае воко, не чуло вухо, не прыходзіло на вум нікому нават!.. Выкінь зараз жа ўсе гэтыя маткі!
— Яна вы-ыкіне, Нічыпар, вы-ыкіне, ты толькі ўжэ не злуй на жонку ў такую ўрачыстую хвілю, не можно цяпер нам нікому злаваць! — пачала мірыць іх добрая цётка Хімка.— Дай ёй пацешыцца крыху!..
— Ой, няўжэ я сваю маму пабачу?! — пыталася мужа іншая жонка.— Якія яны цяпер?! Мама памерлі, калі мне было ўсяго пяць годзікаў! Цяпер у мяне дзеці і то старэйшыя!
— Што зробіш — на небе людзі не мяняюццо! — разважаў яе мужык.— А я ўсё думаю пра бацькавага дзеда. Шчэ з турэцкай вайны прывёз, казалі, збаночак серабра і закапаў, перад тым як самого ў Белавежы задраў мядзведзь. Я перарыў усё поле, збіраўсо вогера ў мастаўлянскаго мазура купіць... Цікаво будзе спытацца ў яго, куды ж ён такі збан сунуў?.. Але, кажуць, стары здораво грашыў і можа быць у пекле!