Латочніца паднесла пакет з бутэлькай:
— Купіце, пане, у дарогу ліманады!
Альяш зыркнуў на яе спадылба:
— Памый свае лупы ў той унь лужыне пстрычка!
— Адва-ажны ты! — палесцілі яму ўдзячныя бабы, калі латочніца адышла.— Каб толькі прыставу не паскардзіласа!
— А чаго яна лезе?!.— больш за ўсіх абуралася Хрысціна. — Трэба ж так вымазацца, цьфу!.. Нават за дзесяць рублёў не паднесла б такой агіды да сваго рота!
— Падумаць толькі, з голымі рукамі да мужыкоў павылазілі! — падтрымала яе Піліпіха.— Шчэ адно засталосо калені агаліць! Бога не баяцца, распутніцы!.. Дзіво, што пажары і паморкі кругом — як гэты свет зусім не разваліцца!
— А нашыя папы, глянь?! — дадаў Альяш.— Хай ужэ афіцарня, свістуны гэтыя, выядаюць прысмакі, але і яны вытрываць не могуць, каб не распіваць сваіх чаёў і піваў! А дома ў цянёчку, думаеш, святое пісанне чытаюць? Кніжачкі любоўныя! Цьфу!..
— I праўда,— згадзіўся Майсак.— Здаецца, паводзілі б сябе, як належыць пастырам — дастойно і прызваіто, — дык не! Бо грошай маюць без ліку, не ведаюць, куды падзяваць!
Нейкі час усе маўчалі.
Альяш успомніў разварочаны ўзгорак за Грыбоўшчынай, разварушаных багамолаў, братавы грошы, якія страціў, а да мэты было ўсё далёка, і з неспакоем падумаў пра таямнічы Кранштат. А калі і там яму не дапамогуць, што тады рабіць, куды падацца, у каго дапамогі прасіць?..
Вяртацца без нічога ён не меў права.
— То ўзяў бы ў дарогу бутэльку пітва якога-небудзь, грошай табе мы ж сабралі! — параіла Хрысціна.— Наесціса булкі з ліманадай, і больш я нічого не хацела б!..
— Бо ты целу даеш браць верх над душой! А ў мяне бог е, таму я над целам стаю!.. I трымаю яго так, як сказано ў паслані апостала Паўла — чалавек павінен есці мало і толькі тое, што ваздзелае сваімі рукамі.
Дзяжурны пазваніў на пасадку.
З жудаснай няўпэўненасцю ў тое, што чакала ў далёкім Кранштаце, з адчуваннем азарту ад рызыкі — вернецца пераможцам у сяло ці з пустымі рукамі — дзядзька падняў мяшок і накіраваўся да цягніка. Цёткі, бегучы за ім трухтам, лісліва ўпрошвалі:
— Умалі, умалі ты ўжэ, Альяшку, таго цудатворца Іаана, каб ён закінуў слоўцо перад госпадам богам — хай прыйдзе нарэшце пагібель на Паўтарака!
— Дальбо, праўда! Як мы там ні саграшылі за тых Голубаў, за прыпадачную маладзіцу, але хай ужэ злітуецца, хай адменіць кару!
— Сам ты ведаеш, скупілі мы даўно свае віны! Хопіць аж занадто тае мэнкі!
Дзядзька хмыкнуў, шпурнуў мяшок у тамбур і, бытта не сваімі нагамі, палез у вагон.
— Ну, то я паехаў! — пачулі яны толькі з тамбура.
Кранштацкаму цудатворцу тады было ўжо амаль восемдзесят. Час, калі бласлаўляючы налева і направа рукой, раз'язджаў ён па гарадах і весях Расіі, а коннікі — прабівалі яму калідор цераз незлічоны натоўп, незваротна прайшоў.
Зараз гэта быў знямоглы стары — азызлы і поўны, бы калода. Дзень і ноч Іаан маліўся, хадакоў прымаў зрэдку, ды і то толькі — самых настырных. У такіх выпадках бедных з багатымі гуртам заводзілі ў невялічкую залу, дзе пачыналася агульная гутарка.
Дабіўся, каб трапіць на прыём, і Альяш.
— Царкву будую, святы ойча! — аб'явіў ён, калі пасля нейкага генерала дайшла да яго чарга. — Прадаў сваю зямлю восем дзесяцін... Ды братавых грошай было... I будую во...
Протаіерэй не паверыў сваім вушам.
— Свой надзел прадаў?!
— Так. У Гродзенскай губерні, на граніцы з Польскім Царствам, айцец Іаан, — пачціва ўдакладніў памочнік.
Хвіліну панавала прыемнае маўчанне.
— Чуеце?!— узрадаваўся Іаан.— Чалавек не па шчасце сваім дочкам ехаў сюды, як гэты генерал! I не моліць, каб сусед яго згарэў, бы маліла тая памешчыца!.. Не сабе здароўя і выгоды просіць, як многія з вас тут плакаліся перада мной, а — пра ратаванне людскіх душ думае!..
Цудатворац абвёў прысутных пераможна вачыма— бытта людзей, ад якіх чакаў толькі нядобрага.
— Не-е, у нас ніколі не было і ніколі не будзе месца грахаводнаму вальнадумству!.. Расія такі ачысціцца ад мякіны — розных сацыялістаў-бязбожнікаў ды анархістаў-вар'ятаў і не пагразне ў бездані распусты, у твані ганьбы!.. Чым мы былі б без цара?! Праз такіх во людзей тысячагадовая Расійская імперыя стане яшчэ благадзенстваваць!.. Ну, ну, выкладвай усё, слухаю цябе, сын мой!
Альяш меўся яшчэ сказаць, як не хапіла ў яго грошай, як выбіўся з сілы і ўжо страціў надзею, бо пачалі смяяцца мужыкі, як апанавала яго сумненне. Але прысутныя ў зале глядзелі на селяніна з такой пашанай, а вочы старога з гладка прычасанымі валасамі на рыхлым ілбе так добразычліва і цёпла глядзелі, што дзядзька Альяш раптам адчуў, як яго напаўняе якаясць дужасць і моц.
Шчыра ўсхваляваны протаіерэй дарэмна чакаў, каб барадаты беларус сказаў што-небудзь яшчэ, каб паслухалі прысутныя.
— Нават землю прадаў?!— прыглядаўся Іаан да грыбоўшчынца з нехаванай зайздрасцю. — Гэтая ахвяра, мужык, пахвальная, за табой по-ойдуць, ох, як пойдуць! — паківаў ён галавой не то ад захаплення, не то ад зайздрасці і з патэтыкай закрычаў: — Рускі чалавек, хто навучыў цябе непакорнасці і бяздумным мяцяжам?! Аднак, — невычэрпная крыніца таленту народнага! Гасподзь бог неўзабаве адкрые ўсім вочы, як адкрыў гэтаму чалавеку!..
Прысутныя лісліва і з зайздрасцю паківалі галовамі. Цудатворац на хвіліну задумаўся.
— Толькі ведай, чалавеча, шлях твой будзе не ружамі высланы! Стане ён цярністым і горкім!— загаварыў ён зноў.— Не спадабаешся ты сваім бацюшкам! Ох, не спадабаешся, станеш ім папярок горла!.. Аднак ты, мужык, не звяртай увагі на іх, усім сэрцам трымайся бога, любві к цару і рабі, прадаўжай сваё!