Прымас Польшчы ў пурпуровай мантыі ўважліва ваяводу са старостай выслухаў і першым чынам надта здзівіўся.
— Панове, то гэты мужык з такім хара-актарам?.. Але ж — выдатна! Ён і праўда — той, хто нам патрэбен!.. Не будзем, мае дарагія, суровы лішне к людзям! I ў саміх ёсць эканомкі! Ды і віна яго не вялікая — з такім жа поспехам мог старога прыкончыць і сапернік, але лёс выпаў зрабіць гэта яму! Тым лепей, што гэтаму мужыку палец у рот не кладзі, а ўсявышні не пазбавіў яго і ў семдзесят гадоў удачы!
Кардынал ад захаплення не знаходзіў слоў.
— Што ж, вакол талкавання святых кніжак русіны распалялі фанатызм і не такі! — стаў успамінаць ён гістарычныя паралелі.— Пры цары Аляксею Міхайлавічу тысяч з дваццапь клікуш спалілі сябе толькі ў адным Пашахонскім уездзе!.. О! як гэта мудра, што наш касцёл не дазваляе сваім міранам талкаваць святое пісанне!.. I гэтыя мужыкі Біблію наталкавалі — яшчэ адну секту адкрылі, ды якую магутную, хто б спадзяваўся!.. Панове, вы самі бачыце, што за апусташэнне ён нанёс праваслаўнай царкве, як на фоне гэтага вар'яцтва русінскіх тлумаў выглядаюць нашыя касцёлы на Крэсах!
— Маеце слушнасць, ваша экселенцыя! — пачціва падтакнуў ваявода.— Ды і ў грыбоўшчынскім бедламе столькі нашага! Царква прарока больш на касцёл падобная, у цэнтры вісіць абраз маці божай з Чэнстаховы!
— Я ўсё гэта ведаю!.. Панове, і на мінуту не маеце права забываць, што Ватыкан аб'явіў вашы землі «тэрыторыяй місіянераў». Трэба нам канчаткова выпіхнуць адтуль праваслаўе і наблізіцца да граніц Савецкага Саюза! Гэты волат на гліняных нагах вось-вось пачне рассыпацца! Грузіны, татары, башкіры, украінцы — даўно ўжо чакаюць, каб узняць разню, якой яшчэ свет не бачыў! Тады ваша ваяводства стане для каталіцкіх місіянераў базай для паходу на Усход! Не забывайце, панове, вялікага католіка Стэфана Баторыя... Такой спрыяльнай атмасферы сталіца апастольская не мела на Крэсах Усходніх гадоў трыста!
Староста і ваявода пачціва падтакнулі.
— Такім чынам, мы не зацікаўлены, каб глушыць гэтую секту. Інтарэсы святой веры патрабуюць, каб захаваць яе. Пра вашага мужыка ведаюць нават у Ватыкане!.. Так, так, вашыя рэляцыі ўжо запатрабавалі туды! Гэтага арыгінала зараз жа выпусціць!
— Справа ўжо атрымала такое гучанне...— выказаў заклапочанасць ваявода.
— Трэба было заглушыць яе ў зародышы! Цяпер — думайце самі, панове, як арганізаваць усё, вы людзі вопытныя, і вам на месцы відней. Канфлікту з паліцыяй мець не будзеце. Міністэрства ўнутраных справаў таксама вашага Эльяша падтрымлівае! Клімовіч глушыць работу камуністаў, і генерал Славой-Складкоўскі выдасць заўтра ж дадатковыя распара-джэнні паліцыі! Захавайце, прашу вас, асцярожнасць. Барані божа чым-небудзь выдаць сябе: рабіце ўсё так, каб ніякая вестка не пранікла ў левыя газеты, а тым болей — за граніцу!
— Будзе выканана, ваша экселенцыя!
— Я са свайго боку падтрымаю вас таксама. Папрашу прэзідэнта, каб узнагародзіў гэтага хлопа яшчэ раз. Еніскап Ялбжыхоўскі ў тыя вёскі, дзе праваслаўе найбольш пахіснулася, пашле «Жывыя Ружанцы» — гэтых гарачых сэрцаў у нас дзесяткі тысяч, і ўсе яны прагныя да дзеяння ва славу Хрыста! Духоўныя па прыходах атрымаюць інструкцыі, як тлумачыць з амбона грыбоўшчынскае цячэнне! Больш ласкі гэтаму мужыку! Запрасіце яго, пане староста, на імяніны жонкі ці дачкі, а то проста — на абед!
— Так ест, ваша экселенцыя!
— Але ж і характар!.. Самародак!.. Не перашкаджаць гэтаму дзікаму зубру, панове, дань яму развярнуцца! Калі б такога прарока на Крэсах Усходніх не было — яго варта было б выдумаць нам з вамі!.. Няхай бушуе!.. Няхай робіць што хоча!.. А цяпер — з богам!
Ваявода са старостам, кажуць, проста са сталіцы прыкацілі ў Саколку ды ўзяліся дзейнічадь.
Неўзабаве да трупярні заехала вайсковая машына. Захутанае ў мешкавіну цела беднага Юзіка сышчыкі з тайнай паліцыі заладавалі ў зялёны кузаў ды некуды павезлі.
Абодва следчыя, якія вялі справу, атрымалі накіраванне на работу ў іншыя паветы.
Перавялі ў Ялоўку і начальніка крынкаўскага пастарунка, тоўстага пана Клявітара.
Паліцыя атрымала загад — арыштоўваць тых, хто хоць словам абразіць Альяша, і панскія служкі прыступілі да справы.
На ўсялякі выпадак ваявода са старостам адправіліся шчэ да солтыса ў Грыбоўшчыну, каб прыгледзецца на месцы, ці не можна дапамагчы прароку ў чым-небудзь яшчэ.
У свой час царкву прарок перадаў на баланс крынкаўскаму протаіерэю, айцу Савічу. Толькі Альяш нездарма быў селянінам. З-за горкага вопыту многіх пакаленняў і ў ім сядзеў адвечны мужыцкі страх перад кожным падпісаным дакументам. А ўжо тая папера, па якой ён, перад пастрыжэннем у манахі, непрадбачліва надрапаў сваё прозвішча і ўручыў бацюшку Савічу, не давала яму спакою.
Калі ў нядзелю яго вартаўнік дакладваў, што едзе нейкі свяшчэннік служыць літургію, Клімовіч насцярожана пытаўся ў свайго Фэлюся Станкевіча:
— А з якого боку?
— З Вострава, айцец Альяш! Прарок адразу рабіўся адважным.
— О-о, Якаў падлізвацца прэцца?.. Зноў жарабца гэтаго прэ сюды?.. Пакажы яму фігу — самі службу адправім! На святыя мігды,— скажы яму,— што бываюць нігды, купіць мо мяне!
Затое калі бацюшка ехаў з Крынак, Альяш ключ пакорна з халявы вымаў.
— На, адкрывай! Савіч хай покуль што служыць. Мо дакумент выдзяру ў яго як-небудзь, не трэ клявіць гэтаго кудлатаго. Калі папера будзе ў мяне, хай пацалуе тады дзесь!..
Вярнуўшыся з Саколкі, начальнікі зараз жа выклікалі павятовага суддзю:
— Акт перадачы грыбоўшчынскай царквы ліквідаваць! Паперку Клімовічу вярнуць!