Вершалінскі рай - Страница 67


К оглавлению

67

Альяш павярнуўся на лаўцы і накрычаў на фанатыкаў:

— Калі вас сюды ўпусцілі, стойце ды маўчыце, бо не пагляджу, што здалёк,— выганю!

У зале запанаваў снакой.

— На трэці дзень, брацця і сёстры,— загаварыў Давідзюк,— бог утварыў для вады ўмясцілішчы і ў некаторых месцах адкрыў твар зямны. Як гэта гасподзь зрабіў і чаму?.. Ён падумаў, што для вады неабходны вялізныя і глыбокія лажбіны, бо ваду інакш не ўтрымаеш — разальецца! З дошак іх парабіць? Не, дарагія, столькі дошак не напасешса!

— I не вечныя яны! — падказалі з лавак.

— Верно! I ў госпада было адно выйсце — чашы такія выляпіць з зямлі, днішчы выслаць глінай, каб вада не перайшла ў землю, а па краях чашаў для трываласці паставіць горныя аграмадзіны. I парабіў ён зямныя чашы, і ўзняў горы. Умясцілішчы, якія такім чынам атрымаліся, гасподзь бог напоўніў вадою. «I нарэчэ бог тую сушу зямлёю і сабранне вод нарэчэ морам!..»

Покуль Давідзюк клаў на падстаўку акаваную жалезам Біблію, покуль здымаў акуляры і праціраў іх кончыкам рукава кашулі, нейкі дзядзька ўставіў смялей:

— О! Горы е высокія!.. Мы, як былі ў бежанстве за Армавірам, то наглядзеліса ўдосталь! Часамі, як глянеш у поле пры добрым надвор'і — вышэй аблокаў тырчаць, а пачнеш ісці, то будзеш дзень, два плясціса, а — ніц не бліжэй да іх, горы гэтак жа будуць маячыць перад табой і дражніцца!.. I стро-омыя, халера!

Хімцы надта захацелася дабавіць пра тое, што яна чула ад цёткі Кірыліхі:

«А страшаўскія бежанцы, якія лазілі на Каўказскія вяршыні, надто дзівіліса, што там нічого няма. Ні хат, ні кустоў, ні быдла нават... На кожнай гары, на самым яе версе, вісіць толькі іконка Журовіцкай божай маці на грушы або Заблудаўскаго дзіцяці ды гарыць сабе лампада!..»

Але ж нягожа ўвязвацца ў гутарку мужчын. Дый у цёткі быў клопат свой.

У жывым, бы з расплаўленага золата, густым частаколе свечак адзін тоненькі дубчык раптам пачаў чагосьці хіліцца, а пасярэдзіне ў яго выперла каленца.

— Госпадзі, даруй мне, разяве!

Цётка палахліва выняла крывы дубчык з сярэбранага патрончыка, каленца падставіла пад агонь, дубчык распалавініла і ўставіла ўжо два.

Нейкі чалавек хацеў памянуць дзве душы, не хапіла яму, мабыць, грошай, і ўзяў свечку адну. Толькі ўсявышні справядлівы, дзе ж ты яго ашукаеш!..

— Дыхайце!.. Квітнейце сабе!.. Радуйцеса!..— прашаптала яна набожна.

З жаласці да новых кволых агеньчыкаў, з замілаваннем да сябе, што яна гэткая чулая ды справядлівая і ўсё разумее, у цёткі выступілі слёзы.

Праз некалькі секунд Хімка слухала апостала зноў.

— Такім чынам, калі суш паказалася? — замацоўваў Давідзюк свой урок.

— Ужэ на трэці дзень! — разам з іншымі прашаптала і наша цётка.

— Правільно! — падбадзёрыў прапаведнік.— Шчэ ні ў паветры, ні ў вадзе не было жывых істот, а суш у гэты дзень пачала выдаваць з сябе цуды. З грубай, шэрай, з зярністай, як шрот, зямлі, са звычайнага пяску, са жвіру і скал стала вылазіць дзіва — расліны!.. З ілу, з гліны пачало выпіраць, праз каменні сталі прабівацца на свет божы далікатныя кветачкі! Сталі расці, буяць рознаго сорту травы і збажына...

— Ляксандар, Лякса-андар, ты ж не спяшы! — запыніў прапаведніка шчыра зацікаўлены Ломнік.— А праўду гавораць, што вады на зямлі болей?

У зале закрычалі на Ломніка з абурэннем — бытта на хулігана, які сказаў глупства. Аднак галоўны апостал ад свайго не адступіў і вінавата пацвердзіў:

— Гэта — праўда, брацця і сёстры. Вады — дзве трэці, а сушы — толькі адна.

Стары Майсак надта ўзрадаваўся, што надарыўся выпадак і яму ўставіць слова:

— О! Калісь мы з Ляксандрам егдзілі ў Канаду пілаваць лес, то цэлых два тыдні плылі караблём да той Амерыкі, памятаеш, Волесь?.. Вада аж абрыдла нам!.. I салё-оная, салё-оная, у рот не ўзяць!.. Яе нават на кухню карабельную не бяруць! Для ежы возяць з сабой у сталёвых засеках з сушы!.. Мутнаватая, жалезам смярдзіць, а — што зробіш, марская шчэ горш!

— А ў вайну з японцам нас пад Мукдэн перлі морам тыдняў з пяць! — закрычаў з цемры другі дзед.— Ужэ і верыць перасталі, што да берага калі-небудзь прыб'емса! Толькі ляжалі ў трумах ды маліліса — пра вайну нават забылі думаць!

— Во, во! — падхапіў Давідзюк.— А чаму на зямлі так много вады?.. От тут, браты мае, і праяўляецца бязмерная мудрасць тварца. Акіяны і моры служаць жыллём для вялізнай колькасці вадзяных пачвар — розных кітоў, рыбаў, ракаў і русалак. Разам з гэтым служаць і запасовым вадасховішчам для палівання і арашэння зямлі. Ведаеце, як расліны любяць ваду, як много ссуць яе сваімі карэнцамі! Бытто тую кроў па жылах гарачых, ганяюць вадкасць па ўсяму ствалу, па галінках і лісточках і набіраюццо сілы!..

— О-о, вада сілу мае! Без яе жыць нічого не можа, гэто — факт! — пацвердзіў Майсак.

— А соль? — убіўся ў размову нейкі плянтавец.— Паспрабуй паеш несалёнае — і ты не работнік! Ад яе расце ўсё як файно, калі пасыпаць па полі, і ні адзін чарвяк не завядзецца, муха не сядзе ў мясе!.. А пастаў кубак з вадой на стол, насып у яе солі жменю са снегам, памяшай — кубак да стала прымерзне!

— I соль, вядомо, сілу мае, але колькі яе? — разважыў Давідзюк.— Людзі бяруць соль як лякарство, ісцінно вам кажу! Без вады ж не могуць пітацца расліны, а нас абкружае аграмадная колькасць раслін і раслінак, кустоў ды кусцікаў, дрэў вялікіх, сярэдніх і маленькіх...

Валыняне ледзь сябе стрымлівалі ад абурэння. Ход іхніх разважанняў прыкладна быў такі: калі нейкі лысы здыхля гэтак цікава гаворыць, як жа тады гаварыў бы сам прарок, як прыемна было б слухаць яго? Чаму гэты нахабнік не дае слова Альяшу, што гэта робіцца?!

67