Вершалінскі рай - Страница 63


К оглавлению

63

Раптам Мірон адчуў нейкую трывогу. Як праз сон, даляцела да яго ўсхвалёваная гаворка чужых:

— Рогусь!.. Святы Мікалай!.. Цар!..— крычаў з-за плота нейкі ўсхваляваны хлапец ды так узрадавана, бытта гэтага моманту чакаў тут усё жыццё.

— I я кажу — ён! — дадаў другі.

— Яго я ведаю як аблупленага!

— Едзе ўжо баб дурыць!..— кінуў трэці.

— Давайце правучым!.. Забягай, забягай напярод!..— камандаваў першы.— Хапай хутчэй каня за цуглі, а то ўцячэ, як мінулы раз!

Рэгіс устрапянуўся, бы ўджалены, і адразу працверазеў.

— Паганяй! — гыркнуў ён фурману.

Мірон апрытомнеў таксама і адразу зразумеў, што можа ўляцець і яму. Фурман скочыў на калені, сцебануў каня лейцамі — раз! другі!..

З брамак вынырнулі сабакі і пакаціліся каню пад ногі. Уздагон паляцела каменне. Раззлаваныя хлопцы нешта крычалі, але нельга было разабраць слоў — так сакаталі па бруку жалезныя шыны колаў.

Апынуліся яны далёка за вёскай. Конь змакрэў да таго, што з гнядога зрабіўся вараным, з-пад шлеяў адрываліся шматкі пены і шлёпаліся ў каляіну. Мікалай выкінуў з саломы каменюкі ды праверыў, ці не разбілі ікону. Паціраючы гуз на галаве, паскардзіўся:

— Пячэ-э, зараза, як!.. Добро, што шапка была на башцэ, а то — амба! Чорт, зусім забыўся, і ў Каўнянах поўна камуністаў!.. Ловяць іх, саджаюць, а яны — сваё!.. От, фанатыкі!.. А ты яшчэ шкадуеш, дзівак!.. Ого, не штрафуй, не карай іх толькі!..

Супакоіўшыся крыху, Рэгіс успомніў:

— От быў раз фокус, Мірон. Слухай! Адправіліся мы гэтак удвух з Ломнікам у Забагоннікі. Ломнік паклаў пучок крапівы за сябе ў палукашак. «На дурняў!»— кажа. Я перапытаў, на якіх, але ён гэтакі маламоўны — не стаў тлумачыць. Уехалі мы ў Меляшкі, глянуў я перад сябе, і стала мне моташна: з кіямі нас чакалі цэлай гурбой хлопцы, а воз табе не ровар, адразу не завернеш!.. Азіраюся, а мой Ломнік бярэ з палукашка крапіву, нюхае, нібы мяту, і так сабе спакойна да мяне гаворыць: «Ах, як пахне!.. Ну ж і па-ахне!..» I што ты думаеш?.. Покуль хлопцы з разяўленымі ратамі дзівіліся, навошта ён гэта робіць, мы праехалі скрозь іхнюю кампанію, а тады — па кані ды драла!.. У цырку такое табе не пакажуць!


8.

Без прыгод ужо падвода падкаціла да Семяненкаў. З бліжэйшых агародаў убачылі іх бабы, з енкам і крыкам паляцелі наперарэз фурманцы.

— Адно не смейся, глядзі ж ты! — напомніў Мірону ўмову Мікалай, папраўляючы на сабе вопратку.— I ўважай, каб ікону бязмозглыя дурніцы не раздавілі!

— Я іх пугай!..

— Не вельмі дапаможа!.. Зараз пабачыш тут такое, што — ахнеш!..

Праз хвіліну, і праўда, бабы абляпілі воз, палезлі цалаваць Мікалаю рукі і пінжак.

Уехалі яны ў вёску, і фурманка спынілася каля хаты ўдавы. У момант расчыніліся вароты.

Мірон завярнуў на падворак.

Абмінаючы аслізлае карытца, у якім карміліся гусі, фурман накіраваў пад хлеў і стаў выпрагаць каня, пазіраючы, што ж з гэтага далей будзе.

Рэгіс вывалак асцярожна з саломы ікону, набожна перахрысціўся ды пару разоў хмыкнуў — прачысціў горла, паспрабаваў голас. Маладзіца спрытна разаслала ад воза да парога звоец палатна, яе сяброўкі бухнулі на калені, а чорнабароды махляр, урачыста ступаючы па кужалі, панёс Журовіцкую мацер божую ў хату.

Мірон уладзіў у хляве каня, даў яму торбу з аброкам. Не было чаго рабіць далей, таму ён сеў на задок ды пачаў назіраць.

На падворку аб нечым згаворваліся, адна адной раілі, мітусіліся ды галасілі, як на пажары, бабы. З хаты даносіліся ўжо спевы і маленне. Спявалі там і маліліся зладжана, хораша, зычнымі і маладымі галасамі, бы ў грыбоўшчынскай царкве. Скрозь гэты хор грымеў замагільны бас, і вазніца сабе ўяўляў, як там дрыжаць шыбы.

Чалавек пранікся да свайго пасажыра насцярожанай пашанай — ты глядзі, які дзелавы ды вёрткі, бы вуж! Ці дано такое чалавеку ад нараджэння, ці проста пусціцца ён у такую шкуру? — стараўся Кастэцкі зразумець.

Прыйшлі клікаць на вячэру.

У вялікай хаце яшчэ гучалі псалмы і тропары, а Мікалай у баковачцы ўжо чакаў Мірона. Бліскаючы пацеркамі белых зубоў, распрамянёная ад шчасця курносая маладзіца ў вышыванай кофце стала падавапь ім пачастунак, наліваць чаркі і ад Мікалая не адводзіла зачараваных і адданых вачэй.

За вячэрай Мірон добра выпіў, таму не памятаў нават, як давалокся да хлява, як уладкаваўся на возе. Прачнуўся позняй раніцай, добра адпачыўшы. Яму не трэба было нікуды спяшацца. Каля яго кудахталі куры, рохкалі, чыхалі ад пылу свінні, звэнгалі гусі.

— А што робіць мой гняды? — прыпадняў Мірон галаву.

Здзіўлены, што да гэтай пары нікому ён не патрэбен, конь адстаўляў то адну, то другую нагу і пярэднімі зубамі ляніва шкрабаў карыта. Дом удавы па-ранейшаму звінеў ад псалмаў і малення. Там цяпер бушавалі бабы з суседніх вёсак.

Паснедаўшы і напаіўшы каня, вазніца падкінуў у карыта травы ды заваліўся на салому высыпацца на ўсё лета, а каб мець свежае паветра, пакінуў дзверы хлява прыадчыненымі.

Скрозь дрымоту Мірон чуў, як на падворку счапіліся з-за нечага дзве цёткі, як пачалі тузаць адна адну за каўтуны, як іх развалакалі. Потым з пугай уляцеў на падворак нечы мужык, высцябаў сваю жонку і папёр да работы.

У абодвух выпадках бабы прыціхлі толькі на хвіліну і неўзабаве зноў бегалі ды галасілі. Ноччу ўзнялі танцы і грукацелі падлогай, як на вяселлі.

Паступова Мірона агарнуў глыбокі сон.


9.

Гасцей з Семяненкаў адпусцілі толькі аж на трэці дзень к абеду.

Мірон выкаціў фурманку на падворак. Курносая маладзіца ў вышыванай кофце стаяла на парозе і румзала, а з Мікалаем развітваліся іншыя бабы — кланяліся яму і абцалоўвалі Рэгіса ад пят да галавы.

63