Нарэшце Мікалаю далі спакой.
З суседняй хаты цётка прыперла свежы звоец ды разаслала істужку суровага кужалю па забруджанай гусіным памётам мураве. Рэгіс, пакідаючы сляды падэшваў на палатне, пакрочыў зноў па кужалі з іконай да воза, загарнуў абраз у прасціну ды сунуў яго ў салому.
Жанчыны павалаклі свайму богу падарункі — новыя кажухі, воўну, вэнджаныя каўбасы, дываны, лён. Кідалі на воз звязаных гусей, качак.
Паклалі вузялок з грашыма...
Знямоглы, стомлены ды схуднелы Рэгіс уваліўся бокам у воз, шапнуў фурману:
— Пры каня!
Фурманка адарвалася ад енку і апынулася за вёскай. Мікалай уладкаваўся лепей на мяшку ды ўздыхнуў, бытта пасля цяжкой работы. Затым пачаў грэбацца ў трафеях.
— На табе кажух на памяць! — прапанаваў Мірону.
У вачах селяніна з'явіўся жах. Да дзячка вяртаўся гумар:
— Ха-ха-ха-ха! От, лапух вясковы!.. Падумай, ну што з табой кепскага здарылася б, калі б і ўзяў адзін? Паглядзі, колькі іх у мяне...
У гэты час курыца, якая ляжала ля іхніх ног, набрудзіла Мікалаю на чаравік. Дзячок хапіў яе за крылы, шпурнуў у поле:
— Паску-уда!
Чубатка са звязанымі нагамі хвіліну бездапаможна білася крыламі на полі, затым павалілася, знясіленая, на бок.
Мірону стала яе шкода:
— Каршун задзярэ тут або ліса схопіць у адкрытым полі!.. Бабы ж дарылі яе вам!.. Цэлых два злотых далі б за яе цётцы ў Крынках...
— А чаго яна пэцкаецца?!
Рэгіс развязаў вузел — там было дзвесце дзесяць злотых.
— Адразу дзве твае каровы, бачыш?! — паказаў ён.— А дабра унь яшчэ колькі!.. За адзін такі дублёны кажух Піня пятнаццаць злотых адваліць, як думаеш?.. Упаўне!.. А іх тут — раз, два, тры, чатыры, аж — пяць!.. I гускі па чатыры злотых за штуку, качкі — па два!.. Лёну колькі!.. Ведаеш, Пінкус ваш лён адпраўляе за чыстае золата ў Англію, у Белфаст!.. Воўну Піня забярэ таксама... Дываны — барахло, нікому не патрэбныя, у мяне іх цэлая гара сабралася!.. Адным словам, за ўсё — яшчэ сотні тры!.. Ды дзвесце гатоўкі, разам — паўтысячы! I толькі за трое сутак!.. Во, як трэба жыць на свеце, разумееш?!.
Мірон падумаў, што дзяк пераплюнуў нават крынкаўскага гандляра, але сказаць не адважыўся.
У цішы спякотнага дня Мікалай фурмана павучаў далей:
— Вас, дзермаедаў, душыць трэба яшчэ пакаленняў з чатыры, покуль чаму-небудзь навучыцеся! Ты глядзі, колькі я людзям дабра зрабіў за тры дні!.. Думаеш, цёткі не разумеюць, што ўсё — мана? Успамінаючы мяне, п'янага, зараз не адна семяненкаўская баба кляне сябе апошнімі словамі і прыгаворвае: «Прыехаў, махляр стары, каб налізацца, а я, дурніца, і растапырыласа!..» Аднак зараз жа пра гэта забудзе! Бо я даў магчымасць разладавацца іхняй фантазіі і суму. Столькі ўдоў развялося пасля вайны!.. I вось цёткі памаліліся, паплакалі, паспявалі, патанцавалі, паказалі самі сабе, якія яны галасістыя, гасцінныя, добрыя ды клапатлівыя — бабе неабходна паказацца, як яна ўмее дагляджаць... Адным словам, адвялі душу!
— Адвялі-і, яшэ і я-ак!— усміхнуўся, паківаў галавой Мірон.
— О! I ты чуў, як падлога хадуном хадзіла, што вычаўплялі там?! — узрадаваўся Мікалай.— Каб ты бачыў, што было яшчэ ноччу!.. Засынаю з адной, прачынаюея, а пад бокам — ужо другая! Кожная ласкавая, спрагнёная!..
Мікалай увесь увайшоў ва ўспаміны і закруціў галавой.
— Яны плацілі мне за тое, што мець хацелі, і мы — квіты!.. О! Кавалі зноў!.. Чорт вазьмі, Мірон, ледзь не праваронілі!.. Аб'язджай, аб'язджай за гумнамі, няхай іх халера, фанатыкаў гэтых!.. Эх, паліцыі нідзе не відаць!.. Развялі яе столькі, панасаджалі пастарункаў амаль у кожнай вёсцы, а калі трэба, гэтых дармаедаў у бліскучых ботах і са свечкай не знайсці!.. З'язджай з дарогі, кажу табе!
— Грэчка тут узышла, патопчам!
— А-а, рука ў цябе не паднімаецца на яе!.. Хале-ера яе бяры, тваю грэчку, праедзем, покуль заўважаць гаспадары!.. Дай лейцы!.. Но-о, гнеды!..
Калі конь, набіраючы разгон, таропка залапатаў усімі капытамі па кволых лісточках, а колы бязлітасна ўрэзаліся ў пухкую, яшчэ не зляжалую, раллю, у Мірона ад жаху пацямнела ў вачах.
— Што, шкада-а? — пакпіў дзячок.— Цьфу, мужык — мужыком, хоць трэсні на лбу абухом!
Мінулі небяспечнае месца, і Рэгіс вярнуўся да ранейшай тэмы:
— Ве-ершык пра мяне напісалі!.. Хэ-гэ!.. Думаеш, камуністы што-небудзь зробяць нам? Чорта лысага! Перад рэвалюцыяй давалі жызні і Распуцін, і Кранштацкі, і Бесарабскі Інакенцій, і чорт, і д'ябал!.. У часы іхняга Маркса на ўсю Еўропу грымеў Лурд у Францыі!.. Гм, яны ім лекцыю па вёсачках чытаюць пра тое, што душа памірае разам з целам, сонечнае зацьменне бывае ад таго, а вялікдзень не праваслаў-нае свята, а — дрэўнеіудзейскае ды язычаскае. Дзядзькі, цёткі лектараў ветліва выслухаюць, з імі згодзяцца, а ў Грыбава да Альяша ці Рэгіса імкнуцтіа не перастануць, бо іх ніякай сілай не адарваць ад веры ў цуд, які патрэбен ім, бы хлеб! Праўду я кажу?
— То быў і я на такой лекцыі,— згадзіўся Мірон.— Студэнт з Вільні прыягджаў у Плянты. Пра звёзды, месяц вечарам гаварыў. I надто цікаво... Але спаць, халера на яго, кланіло вельмі. А ў даркве не заснеш, ого!.. Службу там пачынаюць зранку, калі чалавек яшчэ не спрацаваны...
— Не толькі таму!.. Ат, каму ўсё гэта я гавару, хіба ты, лапух, такія тонкасці можаш зразумець?! Табе, прыроджанаму нявольніку, свабода — што крылы той курыцы, якая на полі засталася,— ні к чаму!..
Мірон прамаўчаў. Ён самакрытычна прызнаваў у сабе невучонасць. I Рэгіса баяўся ды паважаў за тую незразумелую сілу — бы ў вусатай знахаркі з Плянтаў. якая кіне на цябе вокам і адразу скажа, дзе баліць. Недарма, мабыць, трацілі гэтак бабы галовы!.. Трэба валодаць чарамі ці нейкім прыцяжэннем, каб за пару гадзін сабраць на вёсцы такое вяселле, каб збегліся, як да царквы на фэст. Што ж, спевакамі ў Ісакійскі сабор звычайных людзей не бралі, туды прыходзілі маліцца сам цар з царыцай. Аднак, каб фурману давалі мяшок грошай, жыць так ён не згадзіўся б.