— Як ты так можаш!.. Пад адным Хэлмнам палякі разбурылі нам паўтысячы храмаў!.. З іншых цэркваў павыносілі бацюшак і пакідалі ў сметнікі!.. Ужо і ў Гродне тры царквы пайшлі на злом!.. Прыхаджане не даюць мне праходу, вытыкаюць імі, а праваслаўны мітрапаліт спакойна пра гэта разважае!
Дзіянісій энергічна стукнуў інкруставаным посахам у персідскі дыван:
— Каго ты, Сяргей Іванавіч, папракаеш у недахопе адданасці да святой царквы?! Свяшчэннік Смарагд, страляючы ў айца Георгія, царства яму нябеснае, цэліў і ў мяне, і я толькі цудам уратаваўся тады ад кулі раскольніка!.. Між іншым, а чаго гэты поп дабіўся?.. Азлобіў урад і насцярожыў прыхільных нам сяброў-палякаў. Потым трэба бы-ло пакласці столькі старанняў, каб насцярожанасць развеяць!
— Так. што, па-твойму, паддацца ім?! — выбухнуў Антоній.— Сёння палякі палец адхапілі, заўтра — паадсякаюць нам і голавы!
— Не ўпадай у крайнасці! Трэба і нам паводзіць сябе разумна. Увайдзі, Сяргей Іванавіч, у душы і палякам! Паўтараста гадоў былі яны ў няволі, і касцёл цярпеў ціск ад нашых губернатараў ды архірэяў! Тыя дяцьсот цэркваў былі ў свой час пераробленыя ўніятамі з касцёлаў, католікі проста вярнулі сваё!.. У Гродне разбурылі царкву, пабудаваную ў памяць Мураўёва, таму не дзіва, што яе і разбурылі!.. I гісторыю сабора, з якога зрабілі касцёл, ведаеш дасканала — ён у свой час быў нашымі перароблены з касцёла, пабудавана-га яшчэ князем Вітаўтам у падарунак сваёй жонцы!..
Крыху астылы Антоній уздыхнуў:
— Ага, прызнаеш і сам!.. Цёмныя мужыкі няхай гэтага не разумеюць, але мы павінны глядзець праўдзе ў вочы! Пры ўсім пры тым свяцільнікі нашай веры — праваслаўныя храмы — у асноўным стаяць непарушна! Свяшчэннікаў Хэлмшчыны на работу я ўладкаваў!.. Такім чынам, нашае ядро захавалася непарушным! Цяжкія дні перажываем, дарагі сябра, што зробіш!.. Цяжкія.
Мітрапаліт быў яшчэ і рэктарам духоўнай акадэміі. Пахаджваючы, як перад студэнтамі, трымаў ён прамову зноў:
— Бачылі мы ўсякае!.. Наша царква перацярпела татарскае іга. Перажылі мы, дзякуй богу, без вялікіх страт і ганенне Пятра Першага. А чаму? Бо не давала ўладзе царква прычыны для непакою палітычнага характару! Пара нам урэшце вучыцца на прыкладах гісторыі! Пілсудскі нам перашкаджае, бо загадаў польскую мову ўвесці. Цэзар Юліян быў няверуючым, аднак салдаты-хрысціяне ахвотна служылі ў яго арміі! Калі патрабаваў ад іх малітвы язычаскім балванам, яны выбіралі бога, аднак, калі загадваў ім — у атаку! — адразу былі яму паслухмяныя!..
Упарты мітрапаліт Нікан хіба лепш зрабіў, што супраціў-ляўся Аляксею Міхайлавічу?.. Цар-бацюшка ўсё роўна яго зламаў і свабоду царквы разбурыў. Дзвесце гадоў потым праваслаўе не магло падняцца на ногі...
Савецкая Расія вось-вось рассыплецца. Перад намі тады стануць грандыёзныя задачы, якіх не спатыкала аўтакефаль-ная царква з часоў Кірыла і Мефодзія! Трэба дачакацца святога дня ўваскрасення праваслаўя поўнымі сілы і энергіі! У імя гэтага я не маю права рызыкаваць ядром добра сыгранага апарата дзеля ўратавання адзінкі, нават — мне блізкай і дарагой! Прабач, Сяргей Іванавіч, але і ты на маім месцы зрабіў бы гэтаксама. Тым больш што твае ворагі сведкаў падрыхтавалі надзейных!
— Што праўда, то праўда, падрыхтава-алі!.. — усміхнуўся госць з горкім сарказмам. Зусім зламаны Антоній праз хвіліну ўзмаліўся:—Што за езуіцтва, Аляксей Мікалаевіч!.. Які з мяне гомасексуаліст, падумай толькі, што за абсурд!.. Я — стары чалавек!..
— Разумею цябе, дарагі! Прысядзь, калі ласка!.. О! Сюды і слухай!.. Цярпі, скора настане наш час. У Расіі страшэнны голад — духоўны і маральны. Там стаміліся, нас чакаючы! Калі цябе стануць зноў у Піцеры насіць на руках, павер, не будзе мець значэння, што палякі табе аднойчы падставілі ножку і быў ты некалькі месяцаў ў загоне! Наадварот, тваёй біяграфіі такая дэталь надасць пікантнасці!..
Гаспадар і сам апусціўся на мітрапаліцкае крэсла ды ўгаворваў ужо сябра, нібы паслухмянага пакорлівага школьніка:
— Покуль што, Сяргей Іванавіч, паедзеш у Пачаева. Хацеў цябе паслаць у Журовіцкі манастыр на адпачынак. Там вельмі рамантычнае месца, цудоўная манастырская пасека, чаплі гняздзяцца над возерам ля сабора... Эдэмскі куточак!.. Але віленскі «біскуп» еў бы цябе поедам і там, а ты чалавек гарачы, клюнеш на правакацыю раз-два. Пабудзь далей ад граха. Пасядзі покуль што ў Пачаеве, зводдаль ад Ялбжыхоўскага, ці-шэй вады, ніжэй травы, я ж буду пра цябе заўсёды памятаць і маліцца... Што зробіш, кожная ўлада даецца нам ад усявышняга!..— уздыхнуў мітрапаліт, думаючы ўжо пра другое.
...Цяпер архірэем Гродзенскай епархіі стаў айцец Савва. Новы епіскап пачаў раз'язджаць на тым самым «хрыстлеры» з тонкімі, нібы аблітымі смятанай, спіцамі, але дарогу ў Грыбоўшчыну свайму шафёру загадаў назаўсёды забыць.
Акордам да легенды пра разгром духавенства альяшоўца-мі прагучала ў нашай хаце апавяданне Хімкі.
Цётка з'явілаея ў Страшаве, каб даведацца, ці не прыйшло ад дзяцей пісьмо. Збегліся суседкі, засыпалі Хімку пытаннямі, адно гаварыць яна не вельмі спяшалася. Поўная шчодрай дабраты, унутранага здавальнення і радасці, наша цётка сядзела на лаве з заціснутай моцна ў кулаку ўсё той жа карункавай хусцінкай ды таямніча ўсміхалася.
Хімку ўвогуле нельга было пазнаць! Некуды падзяваліся згорбленасць і гатоўнасць усім паслужыць. Яна сядзела з пачуццём уласнай годнасці, твар і рукі зрабіліся ў яе белымі, нібы ўвесь свой век жыла яна ў горадзе і ў дастатку. Нават адзенне на ёй было ахайнае і адпрасаванае.
— А-а, паявіласа-такі? — увайшоў у хату бацька.— Ну, здраствуй!.. То і ты, кажуць, праславіласа ў вайне з кудламі?! — не без гонару заўважыў ён, дараваўшы ўжо сястры нават тое, што яна вазіла прэзідэнту кужаль.— Малайчы-ына!.. Я з панамі ваюю, а ты — з папамі ды архірэямі! Ото ж узяліса мы з табой парадкі наводзіць! А-а, і не ведаў, і не думаў, што такая ты ў нас нарадзіласа заядлая!