Вершалінскі рай - Страница 53


К оглавлению

53

Уладыка Антоній быў чалавекам рашучым, нават крутога нораву, таму сабраныя ў зале ўгіналіся, хавалі вочы — кожны баяўся, каб уладыка яго не крануў.

— Вы супакойвалі мяне, што «прарок» — лакальная з'ява!.. Хіба адтаго, што прамаўчым, закрыем на яе вочы, не стане праблемы?! Так толькі могуць дзейнічаць платныя слугі, якім няма справы да поспеху нашай місіі!.. Я навяду ў сваёй епархіі парадак!.. I вас працаваць прымушу!..

Да Альяша ў наступны дзень памчалі кансісторскія паны ў капелюшах. Толькі Клімовіч да іх нават не выйшаў.

Тады архірэй выклікаў з Крынак бацюшку Савіча. Адводзячы ад протаіерэя вочы, саромеючыся аголенага ў сваіх словах намеру, уладыка Антоній заявіў:

— У святой царквы павінны быць у Грыбаве свае вушы. Падбярыце там бабак, якія за плату згодзяцца дакладваць пра кожны крок Альяша. На грошы не скупіцца!

...Хто ведае, што яшчэ прыдумаў бы ініцыятыўны архірэй Гродзенскай епархіі, каб абмежаваць уплыў грыбоўшчынскіх мужыкоў на праваслаўных прыхаджан і іх прыручыць, калі б далі размахнуцца.

Сам таго не разумеючы, дзядзька Альяш даўно стаў аб'ектам, з-за якога ішла барацьба паміж каталіцызмам і праваслаўем. За дзейнасцю Антонія з насцярожанай увагай сачыў віленскі каталіцкі епіскап — Рамуальд Ялбжыхоўскі. За плячыма віднага каталіцкага дзеяча і ўплывовага чалавека стаяла магутная арганізацыя з тысячагадовым вопытам барацьбы з ідэйнымі праціўнікамі.

Калі стала відочна, што гродзенскі ўладыка становіцца папярок дарогі каталіцкім вярхам, «біскуп» націснуў адпаведны гузічак, і добра наладжаны механізм адразу здзейнічаў.

У каталіцкай газеце нечакана для ўсіх, з'явіўся хлёсткі фельетон аб непрыстойных паводзінах архірэя Гродзенскай епархіі. Са спасылкай на шматлікіх сведак, з пералікам пікантных падрабязнасцей, журналісты размалявалі епіскапа Антонія гомасексуалістам.


3.

Зганьбаваны ўладыка сеў у свой «хрыстлер» і памчаў у Варшаву. Па дарозе ў польскую сталіцу Антонію было пра што думаць. Ён аж кіпеў ад абурэння і ні на момант не сумняваўся, што мітрапаліт яго абароніць. Іначай і быць не магло!

Грыбоўшчынская абшчына знаходзілася пад кантролем кансісторыі ўсяго пару месяцаў, а ў цэлай епархіі вырашыліся адразу ўсе эканамічныя праблемы. Гэта не нова! Некалі за ахвяры паломнікаў да іконкі маці божай на грушы пад Слонімам быў пабудаваны Успенскі сабор у Журовічах ды яшчэ тры храмы, а журовічскія епіскапы валодалі такой маёмасцю, што па багаццю маглі пацягацца з Хадкевічамі, Сапегамі ды Радзівіламі!..

Неабходна толькі знайсці ключы да грыбоўшчынскай стыхіі і падпарадкаваць мужыка Клімовіча з яго кампаніяй. I не паддавацца католікам! Таксама і на Журовічы касцёл потым наклаў лапу!.. У 1726 г. рашэннем папскай капітулы Журовіц-кая маці божая на грушы была каранавана. У свой час нават праваслаўнага младзенца Гаўрыіла з Заблудава католікі нахаб-на сабе прысвоілі і трымалі гадоў сто!.. Няўжо паддацца, каб яны і Клімовіча перацягнулі на свой бок?! Мітрапаліт Дзіянісій напэўна дапаможа!..

Прыбыўшы ў прадмесце польскай сталіцы, Прагу, машына ўладыкі накіравалася на вуліцу Зігмунтоўскую да царквы святой Магдалены, дзе памяшчалася дыяцэзія. З-за сваіх заслуг Антоній без даклада ўварваўся да галавы праваслаўнай царквы ў Польшчы:

— Ваша высокапрасвяшчэнства, зноў козні католікаў! Я цярпеў, але болей не магу!..

Мажны і энергічны мужчына з малочна-белай мітрай на галаве і посахам у руках як бы даўно чакаў госця з Гродна. Мітрапаліт адразу стаў яго папракаць:

— Што вы нарабілі!.. Я вас, Сяргей Іванавіч, папярэджваў — не задзірайцеся! Папярэджваў, калі вы да мяне прыязджалі, наказваў праз давераных!.. Я маліў вас адумацца, умерыць сваю энергіго, калі заязджаў у Гродна!..

Мітраналіт спахапіўся, што гаворыць неасцярожна, і загадаў свайму калейніку-манаху прасачыць, каб ніхто іх не падслухаў з прыёмнай. Тады саноўнік перайшоў на свецкі тон.

— З кім ты, Сяргей Іванавіч, ваяваць уздумаў?.. Нават бабак падкупіў у нейкай там вёсачцы!..

— А-а, праінфармавалі ўжо! — сумеўся архірэй ды выбухнуў: — У мяне ўсе прыходы аголеныя з-за гэтага мужыка! Я вымушаны штосьці рабіць!..

Пастукваючы посахам, гаспадар захадзіў па пакоі:

— Бачыш, як справу палякі арганізавалі!.. Зразумей, Сяргей Іванавіч, у той вёсачцы — усяго адчайная спроба ўратавання вясковых традыцый, нарушэнне якіх для адсталых і прымітыўных сялян — раўназначна канцу свету. Мужыкі з вартай лепшага прымянення ўпартасцю і адчаем асуджаных насякомых спрабуюць агрызнуцца! Імпульс гэты ў іх стыхійны, бяздумны, хоць і гэтак бурлівы! Выступаць супроць натураль-нага працэса на вёсцы — неразумна! Пройдзе ў людзей само, як праходзіць катар, трэба толькі цярпенне!

Мітрапаліт уздыхнуў і на хвіліну спыніўся. Сонца кланіла к захаду і асвятляла саноўніка праз акно. Ён напружана думаў, як бы зачэрпваў важную ісціну з глыбіні свайго нутра, а расшыты брыльянтамі крыжык на белай яго мітры гарэў далікатнымі іскрынкамі.

Праз хвіліну ён ужо выкладваў новыя аргументы:

— Гэта — форма распачлівай барацьбы за існаванне этнічнай групы! Яна перад пагрозай пагалоўнай паланізацыі аб'ядналася вакол рэлігійных эксесуараў культа — выдуманага куміра, грыбоўшчынскай царк-вы, харугваў, ікон і званоў! Але пры чым тут мы?! Нам трэба сваёй справы трымацца!

Калі Дзіянісій быў нікому не вядомым вікарыем на Валыні, уладыка служыў ужо архірэем у Пецярбургу. Цяпер гэты шляхцюк браўся павучаць яго, пецярбургскага воўка. Антоній ледзь сябе стрымліваў.

53