Вершалінскі рай - Страница 50


К оглавлению

50

Майсееў з гневам павярнуўся да бунтарак. Як па каман-дзе, павярнулі да цётак галовы адвакаты, інжынеры, памеш-чыкі ды расфуфыраныя дамы.

— Что за безобразие? — пачуўся зычны і абураны голас яго.— Как вы посмели ворваться сюда?! Кто вас сюда впустил?! Марш отсюда, богохульщицы!.. Выходите немедленно, сейчас же убирайтесь вон из храма!

За ўсё існаванне сабора ўпершыню ў ім гучала такая свецкая прамова. Баб ужо свідравалі сотні абураных вачэй. Да іх скалілі залатыя зубы, ненавісныя фізіяноміі паны і паўпанкі, а на ласчоных тварах застылі цікаўныя і паблажлівыя ўсмешкі. Жанчынам зрабілася надта сорамна за свае босыя ногі, прапахлую кужэльную вопратку, растрапаныя валасы і хусцінкі. Нібы іх голымі выставілі перад народам.

— Староста, сейчас же выведите их нз храма!— каманда-ваў Майсееў.— Выбросьте эту сквернь немедленно прочь!

Да цётак падляцелі паслугачы.

— Буржуі, а от мы вас зусім не баімсо!— распачліва віскнула Тэкля.— Усё роўно прарок Альяш—адзіны бог на зямлі і Саваоф!.. Настане, не думайце сабе, настане от ужэ хутко той час, прызнаеце яго і вы!.. Прызнаеце, акаянныя!

— I вы дачакаецеса пагібелі!— паспела закрычаць худая і касцістая Палагея Субета з Плянтаў ды стала адбівацца.— Каб на вас пранцы напалі!.. Каб вас сіфіліс згнаіў!..

— Не лезь, адстань, халуй паршывы!.. Не цапай мяне запэцканымі лапамі, не купіў! — цвярдзіла разлютаваная Тэкля.

Нейкі мужык хапіў цётку Хімку.

— Ма-анечка, сыно-очак, дзе-еткі вы мае, рату-уйце сваю матку! — вырывалася з крыкам цётка і выпусціла лістоўкі. Паперкі белымі галубамі разляцеліся па саборы, і толькі цяпер стала ўсім відаць, як іх многа.

Мужчына ад разгубленасці Хімку выпусціў.

Найбольш лямантавала Піліпіха. Бабка ўпала на падлогу, накрылася з галавой цёплай хусткай ды енчыла:

— Караву-ул, забіва-аюць, людке-е!.. Ой, рату-унку, кара-ву-ул!..

Дужым мужыкам было не да бабкі, яны атакавалі маладзейшых. Тэкля рванула ланцужок, адбівалася крыжам. Іншыя пусцілі ў ход партрэты, кіпцюры. Адступаючы да дзвярэй, Хімка палка хрысцілася ды цвярдзіла:

— Дзеткі мае, вы адно гляньце, паглядзеце, што ро-обіцца тутака!.. Ах, Я-ашачка, ах, сыно-ок!.. Ах, Ма-анечка, чаму вы не ідзе-еце?!

Ля ўвахода стаяў ларок. Уся гэтая калатнеча з імпэтам наляцела на яго, перакуліла масіўныя камоды. Пакаціліся свечкі, металёвыя распяцці, паляцелі са звонам грошы на падлогу, а пад ботамі раз'юшаных мужыкоў захрумсцелі іконкі.

Праз хвіліну бабы апынуліся на бруку.

Выбраўшыся на Індурскую шашу, жанчыны, каб перавес-ці дых, завярнулі да Нёмана.

Піліпіха адразу паставіла пад куст іконку, укленчыла на траву ды пачала біць паклоны і маліцца. Бабы прыклалі адна адной кампрэсы да сінякоў. Памыліся ў рэчцы і прычасаліся. Уклалі свежыя косы. Затым паселі на мурог, узяліся за вузлы і торбы.

Паступова развязаліся языкі.

Ужо закусваючы сітнім хлебам з ліманадам, жанчыны ўспаміналі выпадак ды здаволена рагаталі, бытта вяртаючыся з гулянкі.

— Ну ж і крычаў, ну ж і перапалохаўся бацюшко! — пераможна смяялася касцістая Палося.

Рыжая і маленькая таўстуха Тамарка — яе браціха — дадала:

— I паноў — аж халера брала!

— А гэты халуй як хопіць мяне на рукі!..— успомніла Палося.— Але я паўпанка, каб на яго пранцы, добро сперазала кіёчкам ад патрэта, аж увагнуўсо мой кавалер!.. Кофту, заменак, распаласаваў!.. У каго аграфка е, бабы, трэбо скалоць!.. Ох, і тут шчэ сіняк, прымочкі пакладзіце!.. А пяку-уць як!..

Увесь у кропінках, бы вераб'інае яечка, курносы тварык Тамаркі ды зялёныя вочкі аж свяціліся ад спазнанай досыта асалоды ад перамогі. Яна пахвалілася:

— А я сваяму ўхажору праехаласа кіпцюрамі па мордзе — як бараной!

— Мяне, ля, хапіў паўпол і папё-ор, папё-ор некуды мужык!— жалілася Хімка.— Як вырвусо, як пабягу, то аж ля аптэкі апынуласа! Азіраюсо — і вы бяжыце!

— Нават ланцужок парвала ад крыжа!.. I эмаль патрэскаласа!.. Ой, жанчыны, дасць мне Альяш, дальбо!.. Хоць ланцужок счапіць як-небудзь!.. Папрашу каго з мужыкоў на вёсцы...

— I краму ім перакулілі!.. — не ўнімалася Тамарка.— Дабра столькі ім напсавалі — на злотых дзесяць, а мо і больш!.. I добро ім так! Бо дзе гэто бачыў хто, у царкве — гандаль! Альяш ніколі не дапусціў бы да такого!..

— Аднак сарвалі мы ім, бабы, свято, папсавалі ўсю музыку! — падсумавала Палося.— Мне ніколі не было так страшна, а хай на яго! Думала — паліцыю выклічуць!

— I паклікалі б, каб не ўцяклі! — разважыла Хімка.

— Затое памятаць нас будуць доўго! — уздыхнула Палося.

— Адну цётку Піліпіху не крануў ні адзін кавалер!— пырспула Тамарка.— Але ж вы, цётко, і нарабілі енку — на цэлую іхнюю царкву!

Бабка старанна біла паклоны ў пясок перад малюнкам Альяша ў глыбокай, бы скрыначка ад расады, рамцы і нават не павярнула да іх галавы.

— Рыхтык, засмяецца яна табе!.. От заядлая ў сваёй веры! — з пашанай і захапленнем заявіла ўжо прыціхлая Тамарка.

Хвіліну бабы памаўчалі, паўзіраліся на бліскучы плёс ракі, на жоўтыя пляжы ды замглёную сцяну лесу.

— Як тут файно!..— здзівілася Палося і сама сабе адказала: — Але ж ці табе гэто хараство? Праўду мой мужык чытаў у газеце:


I сасновы бор, пясок, у Нёмане купанка,
Птушак розных галасок — панская гулянка!..

Усе ўздыхнулі.

Праз хвіліну худая маладзіца ўсхапілася:

— Ох, божа, чаго тут выседжваю, як тая пані, мяне ж дзеці чакаюць дома!..

Устаючы, Палося яшчэ раз уздыхнула:

— Мужык прыб'е, дальбо!.. Ён у мяне ў гэто нічого не верыць і адразу скача з кулакамі да морды!.. Ці прыдумаю гладко?.. А сінякі куды мне дзяваць? Выручайце, бабы, калі біцца надто будзе!..

50