Тэкля павесіла сабе на ланцужку медны цяжкі крыж з эмалевым медальёнчыкам пасярэдзіне, раздала бабам партрэты Альяша на кіёчках. Піліпіха ўзяла іконку, на якой прарок намаляваны быў з залатым венчыкам над галавой, а нашай Хімцы Давідзюк удружыў кіпу лістовак з «залатымі словамі прарока Ільі...». Стаяла сухое надвор'е. Каб не было горача, жанчыны ў дарогу адправіліся на ноч.
У гродзенскім саборы святой Пакровы (на вуліцы, Ажэшкі) у першы дзень сёмухі грымела набажэнства. Сабор напаўнялі былыя царскія адвакаты, чыноўнікі, мяшчане. Людзям гэтым жылося добра, Польшча патрабавала спецыялістаў, гэтыя асобы былі свабодных прафесій і грошай бралі ў кліентаў колькі хацелі.
Яшчэ знаходзіліся ў саборы рускія памешчыкі, або тыя, хто з Расіі вывез золата і брыльянты...
Аднак усе яны адчувалі, што дабрабыт іхні існуе адно датуль у гэтым ціхім гарадку над Нёманам, покуль Пілсудскі не вырасціў нацыянальныя кадры, не адабраў зямлю для асаднікаў, не разышлося золата і брыльянты. Царква для гэтых людзей была як бы клубам, у якім яны дадавалі адны адным бадзёрасці, надзеі, дзе паспытвалі «пачуццё локця» сваёй вузенькай не то кампаніі, не то калоніі.
Апранутыя ў габардзіны і шоўк, усе яны ўзнёсла і задумёна глядзелі на асветлены сотнямі рознакаляровых лямпачак алтар, на бліскучую рызу бацюшкі Майсеева.
Настала хвіліна ва ўрачыстай абедні, калі пачцівы Майсееў зычным, маладжавым і добра пастаўленым ды трэніраваным голасам зацягнуў:
Твоя от твоих, тебе приносяще-е
О всех и за вся-а!..
У гэты якраз момант, з узнятымі на кіёчках партрэтамі дзеда, і ўваліліся ў сабор бязладным натоўпам грыбоўшчынскія бабы. Тэкля потым прызнавалася, што надта ж разгубілася, толькі адступаць было позна.
Маладзіца апынулася перад рускай дваранкай у шляпцы — жонкай палкоўніка Сямёнава. Тэкля ўзяла ў Хімкі лістоўкі, стала іх піхаць мадам Сямёнавай ды гаварыць:
— Сястра, сястра ва Хрысце, на, гэто — са святой вёсачкі Грыбоўшчыны, з таго Грыбава, дзе святы прарок абітае!.. Ідзі туды, чаго тут выстойваць будзеш з імі!.. Папы — ашуканцы, хіба ты не ведаеш? На небе адзін усявышні, а на зямлі — прарок ды намеснік яго, грыбоўшчынскі Саваоф Ілья!
Здавалася, загаварыла Тэкля, і надта голасна, але ў вялізным саборы з купалам, як неба, свой голас яна ледзь пачула.
— Сястра, пачытай, тут пра ўсё надто разумно напісано!..
Пышная дваранка, мадам Сямёнава, муж якой і на службе польскага ўрада атрымліваў за два месяцы службы столькі, колькі варта была ўся гаспадарка Тэклінага бацькі, нават галавы не павярнула да басаногай сялянкі.
Гэтаксама важна, напышчана ды з узнёслай і маўклівай пачцівасцю да моманту літургіі стаяла ўся публіка.
Як нічога не бывала, з-за клірасаў і аднекуль з гары грымеў славуты ва ўсёй акрузе, магутны чатырохгалосы саборны хор:
Тебе по-оем, тебя благослави-им!..
Цёткі дзеўкамі працавалі ў горадзе служанкамі. Калі збіраліся ў дарогу, у іх падсвядома ажылі старыя крыўды. Некаторым жанчынам раптам захацелаея адпомсціць сваім эксплуататарам за страчаную прыгажосць, каб гэтыя паны, паўпанкі з жанкамі мелі чыстыя кашулі, спакойныя нервы, напоўненыя страўнікі, каб былі гэтаксама дагледжаныя і чыстыя іхнія барчукі і барышні, іхнія балонкі, фокстэр'еры і бульдогі, сіямскія Ваські і сібірскія Муркі.
Для Тэклі ж — гальштукі, бабачкі ды белыя кашулі муж-чын напомнілі і тыя часы, калі п'яныя афіцэры, запусціўшы на грамафоне «Карабейнікі», прапанавалі ёй танцаваць на стале, а самі з рогатам лічылі на яе целе радзімкі.
Але штосьці атрымалася не так, як бабы запланавалі.
У велічным багацці храма, сярод анёльскіх гукаў зладжанага хору, які грымеў не то зверху, не то знізу, не то злева, не то справа і зусім побач, сярод згуртаванай ды чужой публікі, варожай панскай сілы і напышанасці, дзе з-за іх прыходу ніхто не ўздрыгануў, не азірнуўся нават, бабы і Тэкля са сваёй выхадкай і «новым вучэннем» здаліся самі сабе надта смешныя, нічога не вартыя — бы тая сучкастая падлога іхняй царквы на фоне бліскучай і чыстай, як у аптэцы, мятлахскай пліткі, выкладзенай у сіметрычныя ўзоры, як гугнявы голас Давідзюка з яго гудносай капелай у параўнанні з анёльскімі гукамі ў гэтым саборы! Хіба ім парушыць гэтае раскошнае і пышнае ды ўпэўненае павскае хараство і моц?
Тэклю агарнуў адчай. Вернуцца ў вёску, там узнімуць іх на смех! Як паглядзець людзям у вочы, паказацца Альяшу? Яна нават крыж яго ўзяла!
Маладзіцы захацелася хоць насаліць як-небудзь панам. Яна ўжо забылася, хто цяпер яна ў Грыбоўшчыне. Агорнутая нейкім бяздумным буйствам, Тэкля стала падрыгваць усім целам, прытупваць ды з адчайным віскам спяваць добра вядомую песню:
Эх, полны-ым, по-олна моя коро-обушка,
Есть в ней си-итец и пар-ча!..
Недарэмна жанчыны думалі, што іх ніхто не заўважае. Майсееў быў вопытны бацюшка. Ён адчуваў, калі нават хто паварушыцца ў зале. Свяшчэннік і баб адразу заўважыў. Толькі ён таксама разгубіўся і нейкі час не ведаў, што рабіць. «Правакацыя католікаў? — стараўся зразумець і ламаў галаву ён.— Аднак крычаць, здаецца, не па-польску?.. Хуліганы?.. Тады былі б мужчыны!.. Вар'яткі вырваліся з псіхіятрычкі ў Хварошчы?.. Замнога!.. А мо сектанты?.. Мабыць, яны!.. Папя-рэджвалі ў кансісторыі, а я не верыў!»
Калі прыкідвацца далей, бытта нічога не здарылася, было немагчыма, бацюшка змоўк, даў знак дырыгенту і абарваў хор.
У саборы наступіла раптоўная цішыня. Тэкля спалохалася яшчэ больш ды змоўкла на паўслове.