Пра свае сем'і ды гаспадаркі раптам успомнілі і астатнія жанчыны. Усе яны пасур'ёзнелі ды пачалі збірацца ў дарогу. Тэкля іх павучала:
— Трэ нам цяпер трымацца разам на вёсцы!..
Інцыдэнт у гродзенскім саборы настолькі быў нязначным, што, напэўна, не кожны гараджанін, хто ў першы дзень сёмухі вярнуўся з літургии, палічыў патрэбным расказаць пра гэта дома. Затое ў Грыбоўшчыне баб спаткалі, як гераінь.
Праз дзень-другі выпадак аброс неверагоднымі падрабяз-насцямі і разляцеўся па вёсках сенсацыяй.
— Чулі, што ў Гродна грыбоўшчынскія бабы натварылі? — пыталі адна ў адной страшаўскія цёткі.— Кажуць, увесь горад перавярнулі ўверх дном!
— I не кажы! — пацвердзіла аўтарытэтна Кірыліха ды стала маляваць падзеі, бытта сама там прысутнічала: — Ішоў якраз малебень. Тэкля з бабамі ўнесла патрэт Ільі на паперць сабора і пачала казаць слово божае, якое Альяш атрымаў. Бацюшко хацеў яе спыніць, дак Альяшоў патрэт як засвееціц-ца, заблішчы-ыць, бацюшко як схо-опіцца!.. З кадзілам і ў рызе на званіцу пабег!
Бліскаючы ад унутранага агню вачыма, Кірыліха натхнёным позіркам абвяла слухачоў:
— Ісціны крэст! А народ, які ў саборы ў той час быў, давай бабам у ногі кланяцца ды гаварыць: «Мы даўно ведалі пра вашаго Ілью, але нас папы не падпускалі да яго новаго вучэння! Мілыя сёстры, дзякуем вам, што свет нам адкрылі!..» I людзі раз-два павыкідвалі свае іконы з прытвора, памясцілі ўсюды Альяша!
— Уся вуліца, кажуць, завалена абразамі архімандрытаў, уладык розных і мітрапалітаў! — уставіў Рыгарулька.
Кірыліха сыпала падрабязнасці, нібы з мяшка:
— А потым народ як разбушаваў па горадзе!.. Прыбягаў нават архірэй — тая кансісторыя яго адтуль зусім блізко,— а людзі яшчэ больш сваё! Тады ўладыка давай сунуць бабам золато поўнымі жменямі, каб толькі яны адсталі ад царквы, а бабы яму: «А як жа, так мы табе і прадамосо, якраз на такіх трапіў!..»
Пабачыў уладыка, што аніяк на сваю руку іх не перацяг-не, пачухаў сваю патыліцу, узяў полы ў рукі і паджгаў у староство, каб гаварыць па ціліфоні з сваім маршалкам, хай той дае войско!..
— Во, прыпяклі!..— захапіўся Рыгарулька.
— Хай і Пілсудскі цяпер свае вусы папакруціць у Варшаве той, хай ведае нашых! — уключыўся ў размову і Клемусаў Сцяпан.— А што ён сабе думае — заваяваў нас ад Расеі і так яму гэто пройдзе? Па курортах сабе будзе толькі егдзіць?!
— Ну!— цётка перайшла на шэпт і даверыла таямніцу: — I на ўсмірэнне выклікалі войско!
— Учора наш Іван вазіў у Гродно бульбу, то ўласнымі вачыма бачыў — каля сабора салдат! — спахапілася Сахары-ха.— I каля іншых цэркваў круцяцца яны!.. Але ўсё з дзеўкамі пад ручку сноўдаюць!..
— Баяцца, каб і туды не дабраліса нашыя, а дзевак бяруць для блізіру — няўжо не здагадаешся чаму? — падказаў Рыгарулька.
— Баб у турму пабралі?
— Мусяць выпусціць, калі народ разбушаваў! — разважыла Сахарыха.
Кірыліха і на гэта мела што сказаць:
— Падумайце, якая Тэкля малайчына! У Гродне да яе падляцеў малады і надто файны афіцэр. Падскочыў так, тымі шпорамі залачонымі ды шабляй — дзвэн! дзвэн! — і гаворыць: «Ты, паненка, гэтакая пекная, бы князёўна, дазволь, мілая, я цябе выратую ад астрога!» А яна: «Э, нічого, паночку, я не баюсо, бо веру ў Ілью! Хай бяруць мяне, халера іх бяры, у турму, але хай ведаюць, што ў іх нічого не выйдзе!»
...Хоць з такімі ж уяўнымі рэзультатамі прапагандысты «новага вучэння» вярталіся з Беластока, Брэста, Вільні і Баранавіч, падобныя байкі, народжаныя фантазіяй прагнага да жыцця, таленавітага на выдумку, поўнага аптымізму ды невычэрпнай энергии народа, па закону ўсё таго ж «псіхалагічнага рэха» ляцелі па вёсках і мястэчках. Магутных і жывых пагалосак — гэтага эліксіру прыгнечаных — ніхто не мог бы спыніць ніякімі бар'ерамі.
Яшчэ адну спробу аб'яднацца з прарокам зрабіў гродзенскі ўладыка. З такой мэтай ён і адправіўся ў Грыбоўшчыну. Для большай упэўненасці па дарозе захапіў крынкаўскага протаіерэя — аўтарытэтнага Савіча.
На гэты раз уладыку Антонія мужыкі ўжо не спатыкалі. I малыя дзяўчынкі дарогу пялёсткамі не ўсцілалі. На святым узгорку было і зусім мала народу — не больш сотні. Не кінуў сваіх пільшчыкаў і цесляў, не пайшоў сустракаць высокапа-стаўленую духоўную асобу і дзядзька Альяш.
Архірэй і віду не падаў, што халодны прыём яго ўразіў.
«Хрыстлер» зараз жа завуркатаў маторам і, падымаючы за сабой жывую істужку пылу, памчаў у Вострава, прывёз яшчэ адтуль бацюшку. З айцом Якавам уладыка прыступіў да літургии, адклаўшы размову з упартым адступнікам на пасля — яны меліся паклікаць Альяша на трапезу.
У рытуале архірэйскай службы ў час абедні наступае момант, калі ўладыка павінен мыць рукі, а потым выціраць іх ручніком. «Трэція свяшчэннікі» падсунулі пусты посуд, і ўладыка Антоній, бы нейкі артыст на сцэне, разыгрываў амавенне насуха.
Госць да правакацыі быў падрыхтаваны і не падаў выгляду, бытта нешта здарылася. Іпадыяканы ў белых сціхарах склалі над ім пазалочаныя рапіды. Уладыка Антоній скорагаворкай прачытаў пару абзацаў з Евангелля, сваё немаладое цела грузна павярнуў да народу ды паспрабаваў людзей узяць словам.
— Праваслаўныя брацця і сёстры! — звярнуўся ён з прамовай.— Што б ні было паміж намі, аднак усе мы застаёмся авечкамі аднаго вялізнага гурту — усе мы асобы той самай веры. Што такое вера? Пра яе цяпер пытаюцца гэтак, як Понці Пілат некалі — пра інсціну!
Разгледзеўшы застылыя твары і насцярожаныя позіркі мужыкоў, духоўны саноўнік свайму голасу прыдаў яшчэ сардэчную цеплыню і душэўную даверлівасць.