Вершалінскі рай - Страница 48


К оглавлению

48

Здарылася гэта ў дзень святога Ільі.


2.

Прозвішча бацюшкі з Гарадка было Вінаградаў. У нашай школе ён вучыў дзяцей рэлігіі, і вучні яго лічылі чалавекам цярпімым. Аднаго разу Нінцы Арсэнікавай бацюшка ўдарыў не па далоні, а трапіў лінейкай у вока, але поп адразу павёў дзяўчынку да доктара ды заплаціў яму пятнаццаць злотых! Аднак званар, які ведаў папа бліжэй, думкі нашай не падзяляў.

Адным словам, бацюшка ў той дзень надзеў перад абедняй рызу, выйшаў з-за кліраса і аслупянеў. У зале тырчалі толькі дзве бабкі ды царкоўны вартаўнік — ён жа і званар — дзядзька Шэрамета.

— А дзе народ?

— Вядомо дзе! — ухмыльнуўся вартаўнік еабе ў вусы.— Дзісь жа фэст у Грыбоўшчыне, айцец Уладзімір!

Вінаградаў са здзіўленнем улавіў у голасе Шэраметы сімпатыю да бунтара і як бы зайздрасць, што не можа паехаць і ён.

— Чаго вы ходзіце к адступніку, божа правы?! — напаў поп на дзядзьку, бытта той быў ва ўсім вінаваты.— Гэты ваш «прарок» увайшоў у змову з д'яблам!

I бацюшка сваім грамавым голасам пачаў бубніць на ўсю царкву пра тое, што даведаўся ў кансісторыі.

— Жулік і шарлатан ваш Клімовіч, няўжо вы не разумееце?! У яго доме — патаемнае акенца, прароблена спецыяльна! Хітрун ваш садзіць побач з сабой падкупленых мужыкоў, тыя ўзіраюцца на дарогу ды падсказваюць, хто ўязджае ў Грыбоўшчыну. «Гэто Макараў Іван са Скраблякоў вязе хворую на сэрца дачку да вас, айцец Ілья, а той — Мікалай Казёл з Меляшкоў — валачэ сына калеку...»

— Ах, бо-жа, што робіцца! — падзівілася бабка.

— Альяш потым і ўражае вас, цёмных ёлупняў, тым, што дакладна ведае пра селяніна, а вы яму і верыце хутчэй! Ён ужо цэлыя мяхі золата мае і гарэм маладых распутніц сабе завёў, бы персідскі шах, даруй мне, госпадзі, што вымаўляю непрыстойнае слова ў тваім доме!

Бабкі ўжо набожна хрысціліся, але непадкуішы Шэрамета толькі хітра ўсміхаўся. Бываў і ён у Грыбоўшчыне! У Альяша жыве празнікаўская баба і гатуе страву — дык Альяш жа ўдавец, што ў гэтым кепскага?.. Затое званар добра ведаў, што цяпер кожны тыдзень у царкоўнай касе не было чаго і падлічваць.

Шэрамета асцярожна запярэчыў:

— Не, айцец Уладзімір, сілу святую Альяш мае, ніц вы не кажэце!.. Бывае, што царква яго закрыта на замок, а ў ёй. — хор псалам спявае!.. Мая Юлька на ўласныя вушы чула, калі ў мінулы фэст начавала ў Грыбоўшчыне! Такія анёльскія галасы гучалі, што бабы і заснуць не маглі, так усю ноч і ўслухаліса!

— Ёлупень, плёткі паўтараеш! — зазлаваў бацюшка.— Цяпер ёсць такія апараты з пласцінкамі! Можаш іх накруціць ды ісці спаць, усё роўна іграць будзе! Прыходзь пасля абедні да мяне ў плябанію, пакажу — грамафонам называецца!

Дзядзька пераканаўся, што з папом спрачацца дарэмна — легкадумны чалавек, хоць і вучаны.

«Хэ, мяхі золата ў Альяша знайшоў, калі Клімовіч нават лазовыя віткі да аглабель сам вяжа, падмёткі сабе прыбівае ды самаробнай дратвай дзіркі ў ботах зашывае — ніколі іх да шаўца нават не насіў!.. Ну, ну, хай ужэ будзем ёлупнямі! — казаў сам сабе дзядзька пераможна ў душы, надта ўзрадаваны, што звычайны мужык з Грыбоўшчыны падставіў ножку нават Вінаградаву, які ні каня сабе не запражэ, ні палена дроў не расколе.— Ха, сярдуеш?.. Як поп на сяло сердзіцца, то сяло на папа п..! Пабачым, паба-а-чым як ты шчэ заспяваеш, якая стане твая матушка, якія будуць папоўны, калі людзі не пойдуць да царквы тваёй гэтак з паўгода! Белых пальчатак летам насіць не будуць!.. А то сядуць за стол да міскі з супам і на хлеб шчэ масло мажуць, каб вы падавіліса, буржуі!.. Грамафонаў не ведаем, думаеш?.. Хайкелеву шафу ў Крынках, што іграе, я круціў, калі ты шчэ пад стол пяшком хадзіў!..»

Вартаўнік ужо смакаваў прыемнасць. Вечарам збягуцца прагныя да навін мужчыны з Гарадка — ото ж будзе ім пра што апавядаць, ото ж нарагочуцца з Вінаградава.

Паступова пачалі гэтак жа пуставаць храмы ў Крынках, Бераставіцы, Саколцы, Свіслачы, Ваўкавыску...

Толькі ў вялікіх гарадах ідэі «новага вучэння» покуль што ніякага поспеху не мелі. Але Альяша гэта зусім не хвалявала.

Прарок на сходы абшчыны болей не пайшоў, пакінуў усё вырашаць Ломніку. Дзядзька Клімовіч быў занадта абмежава-ны і бездапаможны, каб уплываць на спантанны выбух людской самадзейнасці, якая разыгралася вакол яго асобы.

Покуль «трэція свяшчэннікі» на чале з міхалоўскім балаголам падтрымлівалі ажыятаж вакол яго імя, Альяш з захапленнем гаспадарыў.

Дзядзька ўспомніў каляровыя вітражы на вокнах андрэеўскага сабора ў Кранштаце. Стары разведаў, што дакладна такія самыя робяць у Вільні, і фурманкай адправіўся аж туды ды заказаў вітражы для сваёй царквы.

Паскідаў з даху цяжкую чарапіцу, пакрыў яго цынкава-най бляхай — лёгкай і бліскучай на сонцы.

Вычытаўшы ў Евангеллі ад Лукі ўпамінанне пра гасцініцу, сабраўся пабудаваць яе для пілігрымаў, а пры гасцініцы — стойлы ды калодзежы для коней.

Выбраў месца для ветрака.

Альяшу нават стукнула ў галаву дзёрзкая ідэя — будаваць сабор, і не малы, а гэтакі — як Андрэеўскі! Ён паслаў рабочых у поле капаць ямкі ды прабаваць, дзе лепш закласці фундамент, каб будынак прастаяў вечнасць...

Заняты справамі, Клімовіч нязграбна ўзбіраўся на той самы вазок з дзеравянымі восямі, падкладваў пад сябе конскую торбу з грашыма ды адпраўляўся ў Студзянскае лясніцтва, крынкаўскую цагельню ці краму.

Затое Альяшовых актывістаў аж падмывала дабрацца да вялікага горада, узбунтаваць народ, адкрыць людзям вочы, прышчапіць «новае вучэнне» і там.


3.

Перад сёмухай пятнаццаць жанчын з Тэкляй і зусім старэнькай, але яшчэ жвавай Піліпіхай згаварыліся заваёўваць непакорнае Гродна.

48