«Новае вучэнне» разрасталася.
Знаходзіліся ўсё новыя фанатыкі, што пакідалі свае сем'і, зракаліся гаспадарак ды прыязджалі ў Грыбоўшчыну, каб служыць прароку. I калі пачатак гэтага руху ўзнімалі галоўным чынам жанчыны, то цяпер хлынулі і мужыкі.
«Новае вучэнне» патрабавала і новай арганізацыі.
У святога неўзабаве з'явілася верная кагорта «трэціх свяшчэннікаў». З іх арганізавалася «святая тройца», «святая пяцёрка», «святая сядміца», «святая дванаццатка»...
На самай справе гэта былі звычайныя дзядзькі з якіх-небудзь Сыраежак, Гнойніцы, Плецяніцы, Ганчароў ці Сабакін-цаў — Васіль, Макар, Базыль... У Грыбоўшчыне гэтыя людзі прысвоілі не толькі сабе старазапаветныя імёны, загадавалі біблійныя бароды. Цяпер кожны з іх трымаў сябе перад людзьмі паводле ступенькі іерархіі, якую дзядзька займеў у абшчыне, падабраў сабе адпаведную інтанацыю ці тэмбр голасу.
Па нейкім законе супрацьлегласці да наогул смірнага і непітушчага дзядзькі Клімовіча пацягнуліся скончаныя алкаго-лікі, буйныя фантазёры і аферысты, таленавітыя валацугі, прыроджаныя спевакі, паэты ды звычайныя графаманы і жулікі. Адчуваючы, што сродкі тут неабмежаваныя і жыць можна прыпяваючы ды цікава, у «штабе» прарока кожны з іх у момант знаходзіў сабе прымяненне ды занятак — толькі крыху трэба было для гэтага праявіць кемлівасці і ініцыятывы.
Былі такія, што зусім не імкнуліся да Альяшовай кампаніі, вялі жыццё самастойнае і незалежнае, спатыкаліся з прарокам адно тады, калі ўздумаецца як, напрыклад,— бас з Ісакійскага сабора ў Пецярбургу, Мікалай Аляксандравіч Рэгіс, пра якога будзе мова асобна.
Покуль у Грыбоўшчыне адны складалі Альяшу гімны ды частушкі, а другія спатыкалі пілігрымаў поўнымі царкоўнай тарабаршчыны ды высакапарнай блытаніны прамовамі, «трэція свяшчэннікі» з грашыма на начлег і харчаваннем у кішэнях рыхтаваліся ісці ў праваслаўную Польшчу прапаведа-ваць «новае вучэнне». Ролю кіраўніка апосталамі-прапаведні-камі ўзяў на сябе міхалоўскі Ломнік.
Гадоў сорак вазіў ён з міхалоўскіх фабрычак на склады ў Беласток сукно, а перад смерцю сваю бываласць балагола ды няздзейсненыя мары прынёс у Грыбоўшчыну. Густым басам, якім столькі гадоў паганяў ламавых коней, мудры стары перад адпраўкай «трэціх свяшчэннікаў» даваў ім настаўленне:
— Адно будзьце там асцярожнымі, лішняго не гаварэце — добра вяроўка доўгая, а рэч — кароткая.
— Спыняйцеса на тым, што зацікавіло вашага слухача, і на пытанне адказвайце словам божым — пачытайце шчэ раз Біблію, там на ўсё знойдзеце адказы.
— Пры размове будзьце ветлівымі, не хвалюйцеса, не абурайцеса з-за быле глупства, з сябе не выходзьце. Калі нават людзі абражаць стануць — карона з галавы не спадзе, губляць не маеце чаго!
— Старайцеса гаварыць шчыро, не панібратнічайце і думайце, дзе памыліліса.
— Не саромейцеса, не падайце духам, калі не ўдаецца,— пераканаць усіх нельга, так рабіў нават сам Хрыстос.
— Ніякіх смешачак, ні жарцікаў — зубаскалаў і нашыя людзі не любяць надто.
— Заўсёды гутарку канчайце малітвай і падарункам — іконак, маліцвеннікаў, крыжыкаў з сабой браць не лянуйцеса!..
— Майце конскую вытрымку, сабачае цярпенне, упар-тасць вала і прыхільную рахманасць ягняці, тады чаго-небудзь даб'ецеса, амін.
— Амін! — пакорна падхоплівалі на кожным такім інструктажы Ломніка «трэція свяшчэннікі» ды ішлі ў народ.
У іншай глухой і лясной вёсачцы, куды навіны даходзілі са спазненнем на цэлы год, такія прапаведнікі замянялі сённяшнія тэлевізары. Даведаўшыся, хто да іх завітаў, бабы зляталіся з часалкамі, калаўроткамі, вязаннем ды шыццём.
Доўгімі зімовымі вечарамі вопытныя жаночыя пальцы механічна скублі кудзелю і вязалі панчохі ды світэры, часалі воўну, абдзіралі крупу, а ўражлівыя душы, бы губка, убіралі апавяданне місіянераў з легендарнага Грыбава аб вісельніках, жыцці святых, заваленых чалавечымі касцямі ямах ды такіх страшных выпадках, ад каторых у цётак на галаве дыбам валасы паўставалі і жанчын разбіралі халодныя дрыжыкі.
— Шчэ, шчэ раскажэце, айцец! — вызваньваючы зубамі, прасілі маладзейшыя.
I апосталы не скупіліся.
Яны апавядалі пра бога і д'ябла, паноў-міраедаў і лютых камуністаў, якія прадаліся чорту ды цэрквы пазакрывалі, пра добрага Альяша і яго вучэнне. Клімовічавы пасланцы плялі маляўніча, на колькі хапала ў іх фантазіі, часта верачы ва ўсё і самі.
— Чуеш, Пятрук, жыды прымаюць праваслаўную веру! — неслі навіну мужыкам бабы.— Крынкаўскія ўжэ прынялі!..
— Бач, недавяркі, калі адумаліса!..
— А ў Саветах у мужыкоў землю ўсю адабралі і голад над-то вялікі! От шчасце, што мы ў бежанстве там не засталіса!..
Іншая прылятала да мужа з сенсацыяй:
— Сядзіш тут у хаце і ніц не ведаеш!.. Выйшаў загад: хто паверыць у Ілью, таго сына да войска не бяруцімуць!.. I падаткі маюць зняць — Альяш егдзіў да самого прэзідэнта ў Варшаву! Той выслухаў яго, даў чаю напіцца дый кажа: «Хопіць з беднаго люду драць!.. Я не ведаў, што такое творыцца, дзякуй табе, што падказаў!..»
Настаў час, калі ў многіх вёсках людзі ўвогуле перасталі хадзіць да царквы. На сходзе ў кансісторыі бацюшкі напалі на свяшчэнніка з Вострава, што царква з яго прыходу бунтуе веруючых. Прыпёрты да сцяны айцец Якаў пахваліўся, што падаў на грыбоўшчынскага мужыка заяву ў крынкаўскі пастарунак і хутка зоймецца ім паліцыя.
Гэтым часам паступова сталі пуставаць праваслаўныя храмы і ў мястэчках. Нарэшце адной нядзелі сарвалася служба і ў нашым прыходзе.