Пару мінут са здаволенасцю каланістаў усе пацяшаліся з мужыка — адкуль ён ведае такія словы?! Паспрачаліся, удакладняючы, на колькі вярста большая за кіламетр, і перайшлі да наступнай «імпрэзы».
Куратар народнай асветы нібы выпадкова праводзіў у кабінеце старосты педсавет. Пана прззідэнта запрасілі быць яго ганаровым госцем.
На павестцы дня стаялі два пытанні: па якім баку вуліцы хадзіць вучням у школу і дапускаць ці не дапускаць на школьную ёлку яўрэйскіх дзяцей.
Член савета ксёндз-дэкан Баркоўскі напомніў пра грэх за ўкрыжаванне Хрыста, які ляжаў на яўрэях. Пасля кароткай спрэчкі пажадалі паслухаць думку высокага госця. Прэзідэнт заўважыў, што Ісусава дрэўца існуе для ўсіх дзяцей, а наконт другога пытання ён заявіў:
— Трэба з малога вучыць грамадзяніна Польшчы к парадку і паслухмянасці. Таму на заняткі вучні няхай крочаць па адным тратуары, а дамоў — па другім.
Самастойны і ўпарты біёлаг Ян Каханоўскі прапанову высмеяў ды засцярог, што дзеці — жывая ртуць, і нават уся паліцыя не ўтрымае іх у такіх рамках. Аднак голас яго патануў у дружным захапленні мудрасцю госця, і абедзве прапановы ўхвалілі. Павестка дня была вычарпаная, сталі вырашаць бягучыя справы.
Біёлаг Ян Каханоўскі запоўніў калідоры школы і падворка клеткамі са звярамі і даўно насіўся з дзёрзкай ідэяй стварэння для горада заапарка. Біёлаг выкарыстаў момант, звярнуўся да прэзідэнта за дапамогай.
Галаве дзяржавы Каханоўскі са сваёй выхадкай не спада-баўся, аднак трэба было іграць справядлівага дзяржаўнага мужа — заўтра выпадак апішуць газеты. I прэзідэнт настаўніка падтрымаў, падсказаў Стэмпоўскаму перадаць для заапарка велатрэк і гэтак расшчадрыўся, што загадаў аддаць Каханоўскаму ўсё «русінскае» палатно!
К таму часу паміж госцем ды прысутнымі ўстанавілася свойская атмасфера. Які б ні быў на ім касцюм, ідэальна накрухмаленая кашуля, а даўзёрны Саваоф зблізку аказаўся звычайным старым з сівымі рэдзенькімі вусамі ды цьмянымі вачыма. Людзі ўжо сталі гаварыць яму, што набалела.
Спатыкалі галаву дзяржавы асаднікі, купцы, чыноўнікі, яўрэі, рускія эмігранты, рабіны I папы, толькі не было нікога з немцаў, хоць у Гродне жыло іх тысяч з пяць. Прафесар Ядкоўскі стаў дакладваць:
— Як толькі ў Германіі да ўлады дайшоў Гітлер, нашыя немцы адразу наладзілі трыумфальны марш, пане прэзыдэнце! З факеламі, паленнем кніжак на плошчы, разгромам яўрэйскіх крамаў... I ўвогуле — што нас чакае? Гітлер матарызуе армію, будуе авіяцыю, а мы ўсё спадзяёмся на коней!
У напружанай цішыні прэзідэнт абвёў усіх сумнымі вачы-ма, памаўчаў. Затым у магістраце прагучаў славуты маналог галавы польскай дзяржавы, запісаны стэнаграфісткай для нашчадкаў як глыбіня мудрасці дзяржаўнага мужа сваёй эпохі.
— Панове, роля каня для патрэб сухапутнай арміі не змянілася! Раптоўная механізацыя — толькі мода з усімі яе недахопамі. Пры першым сутыкненні з рэчаіснасцю гэтая мода не вытрывае экзамену. Страшна сабе ўявіць стокіламетровую калону машын, расцягнутых на беднай сетцы нашых дарог! Звычайнага кювета машына не пераадолее, а для гнядога ён — забава! Што атрымаецца, калі з флангаў наскочыць кавалерыйская дывізія на бездапаможную кішку гэтых латвапальных скрыначак запалак?
— Рубакі нашыя пашаткуюць іх на капусту! — падсказаў Бэрбэцкі.
— Катастрофа немінучая! Авіяцыя? Небяспека ад бамбардзіровак не большая, чым пры пераходзе вуліцы, калі вы рызыкуеце трапіць пад машыну! Няхай Гітлер матарызуе армію, няхай выпускае з канвеераў скрыначкі запалак нашым уланам!.. А факельныя маршы ва ўсёй Польшчы заўважаныя. Міністар замежных спраў увайшоў у кантакт з Берлінам, і там урачыста пакляліся такіх эксцэсаў не паўтараць. У банках Трэ-цяга Рэйха — ні грама золата! Іхняя эканоміка вось-вось збанкрутуе з-за валюты, і Гітлер пагарыць!
— Колькі мы гаворым аб фінансавым краху Германіі, а жыццё ў ёй цячэ сваім руслам! — зноў не вытрываў біёлаг.— Германія развівае гаспадарку, зброіцца і знаходзіць каласальныя сродкі на субсідыі! Усё, чаму нас вучылі прафесары эканомікі — пра золата, валюту і яе курс, гандлёвы баланс, што мелася быць непарушнай асновай дзяржавы, на прыкладзе дыктатарскіх урадаў,— аказалася фікцыяй!
Высокі госць загаварыў з раздражненнем:
— Я цаню, панове, вашыя клопаты аб Прынёманшчыне, але вы верце свайму прззідэнту. Я трымаю ў руках усю інфармацыю. У мяне дастаткова трэніраваныя мазгі! Я кожны дзень езжу на веласіпедзе, трымаю сябе ў форме, таму быстра схопліваю сэнс з'явы і прымаю патрэбныя захады!..
Староста запрасіў прэзідэнта ў банкетную залу, дзе з цэлым аддзяленнем сваіх афіцыянтаў чакаў іх у фраку сам гаспадар рэстарана «Еўропа» пан Пытко.
За абедзенным сталом з сервізамі, пазычанымі ў князя Друццо-Любецкага, дзелавая размова прадоўжылася.
Прэзідэнту спатрэбіліся каыдыдатуры заслужаных грама-дзян для ўзнагароды ардэнамі і медалямі. Людзей спецыяльна падбіралі рознай веры і маёмасці. Староста з мэрам кандыдатуры называлі, госць ківаў галавой, а сакратар заносіў прозвішчы ў спісак.
— Паляка Юзэфа Ёдкоўскага — за раскопкі!
— Яўрэя Бэрку Старапольскага за будаўніцтва фабрыкі гродзенскіх веласіпедаў «Вільк» — 700 машын у год!
— Рускага, царскага генерала ў адстаўцы Трусава за ахвяру 1000 злотых на будаўніцтва дома «Стжэльца»...
— Панове, не забудзьце даць аднаго беларуса! — напомніў прэзідэнт.— Яны з украінцамі ўсё крычаць, што іх крыўдзім!
— Прапаную мужыка з-пад Крынак, ад якога сёння была пара дэлегатаў з падарункамі! — падсказаў староста.