Што Метэк Віткоўскі ў легіёнах уратаваў ад кулі Пілсуд-скага, з буквара ведаў кожны школьнік. Свайго збавіцеля маршал уладкаваў потым у міністэрства ўпраўляючым. Але нацыянальны герой намазоліў усім вочы самадурствам, і маршалу давялося хаваць яго ў правінцыі.
Стэмпоўскі скардзіўся, аднак абароны прасіць і не думаў.
У маі 1926 года Пілсудскі з вайсковага лагера Рэмбэртув рушыў на Варшаву дывізіі, прапёр прэм'ера Вітаса, прэзідэнта Вайцяховіча ды галавой дзяржавы зрабіў сённяшняга высокага госця Гродна. Генерал Загурскі нешта асмеліўся сказаць супроць і нават ударыў маршала па твары. Пілсудскі выняў пісталет і на вачах людзей генерала застрэліў. Труп заслужанага легіянера зашылі ў мешкавіну ды ноччу апусцілі ў Віслу. З той пары Пілсудскі цвердзіць: «Польшча—гэта я!» — жыве сабе ў Сулеювку, гадуе ружы, ездзіць праз Гродна да сваёй каханкі ў Друскенікі і час ад часу пазваньвае зброяй або стукае кулаком па стале, а прэзідэнт выконвае яго волю. Хіба з-за Віткоўскага гэта палітычная лялька стане ўступаць з ім у канфлікт? Унь як адразу прыціх!
На беразе Нёмана прэзідэнт цяжка ўздыхнуў, аддаючыся ўспамінам.
Восенню гімназісты наладжвалі спаборніцтвы на лепш выразаныя грыбочкі з каштанаў і мініяцюрную мэблю. Вясной жа дрэвы запальвалі цэлыя кандэлябры белых свечак... Загубіць такую прыгажосць! Як упэўнена сябе нахабнік адчувае — нават не прыйшоў вітаць галаву дзяржавы!
На пляцы, перад магістратам (якраз там, дзе калісьці казакі засеклі Голуба), сабраліся гімназісты і дэлегацыі павятовага горада. Ззаду выстраіліся зялёныя сіметрычныя брылы войска. З будынкаў звісалі даўзёрныя бела-чырвоныя палотнішчы. Прэзідэнт прыняў кветкі, дачка каменданта горада, Ванда Квяткоўская, падышла яго вітаць.
У кракаўскім каляровым касцюмчыку, палаючы гарачымі румянцамі, чароўная гімназістка зрабіла рэверанс ды меладыч-ным, як сярэбраны званочак, галаском прадэкламавала:
— Пан прафесар і вучоны, якога ведае ўся зямная куля! Наш дарагі госць, пан прэзідэнт, што ўсклаў на свае плечы адказнасць перад богам і гісторыяй за лёс грамадзян пястоўскай магутнай дзяржавы! Вы з маршалкам Пілсудскім адстаялі для нас вольную і багатую Польшчу, а сваім выдатным вынаходніцтвам горнага паветра ашчаслівілі грамадзян... Грамадзян... I старых...
Тут Ванда збілася з вызубранага тэкста. Пачуўшы, з якім расчараваннем уздыхнулі шэрагі гімназістаў, яна спалохалася і ўжо нібы ля дошкі адказвала нявывучаны ўрок:
— Цяпер... Цяпер самы багаты... У каго мала грошай і хто не зможа ехаць у Татры ці Закопанэ, будзе мець у сваім доме горнае паветра... Бо яно забівае палачкі Коха, якія жывуць вакол нас... I які-небудзь хворы, слабы ці бязногі зможа такім паветрам у сябе на ложку... А палачкі Коха... I наогул... Пан прэзідэнт, калі яшчэ вучыўся ў нашай гімназіі, вырашыў для Польскі, для бедных...
Паненка расплакалася.
— Ну, ну, сціхні, дзіця! — па-бацькоўску прытуліў да сябе госць Ванду пасля няёмкай паўзы.— Бачу, што і ты вельмі любіш Польшчу, а гэта — галоўнае! Хай мацер божая з Чэнстаховы мае цябе пад сваёй апекай! Вазьмі на памяць! — выняў ён з кішэні партманет, падаў пяцізлатовую манетку і, засаромлены сваёй дабратой, паправіў: — На цукеркі з калежанкамі вам!..
Затое старшыня саюза асаднікаў генерал Бэрбэцкі прамашкі не даў. Ён уручыў госцю сімвалічны ключ ад горада, прыклаў два пальцы да канфедэраткі з сярэбранымі зігзагамі, стукнуў абцасамі і добра напрактыкаваным доўгай службай у царскім, аўстрыяцкім і кайзераўскім войску голасам ды лужанай ад гарэлкі глоткай з пафасам пракрычаў:
— Вялікі наш грамадзянін і шаноўны пан прэзідэнт! Мэльдую паслухмяна, што рыцары традыцый Завішы Чорнага і Збышка з Мысловіц, Кміціца і Скшэтускага, Ордона і Пілсудскага клянуцца табе тут, у магутнай сталіцы Стэфана Баторыя, што ў даным бастыёне цывілізацыі на дзікім усходзе яны не дапусцяць сюды лібералізму ды жыда-камуны! Ніякія бальшавікі, ні швабы, ні сусветная плутакратыя не пахісне нас з занятых пазіцый! А калі ўздумаецца ім сунуцца да нас, мы дастанем свае вострыя шаблі і будзем іх сячы, як мы секлі пад Псім Полем, Грунвальдам, Берэстэчкам, Венай і Варшавай, гура-а!
— Гур-ра-а! — з гатоўнасцю і маладым энтузіязмам закрычалі тысячы панічоў і паненак, батальёны салдат, і гэты крык пругкай хваляй пракаціўся па закрытай высокімі будынкамі цэркваў і касцёлаў плошчы. Галубы з магістрата фыркнулі з такой панікай, што захісталіся палотнішчы, і карэспандэнты паспешліва запісалі гэтую дэталь — як памер той цеплыні і сардэчнасці, з якой гарадняне спатыкалі першага грамадзяніна сваёй рэспублікі.
Затым у магістраце купцы і фабрыканты паднеслі госцю падарункі. Зроблена ўсё было далікатна: у тоўстых адрасах прэзідэнт са здавальненнем адчуваў цяжар падарункаў. Не заглядваючы ў саф'янавыя вокладкі, ён адразу здаваў іх сакратару.
Дастойнага госця і ўсіх сабраных найбольш пазабавіла дэлегацыя «мясцовых русінскіх хлопаў» — гэтага племені мяо-мяо, якое жыло на «Крэсах Усходніх». Барадаты стары мужычок у світачцы самавіта і сур'ёзна паклаў ля ног прэзідэнта зашыты дратвачкай мяшок ды коратка аб'явіў:
— Кесару — кесараво, пан прэзідэнт!
Тады сялянка з журботнымі і добрымі, бытта ўвабраўшы-мі ў сябе ўсю зямную мудрасць і боль, вачыма, з годнасцю яму пакланілася, падала суровы сімвалічны ручнік (не станеш жа звойцамі завальваць панскі пакой!) і спакойна прадэкламава-ла:
— Ад нашых ніваў і палёў прымі, пане, сонейкам сагрэтага, росамі памытага, ветрыкам авеенаго вярсту кужалю! На фурманцы ён!