Вершалінскі рай - Страница 38


К оглавлению

38

— Прэзідэнта мо пабачым заадно! — дапамаглі Мікалаю сябры.

— Не маленькія, самі мяркуйце, о! — стаў Шыдлоўскі праз галаву здымаць залатаны фартух.— Чорт вас бяры, мне вашых задніц не шкада, калі трапіце пад гумы! Давайце грошы на білеты, іду купляць сваім, то і вам куплю заадно! Унь кран і шкафчык, там е ўсё, ваксуйце боты!


5.

У той дзень якраз Гродна ашчаслівіў прадвыбарнай «візітацыяй» сам галава дзяржавы.

Хімік па прафесіі, гэты чалавек у маладосці знайшоў новы метад прывязкі азоту. Ужо тры дзесяцігоддзі жыў ён з дывідэндаў, што адчыслялі фірмы за патэнт і паі, а ўрадавыя падхалімы раздувалі яму славу вялікага вучонага. Апошняй сенсацыяй для афіцыёзаў паслужыла бытта бы стварэнне прэзідэнтам машыны для прадукцыі горнага паветра. Гэтае вынаходніцтва мелася вырашыць усе беды на зямлі.

Пасля снядання мэр горада, пан Стэмпоўскі, надзеўшы свой цыліндар, павёў высокага і мажнага пана ў афіцэрскіх ботах ды ў чорным, з заламанымі над вухам палямі, кацялку на інспекцыю.

На Замкавым дзядзінцы прафесар Ядкоўскі завёў прэзідэнта пад палатняны дах. Павольны, як бусел, у клячастых брыджах і ў панчохах да каленяў вучоны паказаў толькі што раскапаную ім княжскую царкву XII стагоддзя. Пад вялізным навесам з суровага кужалю ўражаў сваёй правільнай формай, зіхацеў маёлікавымі пліткамі ўнушальны помнік старажытнай рускай культуры, вытыркаўся з-пад дзевяціметровага культурнага слоя зямлі якраз там, дзе, паводле ўсіх падручнікаў гісторыі, можна было раскапаць толькі касцёл.

Пан прэзідэнт слухаў моўчкі. Ён нават крануў асі-метрычную і плоскую цэглу са слядамі пальцаў старажытных майстроў. Паспрабаваў укалупнуць разведзены на жаўтках і бычынай крыві акамянелы раствор. З недаўменнем паківаў галавой:

— Умелі калісьці рабіць, г-ого!

— О! Майстры былі выдатныя, пане прэзідэнце! — згадзіўся вучоны ды з дасканалым веданнем справы пачаў прафесіянальна распісваць працэс старажытнага рамяства.

Аднак прэзідэнту падзеі васьмісотгадовай даўнасці ўжо апрыкралі. Ён правёў рукой па неахайна сшытым рознымі ніткамі палатне і абарваў вучонага:

— Удалося ж пану раздабыць матарыялу такі кавал!..

Прафесар вінавата замяўся.

— Тут у вёсачцы ля Гродна мужык аб'явіў сябе прарокам, пане прэзідэнце. Забабонныя сялянкі назносілі яму кужалю. Я купіў семсот метраў за паўсотні злотых! Біёлаг Каханоўскі, вандруючы летам з гімназістамі, завітаў у тую вёсачку і падказаў пра палатно!.. «Гарцэжы» мне сшылі...

За прэзідэнтам замацавалася слава добрага гаспадара. Стары і малы ў Польшчы ведаў з газет, як ён даражыць кожнай дзяржаўнай залатоўкай, якія алейкі і клумбы, якія фартухі ды камбінезоны носяць рабочыя ў гарадку, дзе дыміў лісіным хвастом яго завод мінеральных угнаенняў. Калі ён туды прыязджаў летам, адміністрацыя збівалася з ног, глянцуючы пасёлак, тэрыторыю завода, а паліцыя праганяла з пасёлка бо-сых сялянак з кошыкамі і бідонамі.

Іграючы ролю руплівага гаспадара і на Замкавым дзядзінцы, прэзідэнт яшчэ раз пашчупаў палатно і паківаў галавой:

— Семсот метраў за паўсотні, го-го!..

— Але ж — так, пане прэзідэнце! — пачціва пацвердзіў вучоны, прыемна здзіўлены, што менавіта гэтае глупства зацікавіла госця.— Ільняное! Тут яго пяць акраў! Пакрыць дошкамі дах абышлося б мне сем разоў даражэй!

На развітанне госць уразіў сваёй эрудыцыяй прафесара:

— Падчас экспедыцыі Нобіле на Поўнач, як потым было выяўлена, выжывалі толькі тыя палярнікі, хто меў на сабе льняную бялізну!

«Візітацыя» ад Замка адправілася пешшу ў горад, дзе высокі госць калісьці вучыўся ў гімназіі.

Стэмпоўскі, на якога леглі клопаты аб прэзідэнце, паходзіў з первеню, але трымаў фасон. Ён насіў абвіслыя і нафібраныя вусы, а ў воку — манокль. За яго любімую прымаўку гараджане мэра празвалі — Пане Ласкавы.

Сапраўдныя інспектарскія здольнасці свайго шэфа Пане Ласкавы ведаў аж надта. Прэзідэнт быў з тых правяральшчы-каў, якія не здольны заўважыць далей звычайнай прамашкі салдата з ганаровай роты, пабітага акна ці калдобіны на вуліцы. I Пане Ласкавы пастараўся.

У Гродне быў вылізаны кожны камень. Краі бруку абведзены белай лініяй вапны. Выпуцаванае шкло вітрын зіхацела, як крышталь. Цэнтр старажытнага горада ўражаў белізной пабеленых касцёлаў і цэркваў. Лашчылі вока сваёй фарбай рэкламныя шчыты фірмы мыла «Елень-Шихт», «Мэйдэ-Рэвольвэр», папяросных гільз «Гэрбэво», крэму «Нівэа». Зелянелі маладыя дрэўцы. Нідзе — ні аднаго жабрака. Абодва масты праз Нёман, узарваныя ў вайну, ужо злучалі берагі, на гужавым дробненька мільгацелі спіцы сялянскіх фурманак...

Здаецца, не было да чаго прыдрацца. Тым не менш прэзідэнту чагосьці не хапала. Мэр насцярожана чакаў узбучкі.

— А велатрэк яшчэ існуе? — успомніў прэзідэнт, слабасцю якога быў веласіпед.— Я там некалі вучыўся ездзіць!

— Пане прэзідэнце, двухколавая машына ўжо даўно выйшла на дарогу, велатрэкі аджылі,— як мага далікатна і цярпліва стаў тлумачыць яму мэр.— I наш зарос лапухамі. Вайсковыя браліся іпадром размясціць там, але, пане ласкавы, не хапіла ім пораху.

Прэзідэнт нерашуча патаптаўся на месцы, сумнымі вачыма абвёў вуліцу, усё чагосьці выглядаючы.

— Ага! — спахапіўся.—Пан запрудзіў горад італьянскім клёнам! А дзе славутыя гродзенскія каштаны?

— Мой намеснік, Мячыслаў Віткоўскі, іх сплавіў! — загаварыў Стэмпоўскі з крыўдай.— Праводзіў адпачынак у Італии і накупіў там саджанцаў. Вярнуўся з Неапаля, наняў адразу брыгады рабочых. Мы ўсе былі супроць, а гарадняне —- гэ! — тыя нават дэманстрацыю наладзілі! Пабілі рабочых, паламалі ім пілы, але ён паслаў паліцыю і каштаны выцяў у пень. Бяда мне з ім!..

38