Цэлы дзень у сінагозе галасілі яўрэі ў чорных ярмолках з паласатымі тэласамі на плячах. Над талмудамі ў абшарпаных вокладках старыя плаксіва выводзілі кожны нешта сваё, паўтараючы за худым і дзюбаносым кантарам рэфрэн:
— Ашрэй иошвэй вэйсэхо, ойд ялэнухо сэло! Аднак стомленым вандроўнікам увесь гэты калектыўны гвалт не перашкодзіў адсыпацца, а багамолам да чатырох незнаёмых не было ніякай справы.
Прыцемкам страшаўцы пакрочылі далей. Цяпер яны мелі перад сабой усяго дваццаць пяць кіламетраў. За імі натужліва дуднелі па бруку колы нейкай фурманкі. Ціхая ноч абяцала быць цёплай, а над галовамі блішчаў сярпок маладзіка. Хлопцаў як бы наладаваў хто зарадамі энергіі, гумару і бадзёрасці.
Калі яны ўзабраліся на гару супроць Баяр, меляшковец, радуючыся зычнаму голасу, зацягнуў у неба:
Эй, месячэ, месячку, выйдзі за гару,
То я з сваёй міленькай яшчэ пастаю!
Зусім з другой інтанацыяй, з прытупам Мікалай яго перабіў:
Ой, жаль, сэрца рвецца, што дзяўчына не вернецца,
Во-озьмуць яе лю-дзі, мая не будзе-е!..
— Халера, каб не наклікаць якой бяды вееялосцю! — зараз жа спахапіўся дзядзька ды стаў сур'ёзны.
Мікалай паспрабаваў рэпеціраваць прамову, сябры сталі дапамагаць — у Грыбоўшчыне бываў кожны. Атрымалася ў іх несур'ёзна.
— Ліхо яго бяры, хопіць, Альяша размалюю і так! — сам сябе падбадзёрыў аратар.— Мы прывыклі! Стань перадаваць пра ўсё, як яно е, расказваць падрабязна — за жываты будуць брацца, не можа быць, каб гэтаго смеху я не змог расказаць!
У гэты момант і пачала іх даганяць фурманка.
— Хлопцы, мо пачэпімся? — закрычаў меляшковец.
— А што? — ажывіўся Мікалай і прыгледзеўся.— Гэ, Хімка? А хто гэто барадаты каля цябе?.. Ой, Пятрук!.. Куды вас трасца нясе на ноч? А-а, мабыць, кужаль прадаваць вязеце!.. Вядомо, вы нас, землячкі, падвязеце, праўда?
Але хлопцы ўжо ўзабраліся на палатняныя звойцы і падавалі Мікалаю руку.
Шудзялоўскі войт падказаў Альяшу, што ў Гродна збіраецца прыехаць з Варшавы прэзідэнт. Войт параіў што-небудзь падараваць галаве польскай дзяржавы. Багамолы задумаліся.
— Хібо з вярсту кужалю? — запрапанаваў Майсак.— Хай сабе перадасць яго прыютам! Дарыць не свае панам, халерам, падабаецца!..
Астатнім гэтага здалося мала. Давідзюк саслаўся на Біблію, аўтарытэтна заявіў:
— Даюць богу богава, а кесару — кесараво. Трэ завязці яшчэ грошай яму, ісцінно вам кажу!
Альяш напіхаў салявы мяшочак крэдыткамі, ссукаў са свежай каноплі тоненькую дратвачку, зашыў яго і мяшочак даверыў Хімцы.
...Майсак правіў выдзеленай войтам парай коней, а наша цётка прыгрэла мяшочак сабой ды баялася, каб хлопцы не ўздумалі пацікавіцца, на чым яна едзе.
— Ну, Хімка, ты ўжэ ўрасла, пусціла корні ў Грыбаве, змірылася з усім? — дыхнуўшы цётцы маладым цяплом у твар, са шкадаваннем спытаўся ў яе Мікалай.
— Нічого, Коля,— з годнасцю і ноткамі мацярынскай цеплыні адказала яна.— Хто змірае дух свой, той куды мацнейшы за таго, хто пакарае гарады!
— Ха!.. Змірай, змірай — так на шыю табе і ўзлезуць!
— На тым свеце, Колечка, усе роўныя будзем!..
— Паехала зноў пра сваё!..
Хімку хлапец ведаў аж надта: яму адразу зрабілася з ёю сумна. Яго сябры завязалі з Петруком гарачы дыспут, і Мікалай прыслухаўся.
— Ты знайшоў сваю праўду? — упарта адбіваўся ад меляшкоўца фурман.— I кажаш, што бога няма? I маеш рэхт, што так гаворыш! Бо адкуль ты можаш ведаць, што бог е, калі ты не перажыў яго? А я ведаю напэўно, бо перажыў!.. Е ў цябе праўда? То нясі яе высоко і дастойно, як нёс сам Хрыстос, а я буду несці сваю, і не мяшаймо адзін аднаму!
— Не перашкаджаць табе? — не адставаў меляшковец ад Майсака.— У тваёй Бібліі гаворыцца, што першымі людзьмі на зямлі былі Адам і Ева, так?
— Ну, так.
— Адамавы хлопцы пажаніліса і пабудавалі гарады, так?
— Няхай.
— Ты не выкручвайса, а гавары — так ці не? — Ну, так.
— То дзе ж набралі яны жонак і народу ў свае гарады, калі і людзей на ўсім свеце не было, чаму такая брахня стаіць у тваёй хвалёнай Бібліі?.. Не ведаеш? То як жа ты верыш? Цемра ты!..
— Слухай! Калі я ем панцаковую кашу і мне на зубы трапіць асцюг, то я ж не вывальваю міску ў цэбар! Выкідваю толькі асцюг, а кашу ем далей...
— Пра кашу пачаў ужэ ты!..— узрадаваўся Мікалай і кінуўся сябрам на падмогу.— Пра соль і перац шчэ ўспомні!.. А-а, халера, не маеш чым крыць, падло!..
Дарога дэлегатам здалася адным імгненнем.
...Раніцой хлопцы апынуліся на гродзенскай станцыі. У дэпоўскай сталярні знайшлі самавітага Лявона Шыдлоўскага — з ім Мікалай спатыкаўся толькі на сходках.
— Каго бачу, Кахановіч, о! — уставіў на іх выпучаныя вочы сталяр.— Значыць, ты са сваімі ўжэ тут! А да нас учора сам прэзідэнт прыехаў, от што!
Чорны, бы старая і распараная халява, успатнелы твар чалавека быў заклапочаны.
— Кажуць, паліцыя, скону ёй няма, атрымала загад вылоўліваць дэлегатаў, о! — пачухаў дзядзька патыліцу мускулістай і загарэлай рукой.— Цэлы дзень трэ вам, хлопчыкі, насцярожанымі быць, от што! Вечарам пасылаю ў Вільню сваіх кур'ерскім, адпраўлю і вас заадно. У поездзе едзе таксамо і прэзідэнт, але вы не бойцеса, о! У такім вагоне арыштоўваць мо пабаяцца, каб не ўзнімаць скандалу — сам жа дазвол падпі-саў на той з'езд, от што! Калі ўжо крануць на пероне, танна ў рукі не давайцеса—лямантуйце, каб карэспандэнты ўбачылі, яны ж надта іх баяцца! А покуль што залазце унь у стружку ды спіце, о!
— Думаеш, прыйшлі мы да цябе вылежвацца тут? — Кахановіч яго высмеяў.— Вечара дачакаемся без сну, пойдзем горад глядзець! Нашыя бацькі і дзяды егдзілі сюды крэпасць будаваць, усе хлопцы ў войску тут перабылі, і дзевак нашых колькі тут у паноў пераслужыла!..