Вершалінскі рай - Страница 27


К оглавлению

27

— О-го!— здзівіўся нехта ў абсалютнай цішы. — Шэсць тысяч!..

З— алама-алі, брат, паны-ы!..— кінуў другі смялей.— Не паскупіліса!..

— Дурняў знайшлі!

— Грошай ім шкада нашых?

I на ўзгорку наступіла разрадка. Людзі сябе адчулі бы на вясковым сходзе.

— Нічо-ого, на званы збярэ-эм!— прыгроб пецярнёй раскудлачаныя валасы худы, жаўтлявы з твару мужчына і накіраваў ход разважанняў у іншым напрамку.— Калі іх мы ў сваю царкву куплялі, то плацілі па шэсць злотых за кілё, а па сто за пуд. То за шэсцьдзесят пудоў — памнож і палічы. Так яно і выдзе!

— А ты, Ілья, не шкадуй грошай на такую справу, не шкадуй!— закрычала з тлуму бабка. — Каб толькі файныя былі, і з рысу-у-начкамі! На ўсіх яны е!.. Бывало, у бежанстве залезем на званіцу з дзяўчатамі, а там святы Георгій пікай змея пратыкае! I мы глядзім на дзіво, не наглядзімса, аж — страх! Штосьці шчэ там панапісувано святое!..

Нейкі дзядзька нават усхапіўся на ногі і замахаў доўгімі рукамі:

— А я скажу — от што! То ў рысуначку ўся яго моц!.. На іншым так намалявано, што звон табе кожны гром, кожную маланку ад вёскі адгоніць ці пажар які адверне альбо — паморак!.. Эканоміць нам па званах— грэх, праўду вам кажу!

Гэтак доўгую прамову чалавек пракрычаў дыскантам і знямоглы зноў упаў на мурог.

Натоўп загудзеў: хіба можна сумнявацца? Калі трэба для такой справы — сродкі знойдуць і не такія.

— Толькі каб званілі, як на небе!..— выказала пажаданне цётка Піліпіха.

— Майстры цяпер е до-обрыя!..— супакоіў яе жаўтлявы чалавек.— Адно, вядомо, не скупіса — дай ім у лапы, падмаж добро!

— О-о, цяпер усё зробяць, абы грошы!..

— А што думаеш?— памяркоўна ўжо праказаў стары.— Давядзецца махлярам гэтым плаціць, калі цаны нават і не скінуць! Давядзецца вываліць гэтакі капітал, ніц ужэ не зробіш!..


5.

Абгаварыўшы так і гэтак праблему званоў, Альяш перайшоў да справы:

— Цяпер вы мне скажэце — чаго хочаце?

Разгубленыя людзі хвіліну памаўчалі. Усім было так добра, што яны ўжо і забыліся, чаго сюды прыйшлі.

I ў гэты якраз момант шасцігадовая дзяўчынка ля маладзіцы з дзіцячай непасрэднасцю спыталася:

— Дзядзя-а, а праўд... А праўда, дзядзю, што цэрква гэтая з зямлі вырасла?

Праз натоўп пракаціўся стрыманы смяшок — такі, каб не парушыць урачыстасці хвіліны,— пракаціўся і насцярожана змоўк. Стала выразна чуваць, як старыя бабулькі прыглушана абрынуліся на маладую маці:

— Куды глядзіш?!

— Прывяла ў святое месцо і бахура сваго — сачы!

— Усенькую распусту сюды валочаць!

— Божа, як брыдко!..

Спалоханая маладзіца пачала маліць прарока:

— Звіні, Альяшку, чалавек божы, звіні! Маладая яна яшчэ ў мяне зусім, ды надто дасціпная! От, усё ёй, дурненькуй, трэбо ведаць, перапытаць!.. Такая ўжэ ўдаласа!.. Манечка, што табе я казала дома? Ці я цябе не вучыла, і што ты мне абяцала?! Звіні, айцец Ілья, не крыўдуй на малое!..

Альяш і не збіраўся бянтэжыцца і крыўдаваць. На хвіліну ён задумаўся, як бы заглянуў у сябе. Тады стары ўздыхнуў і не надта голасна аб'явіў:

— Вядомо, з зямлі. Цэгла ж і дзераво — з зямлі выходзіць, а то як жа?!

Па натоўпе прабег магутны ўздых палёгкі. У вачах людзей засвяцілася захапленне мудрасцю прарока.

— Так чаго вы ад мяне хацелі б? — паўтарыў Альяш пытанне.

— Долі няма, Альяшку!— паскардзілася цётка з перавязаным вокам.

Людзі ўжо цалкам асвоіліся і памалу пачалі асэнсавана выкладваць свае балячкі.

— Гора ў нас, Альяшку, такое, што не заліць і золатам!— аб'явіла з зямным паклонам сухая кабеціна.— Мелі адную дачку, такую прыгожую — бы сонцо, і памерла!

— Пачакай, скажу я, а то станеш тут зара па-бабску выць!— нецярпліва абсёк яе муж.— Ну і памерла, бо так ёй там было напісано!.. Слухай, Альяш! Дачку павёз я хаваць. Бацюшко за тры злотых не захацеў ісці на могілкі. Спатрабаваў, халера на яго, каб я два дні яшчэ яму адкасіў на балоце! Я са злосці хацеў яму пакінуць пакойніцу на ганку і паехаць, але куды падзенешса? Мёртваму ўсё роўна, як пахаваюць, ды людзі абгавораць!.. I я згадзіўсо!.. А да цябе прыйшоў паскардзіцца, адвясці душу!.. Чаму яны, скажы, нажываюццо нашай бядой, хібо так ім, гунцвотам, дазволено?

Натоўп падтрымаў мужыка дружным абурэннем — дзядзька трапіў у точку. Адусюль паляцелі выкрыкі:

— Што, няма на іх управы?

— Труну не паспееш паставіць у яму, а поп ужэ, глядзіш, і адслужыў!.. Мах-мах сваім крапілам, прабумболіць абы-што і лойдзе!.. Толькі б грошы злупіць!..

— А за хрысціны як дзяруць!

— Бы з ільняного семя масло выціскаюць на маслабойцы — колькі даецца!

— Жызні не маем!.. Прыехалі сіквістратары, за падаткі апісалі ўсенько і пакінулі нас без нічого: ні свіначкі, ні кароўкі, ні курычкі!.. Было пару вулляў, і тыя ўзвалілі на воз, ы-гы-гы-гы-ы!.. — зараўла цётка на ўвесь цвінтар.

— I ў нас таксамо каморнікі лютуюць! — пастаралася перакрычаць плач іншая цётка.

— Веру нашу ганьбуюць надто!.. У нас пропаведзь чыталі па-польску, а хто крычаў, каб чытаць па-нашаму, паліцыя забрала таго ў халодную — сядзець!

— А я — на пуці кастылі забіваў. У рамонтнай брыгадзе. Мне загадалі змяніць веру. Я панам кажу: «Гэто пасталы можно так просто змяніць ці кашулю!..» Яны: «А-а, ты шчэ й адбрэхваешса?!» I з работы праперлі — узялі католіка на маё месцо!

— Скажы, Ілья, прэзідэнту таму пра ўсё гэто. У Варшаве нічого не ведаюць!.. Прэзідэнт цябе паслухае!..

— А што — прэзідэнт?! Пад бокам у гродзенскаго архірэя з Сафійскага сабора касцёл робяць!.. Нанялі нейкіх гіцляў, і тыя паскідалі ўжэ з кумпалаў праваслаўныя крыжы! Думаеш, да Масціцкаго не дайшло, думаеш, ён газет не чытае?.. Усміхаецца толькі сабе дзесь у вусы!..

27