— Ну, то як маешса? — спытаўся Базыль.— Горбішса ўжэ, бачу, і ногі валочыш!.. А як хадзіць мне, на дзесяць месяцаў старэйшаму?! Нічо-ого, гадоў з пятнаццаць шчэ з табой паскрыпім на белум свеце!
— Не думаў шчэ пра гэто, не было калі! — ухіліўся ад пытання прарок.— Ат, пра што маем гаварыць. Памірае найперш не той, хто худ, але той, каму суд!
— Ніц не скажаш, бывае па-рознаму!
Старыя памаўчалі.
— Матыкі парабіў? — Альяш з асуджэннем дакрануўся да жалязяк.— I твае бабы ўжэ распанелі, рукамі не могуць выбіраць бульбы!.. Бачу, і жыто касой пачынаюць некаторыя на вёсцы касіць, — уздыхнуў дзядзька.— Адна распуста пайшла — хутко ў пальчатках да работы стануць выходзіць, ото ж чорту пацеха будзе!
— Дурное ты, Альяш, правіш!— пасур'ёзнеў Базыль.— Калі мы былі дзяцьмі — дашчаная падлога грахом лічылася! А памятаеш, як бабы не хацелі з курных хат перабірацца?.. Ды што — бабы! Нашыя бацькі нават плуга баяліса, бо думалі, што ад яго збажына перастане расці. «Плугам гараці — шылам хлеб есці!» — цвярдзілі. Ды валамі толькі поле абраблялі! Усё палохалі адны адных, што конь капытамі раллю здратуе. Кожны гаспадар па пары быкоў трымаў і хваліўса: «Вол — божы сокал, звер хрышчоны, ён Хрыста няньчыў, а конь — чортаў падгрузнік, яму не раўня!» Ажно — дзе тыя валы? Бачу, хоць на дзеравяных васях ездзіш ды з лазовымі віткамі замест атос, а сахой і ты не надто гарэш, буланчыка свайго ў плуг запрагаеш! I пасталы абуваці не хочаш, бы твае багамолы і багамолкі!
Альяшу было непрыемна перад дзецьмі, але Аўхімюк не даваў аказацца.
— З таго часу як прыйшоў з войска, боты, нябось, юхтавыя носіш, бо любіш, падло, ногі сухімі трымаць! I ў той Кранштат не пешшо, як усе праведныя страннікі, хадзіў, а — пасажыркай, бы той пан, ха-ха!..
Альяш вінавата апусціў галаву.
— Што матыка, то не кіпцюры, не скажы! Параблю да іх чаранкі, і маёй Гандзі ды нявесткам усё менш нагінацца будзе! От, якраз меў вольны час, накінуў кажух на плечы, каб сонца ў авечую скуру пякло, а не ў маю, і схадзіў у Плянты да каваля, узяў аж тры штукі за пуд жыта. Восенню — як знайду!
— Усё роўно — непарадак. Паглядзі, як маладыя абыходзяцца з бацькамі? Ніякай пашаны! Вольга мая...
— Альяш, за што некаторых бацькоў шанаваць? Вазьмі крынкаўскаго Хайкеля. Аддзяліў сына, узяў да Голды зяця, кожнаму дзіцяці выдзеліў капітал ды яшчэ і дапамагае, покуль яно акрэпне. А што я сваім магу даць? Ты ж сваіх проста прапёр з хаты!.. На свет мы іх з табой пусцілі? То і сабакі пацекаюць і потым раджаюць, затое шчаняты, як падрастуць, бацькоў цураюццо!
Базыль бразнуў матыкі пад плот, дастаў капшук, крэсіва, пачаў круціць самакрутку. Ён — плячысты і худы, з рэдкімі, пракуранымі вусамі — паслініў цыгарку і з вышыні свайго росту, нібы заглядаючы ў глыбокую яму, паглядзеў на сябра прыжмураным вокам.
— Ну, а ты ўсё са сваімі багамоламі і багамолкамі палітыкуеш ды забаўляешса?
— Што зробіш, людзі патрабуюць.
— Патрабуюць, значыць. Тэ-эк. Праходзіў каля тваёй бытта святой будыніны. Цябе там ужэ чака-аюць!.. Разлягліса на траве цыганскім табарам... Э-э папы, кудлы, прапілі цэрквы, панам прадаліса, жываеды, і няма ім веры ад народа!.. Няшчасныя, затузаныя людзі цягаюцца па белум свеце, праўды шукаюць, не ведаюць, куды і туліцца, а ты іх дурыш — манну нябесную абяцаеш!.. Ой, з агнём, Альяш, іграеш!.. Давядзе твая гульня да кепскаго, загубіць цябе твая палітыка, памянеш маё слово!.. Нашто табе яно старому чалавеку?
Альяш хаваў вочы.
— Адумайса і кінь усё гэто, покуль шчэ не позно!.. Пабудаваў царкву, і добро, хай людзі моляцца ў ёй, хто так вельмі хоча, шчэ вы-ыдумаў штось!.. Халера, які з цябе прарок, што яны трэляць?.. Цяпер вучаным трэ быць на гэто, а ты адно распісацца ўмееш да кніжку сяк-так прачытаць!.. Адно вёску смяшыш!
Альяш з апушчанай галавой плёўся далей.
— А-а, не любіш, падло, ужэ праўды?! Ідзі, ідзі!..— пачаў Базыль красаць агонь.— Шчэ памянеш маё слово!..
— Разумны надто!— буркнуў дзядзька ды напаў на малога, які падвярнуўся пад ногі:
— Чаго вушы развесіў?! Марш, гіцлю, дахаты!.. Валэндаюццо, байструкі, праходу з-за іх няма людзям!.. Ламачыну зара на вас знайду!..
Раптам людское мора на цвінтары перастала заўважаць прапаведнікаў і ўстрапянулася.
— Сам ідзе!—прабегла па людзях вэстка электрычнай іскрай.
Цёткі і дзядзькі дружна бухнулі на калені, мужчыны яшчэ пазрывалі шапкі, перапалохана ўсе ўталопіліся ў прыгорбленую фігурку старога ды акамянелі.
Альяш падышоў і спыніўся. Сумным позіркам ён абвёў пляцоўку з падарункамі, палатнянымі палаткамі гандляроў з развешаным стракатым таварам, шэрае, бы зямля, мора апранутых у зрэбніну чалавечых целаў, застылыя галовы жанчын і мужыкоў, цікаўныя вачаняты дзяцей, якія папрыходзілі з мацяркамі, — і таксама замёр.
Пару хвілін усе маўчалі.
У мёртвай і напружанай. цішыні сіратліва і трывожна прабляяла авечка. З кузні ў Плянтах даляцеў рытмічны перазвон. З сіплым шумам распароў магутнымі крыллямі свежае паветра бусел, над цвінтаром даў круга, падкурчыў лапы ды спакойна сабе пайшоў зніжацца на выган. А недзе ў бязбрэжнай высі гэтак жа бескланотна і бадзёра, як сто, як тысячу, як дзесяць тысяч гадоў таму назад, з настойлівасцю толькі што заведзеных аўтаматаў, званілі раўнадушныя да чалавечых клопатаў і бед нябачныя жаўрукі.
Дагэтуль пры спатканні з народам Альяш не адчуваў да яго ніякай жаласці, абыходзіўся з людзьмі бесцырымонна і рэзка. Сёння яго бытта падмянілі.
— Гэ, паздымалі!.. Надзеньце, надзеньце шапкі, бо прыпякае!— кінуў ён бліжэйшым дзядзькам, якія глядзелі на яго з пашанай.