Вершалінскі рай - Страница 18


К оглавлению

18

Айцец Уладзімір на ўроках рэлігіі ў класе маляўніча апісваў загробны быт, а ў нашых суседзяў — Клемусавага Сцяпана і Малога Рыгарулькі ляжала на стале Біблія. У ёй пра ўсё гэта было надрукавана ды паказана яшчэ на страшных малюнках.

Я быў упэўнены — у вялізных катлах са смалой будзе кіпець настаўнік Янкоўскі, які высмяяў мяне перад класам, бо я не ведаў, як па-польску называецца матылёк.

Будзе там смажыцца і стары Ціванюк за тое, што цкаваў мяне сваім кудлатым Рэксам, і паліцыянты, бо яны не раз забіралі майго бацьку ды некуды вывозілі, і тады нам з Валодзькам трэба было вельмі рана ўставаць, самім рэзаць сечку каровам і кабыле, сячы дровы...

Ну, вядома, будуць кіпець у смале і яўрэі — а чаго яны ў бочках з цвікамі выкачваюць з хлопчыкаў кроў і пякуць з яе мацу на свой вялікдзень?

Я сабе выразна маляваў, як абкружаныя варонамі на небе чэрці, счапіўшыся хвастамі для большай устойлівасці, зграбаюць віламі грэшнікаў, ладуюць на фурманку ды перасыпаюць іх соллю, чырвонымі мурашкамі і павукамі.

Вароны зларадна каркаюць, стары Ціванюк, паліцыянты, Янкоўскі лямантуюць і просяцца, але чэрці няўмольныя. Наладаваўшы нягоднікамі воз з капцом, рагатыя працавітыя істоты паганяюць коней да вялізнай адтуліны, з якой валіць смаляністая пара і дыхае жэрла вулкана — аж зажмурваць трэба вочы!

Змакрэлыя і памурзаныя д'яблы плюхаюць злыдняў у кіпучую вадкасць — толькі разлятаюцца пырскі! Так ім і трэба! Хіба можна, каб на свеце была несправядлівасць, каб адзін аднаго крыўдзіў толькі з-за таго, што ён большы?

Яшчэ я ведаў ад цёткі Хімкі — за мной неадступна ходзіць анёл-храніцель. З-за яго часамі я і за стол садзіўся надта асцярожна, каб не прыціснуць апекуна плячыма.

Нават паміраць мне не было страшна. А чаго баяцца? Пасля смерці мяне чакаў рай — жыццё, як у дачнікаў з Гродна ці з Беластока, што наязджаюць летам у вёску: ні табе ўрокаў, ні пасьбы кароў, — хадзі сабе ў трусіках сярод сіняватых султанаў паглянцаванага сітніку ля рэчкі, лаві слімакоў ды яршоў, ганяйся за конікамі з цэлафанавымі крыльцамі ды еш, колькі сабе хочаш, шакалад і цукеркі ў сярэбраных паперках.

Калі мяне крыўдзілі часам бацькі, я нават марыў хутчэй памерці. Будуць мэнчыцца, успамінаць, як мяне крыўдзілі, плакаць — і няхай! — казаў я ў такіх выпадках і горача шаптаў малітву.

У Альяша я паверыў з радасцю.

У маім уяўленні паўставаў палац са шкла, які іскрыўся, бытта празрысты лёд у марозную раніцу. У тым шыкоўным палацы я ўжо бачыў прарока — ма-гутнага волата, бы Ілью Мурамца. Волат лунаў на дыване-самалёце з пакоя ў залу, з аднаго паверха на другі, галава яго зіхацела, бы поўня, арэолам незямнога святла, а вакол пырхалі з залатымі трубамі го-ленькія анёльчыкі і рассявалі жменямі агністыя іскрынкі.

Цяпер я не прапускаў магчымасці, каб не паслухаць таго, што гаварылі пра Альяша. А ў нас аб ім гаварылі кожную раніцу, кожны дзень і кожны вечар.

Найбольш пра падзеі ў Грыбоўшчыне ведала Нюрка, што хадзіла з хаты ў хату і ткала ўсім дываны: дзяўчына зарабляла так на пасаг сёстрам грошы. Да красён наняла яе і мама.

Нюрка паходзіла з белавежскай вёскі Забагоннікаў, з кур-ной хаціны. У такой халупцы не дыхні ад чаду, не прыткніся ні да чаго ад сажы, і дзеўцы належала быць худой, як дранка, чорнай ды засмоленай, бы смалакур, з выедзенымі ад дыму вачыма. Наперакор логіцы Нюрка была чырванатварая і здаро-вая. Сацінавая кофта на ёй свяцілася снежнай белізной. На грудзях красаваліся свежая валошка і васількі. Мокрыя бялкі яе сініх, як у нашай мамы, толькі поўных вачэй былі чыстымі — нібы вымытая эмаль на новай каструльцы. А з-пад бёрда дзяўчыны выходзілі з лёгкасцю, бытта нараджаліся самі сабой, дзіўныя ўзоры аленяў і шашачак — зялёных, жоўтых, бардовых...

Незямная белізна вышытай Нюрчынай кофты, яе майстэрства, бляск эмаліраваных бялкоў і пашмараваных кароўім маслам валасоў паступова мяне ўпэўнілі, што Нюрка — святая, і я заміраў каля яе сам не свой.

Найчасцей я хаваўся ў цёмны куток ды загіпнатызавана пяліў вочы на дзяўчыну-анёла, упіваўся яе голасам і выглядам. А ў гэты час нахіленыя над кроснамі жанчыны гаварылі пра рай.

— Мая мама кажуць: «Покуль перазімуем, то гэтак намерзнешса, што летам сама сабе не верыш — няўжэ ўсё гэто чалавек выцерпеў!» — манатонна цягнула Нюрка. — А ў раі табе заўсёды цяпло і файно, бы ў нас на Пятра — зіму і лето можно нават без рукавоў хадзіць! Адно трапіць туды можа не кожны, бо апосталы за гэтым надто ж сочаць.

— А-а, глядзяць вельмі, кажаш?— не то ў жарт, не то ўсур'ёз, перапытала мама.

— А то як жа! Туды хацелі б усе, вядомо!.. Мая мама трапяць у рай напэўно. Яны — ні аднаго пацера, ні паста не прапусцілі, ні адной лаянкі не вымавілі, у нядзелю нажа ў рукі не ўзялі!.. А я надто грэшная. О-ой, грэшная, о-ой, як!.. Ужэ ў мяне ўсё до-обро, до-обро ідзе, а потым і сама не бачу, калі наемса без меры ці пачынаю абгаворваць сваіх дзяўчат... Ніхто не чуе, у галаве сабе абгаворваю, але ж гэто — усё роўно! — дзяўчына са шкадаваннем уздыхнула: — Сатана, вядомо, падбівае, а я паддаюсо яму...

— I ніяк не можаш стрымацца?

— Ох, і малюсо, і кару сабе прыдумваю, а ўсё дарэмно!

Мне таксама было дасканала вядома, за што туды трапляюць. За знішчаную вужаку бог даруе чатыры грахі. За ссечаную крапіву пад плотам — пяць грахоў мінус. Напаскудзіш у рэчку — дабавіш супроць сябе два, кінеш на зямлю кавалачак хлеба — тры. I адразу даруюцца ўсе грахі, калі заб'еш рапуху. Але ж рапуха — ведзьма, паспрабуй забі толькі! Покуль замахнешся каменем, кіне чары, і яшчэ памрэ твой бацька ці маці!

18