Вершалінскі рай - Страница 17


К оглавлению

17

— Вытыка-аць роднаму бацьку, папрака-аць мяне ўздумала?!. Ты для бацькі... Ты для яго... Ты павінна мне рукі і ногі цалаваць і да зямлі кланяцца! Даўно я цябе крапівой сцябаў, распуста!

— Во, во, заўсёды вы так!.. Ці хоць раз я ад вас добрае слово пачула, ці вы мне калі хоць раз кухана купілі?!

— Пра булкі загаварыла?! Не аб душы, а унь пра што, аб распусце ўспомніла?!— усхапіўся з лавы, пайшоў да яе разлютаваны ўжо Альяш.— Плявузгаць на роднага бацьку прывалакласа сюды?! Хібо я пры сваім так пасмеў бы?.. Хібо я бацькоў сваіх калі-небудзь...

Дачка не зварухнулася з месца, з выклікам глядзела ў вочы старому. Альяш азірнуўся, каб хапіць што-небудзь у рукі, але нічога не трапляла.

— У-у, паразбэшчвалі вас усіх гарады, параспускалі, і вы бога забылі, сатане паддаліса!.. Мало, мало я цябе, заменак ты, дзяжыў малую, толькі цяпер гэто бачу!... Марш, вырадак, з маёй хаты, багахульніца, марш адгэтуль!

— Ат, нічого, бачу, ужэ вас не перайначыць. I праўду людзі кажуць — з якой лысінай жарабя родзіцца, з такой і здохне! —устаючы, уздыхнула раптам паспакайнелая дачка, а голас яе зрабіўся цвёрдым. — Можаце не выганяці, пайду сама!

Вольга накіравалася да дзвярэй.

— Пагу-утарыла з родным таткам, от і пагу-ута-рыла, нічога не скажаш, файно пагаварыла!..

— Шчэ й грошай царкоўных дай ёй, бачылі вы такое?! — аж сіпеў разлютаваны стары.

— Годзе ўжэ не трэ, калі вы гэтак сляпыя!.. Пайду без іх! Пайду прасіць у крынкаўскаго Хайкеля!

— Ідзі, ідзі, багахульніца, да жыдоў-недавяркаў! Толькі табе і засталосо ісці да іх! Бо краста на табе няма! Вырадак антыхрыстаў! Бальніцы захацеласо! Давядуць вас гарады са сваімі выдумкамі, пачакайце: усе ў пекле будзеце!.. Палітыкаваць шчэ яна будзе тут у маім доме!..

Ля парога дачка прыпынілася і заявіла з пагрозай:

— I пайду. Пайду да зусім чужых людзей у Беласток, наймусо служанкай, ці ў Валілах — на тартаку дошкі стану насіць! Да найгоршай работы наймусо, а ўсё роўно Волеся выратую!.. Не дапушчу, покуль жыціму, каб мае дзеці пасталі сіротамі — ніколі гэтаго не будзе!.. Адно запамятайце, тату: і ўнукам закажу, каб вас не прызнавалі і нават не глядзелі ў ваш бок!

Вольга бліснула злымі вачыма на багамолак.

— Заставайцеса тут з гэтымі прыдуркамі, іграйцеса сабе ў святых і анёлаў!.. Цьфу на вас за Волеся, за Толіка, за нашу няшчасную маму, і будзьце вы праклятыя на векі вечныя!

Дачка з усяе сілы ляснула дзвярыма ды пайшла.

— То, Альяшку, бог не пакрыўдзіўсо б, не пакараў бы мо цябе моцно так за такое!..— асцярожна параіла старому Хімка. — Усё ж такі — роднае дзіця, свая крывінка!.. Даў бы ты ёй тыя грошы, што яна прасіла. Дзе ж Вользе такі капітал знайсці цяперака?!

Прарок вызверыўся і на яе.

— А дулю бачыла?! Я ім — крынкаўскі ліхвяр, па-твойму?! Я ім — працэнтнік?! Ого, чаго захацелі!.. Адно пачні пазычаць, і пабягуць да цябе галадранцы, казначэем у іх так і зробішса на вёсцы!.. Адзін табе верне пазычанае, за іншым папаходзіш, трэці скажа — не браў і знаць цябя не знаю!.. Пачнецца зайздрасць, абгавор, хібо іх не ведаю?! Грошай царкоўных яны ў мяне і на панюх не атрымаюць!

— Маеш рэхт, Ілья!— падлашчвалася Сахарышына сваячніца.— Гадуй, гадуй дзіця, і ад яго потым ніякай ні пашаны, ні дапамогі, толькі — крыўда і сорам!

— Сама бачыш, як шануюць цяпер яны сваіх бацькоў!.. Яйцо курыцу бярэцца вучыць!..

Людзі з Грыбоўшчыны памятаюць толькі адзіны выпадак, калі парушыў Альяш сваё правіла.

Ехаў стары ў лясніцтва Пачапок, а Мікалай Чарнецкі пры самай дарозе араў. Альяш даў Чарнецкаму «бог помач!», Мікалай, як заведзена, адказаў «бог заплаць!» і хацеў ужо пагнаць кабылу, ды ўбачыў, як з Альяшовага возіка штось выпала. Араты крыкнуў фурману, каб спыніўся, сам выйшаў на дарогу ды падняў з каляіны конскую торбу.

— Але і цяжкая яна ў вас! — здзівіўся Чарнецкі, узваж-ваючы на руках Клімовічаву згубу.— Вы свайго буланчыка, дзядзьку Альяш, чыстым аўсом, мабыць, корміце ды шчэ й солі падсыпаеце, то-то ён у вас у яблыках увесь!

Стары споўз з воза, замітусіўся.

— Ты глядзі, як жа яна ў мяне вы-ываліласа, халера на яе? Я, здаецца, так трымаў пад сабой...

Альяш развязаў вузел, і Чарнецкі ледзь не абамлеў, убачыўшы столькі грошай.

— Бяры сабе тры жмені за гэто! — шапнуў Альяш, бытто іх хто мог на полі падслухаць.

Чарнецкі замяўся.

— Што вы, дзядзьку, не трэ мне вашых гро-ошай, што з імі буду... Я падняў, бо бачу, штось вываліласо...

— Бяры, бяры!..— таксама разгублена ўгаворваў ён Мікалая, хаваючы слязлівыя ад расчуленасці вочы. Прыгадзяц-ца! Хату сабе пакрыеш гонтай!.. Або — дахоўкай!.. У Стоках пад Свіслачу, цяпер вырабляюць надто добрую — ніякі вецер не паб'е... I спецыяльныя дзірачкі ў ёй парабленыя для дроту, і выпалена над-то добро...

Але і гэты выпадак здарыўся тады, калі Альяша вынесла на вяршыню славы.

Альяшова багацце разыходзілася бязладна.

Дзядзька закупляў вялізныя распяцці з пазалочанымі ланцужкамі.

У гандляроў Альяш набіраў цэнтнеры свечак, сярэбраныя кадзілы і шмат іншых царкоўных рэчаў.

Аж у Пачаева пасылаў дэлегацыю па іконы Журовіцкай маці божай на грушы ў аправе з чыстага золата...

Бо Клімовіч і сам быў поўны забабонаў і містыкі. Каб упэўніцца ў гэтым, нармальнаму чалавеку дастаткова было на яго зірнуць хоць адзін раз.


Раздзел другі


1.

Прарока давялося мне бачыць, і спатканне з ім патрабуе падрабязнага апісання. Бо пра Альяшову эпапею я цяпер апавядаю рэтраспектыўна, з пункту гледжання сталага чалавека. Але тады я бачыў падзеі інакш.

Мяне хоць і выхоўвала атэістычная сям'я, але я цвёрда верыў у загробнае жыццё.

17