Я старанна вёў падлік сваім прамашкам. Падлічваў кожнага забітага на балоце ці ў лесе гада, знішчаную на вёсцы крапіву ды ўважліва сачыў, каб сума адных учынкаў заўсёды перакрывала другія. Выходзіў цвёрды баланс, не ўпусціць мяне з Нюркай у рай ніхто не меў права.
Найбольшай прыемнасцю было ствараць фантастычныя вобразы, як я з ёю лунаў сярод аблокаў і нам свяціла сонца, гучалі пчолы, клапатлівыя чмялі задам выбіраліся з кветак, на страсе ля рэчкі клекатаў бусел, а яго бусляняты з яшчэ чорнымі дзюбамі прабавалі крылы.
— ...Лоні абнавіласа ікона і ў нас,— адкусіўшы пітку, цягнула дзяўчына ўжо пра іншае.— Спасіцель абнавіўсо. Развесіла я тады бялізну на плоце, вярнуласа, а штоеь зіхаціць на ўсю хату!.. Мы з мамай глядзь! Ажно ікона гэто!.. Альяш падарыў маме і тату аж дзве. Такія фа-айныя, бага-атыя — за шклом абедзвія!.. Блаславіў і кажа: «Наце, на вашу жызню бу-дзе: табе — спасіцель, а табе, Ганна, Заблудаўскі Гаўрыіл...»
— А чаму яны ўсё абнаўляюццо, скажы ты мне, Нюрка?— гэтаксама паўжартам, паўсур'ёзна пацікавілася мама.
— Такая е тайна божая, цётку, такая е сіла гасподня. А як вы хочаце?.. Усё ж такі лік святы!.. Або часамі на чалавека надыдзе неразгаданая сіла боская, і ён сам не ведае тады, што і скажа. Як на Альяша. Яму так адкрыто, што ён кожнаму ўказвае на грэх. Аж жутко — так адданы богу і служыць праўдзе! Якаясць гарадская маладзіца падышла да бласлаўлен-ня, Альяш ёй: «Ты свае валасы падвітыя выкінь і шпількі павыкідвай. Думаеш, ашукаеш каго?» А яна і праўда так харашэ падвіла сабе іх, бо кароткія былі, ледзь і разгадаеш!.. Гэтак ён кожнаму, цётку, адразу праўду ў вочы кіне — ці пра твой блуд які, ці фальш або махлярства...
Жанчыны хвіліну памаўчалі.
— Штось нашай Хімкі даўно няма з Грыбоўшчыны,— успомніла мама.— Трэці тыдзень моліцца там... I гаспадарка зрабілася для беднай нямілая, яе бульбу мусела я матыкаваць!.. Мо назаўсёды там застанецца? Але ж хто стане тады яе гектары абрабляць, нам і на свае часу не надто хапае!
— Жоны-міраносіцы работы там ма-аюць!.. I нашыя дзяўчаты з Забагоннікаў пайшлі туды!
Нюрка ўздыхнула над асновай, задумалася.
— Альяш бярэ іх у святыя дзевы... Вытку вам гэтыя дываны, пайду туды таксамо.
— Пойдзеш?..— паспачувала мама.
— Чаму не пайсці, падумайце, цётко Марусё?.. Дзяўчаты нашыя добро там маюць так!.. Толькі много псалмаў даводзіцца развучваць, але ж хібо гэто работа?.. Жывуць сабе на ўсім гатовым...
«А як жа я без Нюркі буду?»— агарнуў мяне жах. Нейкі час толькі стукала бёрда, і са свістам прашываў ніткі чаўнок.
— Цётко Марусё, а Ілья хутко і праз ваша Страшаво будзе ехаць.
— Адкуль ты ўзяла гэто?
— От, пабачыце,— таямніча намякнуў мой анёл.— Ведаю, што кажу...
— I чаго чорт панясе сюды яго?
— Так яму ўсё ўказвае.
Паступова нашу вёску пачала разбіраць ліхаманка, што вось-вось з'явіцца Альяш. Цяпер бабы толькі і гаварылі пра падзею. Мужчыны гразіліся, што падстрояць фокус.
— Хай, хай адно з'явіцца!..— нядобра бліскаў вачыма бацька.
— О-о, Страшаво яму не якія-небудзь Празнікі!..— гаварылі іншыя мужчыны.— Не сунецца больш!
Гэтым часам іхнія жанкі чакалі святога, бы архірэя. Нават сабраліся на савет. Цётка Кірыліха параіла бабам выслаць перад ім кужэльнае палатно, як рассцілалі мацяркі і свякрухі перад Заблудаўскім Габрусём. Жанчыны так і гэтак абгаворвалі прапанову, ды ўсе прыйшлі да згоды, што мужыкі, халеры, ім выслаць палатно не дадуць — цяпер не тыя мужчыны.
— А-ай, пра што мы гаворым! Дзеці збегаюць у альшынку і наламаюць галінак! — знайшла выйсце цётка Сахарыха.— Праўда, наламаеце, хлопцы?
— Налама-аем! — з гатоўнасцю пракрычалі мы.
— Ну і годзі!
— Лісты вольхі шчэ маладыя па-ахнуць так!..
— Высцелім дарогу зялёнымі галінкамі, і шчэ як файно будзе!
Але прарок з'явіўся ў вёсцы нечакана, было ўжо не да галінак.
— Прыехаў! — У момант малыя абабеглі хаты. Бабы пасыпалі на вуліцу і адранцвелі. Сталі збірацца ўжо і мужчыны.
Мы з братам якраз вярталіся са школы, падышлі да зборышча і ад здзіўлення забылі нават закрыць раты.
Дзівіцца было з чаго.
На фурманцы сядзеў сухенькі дзядок з даўзёрнай барадой ды цьмянымі вочкамі, якія патанулі ў шчацінні. На ім была саматканая світка, кужэльныя нагавіцы ды звычайныя сялянскія боты — ні разу не чышчаныя, закасцянелыя, са стаптанымі абцасамі і скрыўленымі заднікамі.
Яшчэ больш уражаў дыван-самалёт, якім святы кіраваў.
Шустры буланы конік цягнуў вазок з тоўстымі дзеравя-нымі восямі. Нашы дзіцячыя душы ўразіла, што замест атос ад колаў да аглабель напружылася, як дзве струны, пара лазовых вітак. Хамут да аглабель Альяшовага возіка прымацаваны быў вяровачкамі. Ніякіх табе набэдрык — адзін падхвоснік, а на голых дошках пад пасажырам — старая конская торба. Толькі хвост буланчыка быў завязаны ў такі самы фарсісты вузел, якім завязваў сваёй кабыле і наш бацька. На жываце ў коніка выпіраў дакладна, як у нашай Машкі, гуз, памерам з гусінае яйка,— і конік, мусіць, лёг на капыта і прапароў сабе трыбушыну.
Покуль буланчык, зганяючы мух, падрыгваў скурай, Альяш на страшаўской дарозе гаварыў. Аднак гаварыў ён мала, неяк ціха і спакойна, больш усё слухаў, бы кагосьці чакаў ці насцярожана выглядаў...
«I гэто той святы-ы?!.— не мог прыйсці ў сябе я.— Выходзіць, і праўда бацько казаў, што бабы так сябе ўгаварылі, як тады, бытта ў цёткі Агаты абнавілася ікона?!.»
Якія ўжо страшаўскія мужчыны былі бязбожнікі, як яны ні злавалі на грыбоўшчынскага дзядзьку, аднак перад нечаканым дзівацтвам разгубіліся таксама. Стары Цівашок збіраўся яму напомніць, як разам разганялі яны музыкі, ушчамлялі ў лучыну хвасты катам ды цешыліся, што ашалелыя кошкі носяцца па вуліцы. Дзядзька Верабей меўся сказаць, як завязвалі на галовы дзеўкам спадніцы, сачынялі байкі пра святых і грэшных, мацер божую і манашак. Бацька кават на-мерваўся нацкаваць на яго нашага Брытана... Але ўсе яны цяпер тырчалі зводдаль, анямелыя.