Махінатар паўзіраўся на Кастэцкага са шкадаваннем і паціснуў плячыма:
— Ідыёт!
Абодва паўпанкі накіраваліся да царквы. З развязанасцю адпетых бандзюгаў расштурхалі яны бабак, дабраліся да галоўнай іконы і на вачах натоўпу напхалі сабе кішэні купюрамі.
Покуль ашаломленыя святатацтвам бабкі апамяталіся, покуль вярнулася да іх здольнаець галасіць, жулікі былі ўжо на вуліцы. На цвінтары ўзняліся паніка і лямант. Мужчыны рынуліся з каламі за зладзеямі, але тыя ўпалі ў хвойнічак, і толькі іх бачылі.
То быў звычайны эпізод, пра яго да вечара забыліся.
У распараджэнні прарока і пасля пакраж заставаліся сумы не малыя. На здаровы розум з такімі сродкамі Клімовіч і праўда мог бы што-небудзь карыснае зрабіць народу — пабудаваць у вёсцы школу, бальніцу, дапамагаць бедным, але дзядзька ад гэтага быў надта далёкі.
Нават калі хто з вяскоўцаў прыходзіў да Клімовіча пазычыць на каня, які зламаў нагу, на карову, бо дзеці жылі без малака, дзядзька Альяш ніколі грошай не даваў. Нават не вельмі ўступаў пра гэта ў гаворку. Збедніцца і кажа:
— Адкуль іх узяць — я сам думаю пра гэто! Столькі мне тірэ будаваць шчэ, званы купіць!..
Аднойчы зяця яго завезлі ў беластоцкую бальніцу выразаць сляпую кішку, і да Альяша раніцой прыбегла ўсхваляваная дачка, Вольга.
— Здрасце, тату! Ну, як вы жывеце тута? — акінула яна позіркам бедную хацінку.— Столькі гадоў у нашым доме ні разу не была!.. Ой, якое ў вас усё чорнае і бруднае!.. Не мыеце нічого, не праветрываеце хаты! О, нават смецце не падмятаеце, чаму-у?
Толькі цяпер яна ўбачыла двух жанок-міраносіц, якія прытаіліся за бацькавым ложкам і над адчыненым куфэркам.
— Ужэ не могуць дапамагчы вам гэтыя кватаранткі, адсохлі б ім рукі! — абурылася дачка.
У Альяша якраз жыла наша Хімка з Сахарышынай пляменніцай.
— Калі ваш тато не хо-очуць, каб мы яму прыбіралі! — вінавата ўставіла цётка Хімка.— Колькі раз мы браліса, але яны не даюць!
Вольга цётак не заўважала:
— Ладно, потым навяду парадак — прыйду знарок. Цяпер я да вас па справе!
Дачка сцішыла голас і папрасіла:
— Тату, дайце грошай. Дахтары патрабуюць дзвесці злотых за аперацыю і гавораць, калі не заплачу напярод, да Волеся нават і не падступяцца, глядзець не стануць! А дзе ж мне ўзяць такі маёнтак, падумайце самі,— гэта ж дзве каровы!
У бацькі — ні спачування, ні спагады, ні цікавасці, хоць ён дачкі столькі не бачыў. У яго вачах была адна насцярожанасць.
— Нікому не даю! — заматляў галавой.
Вольга не спадзявалася, што стары адразу яе і па-слухаецца, таму не пакрыўдзілася. Яна рашуча падсела да яго на лаву, працягвала сваё.
— Каб быў які хваравекі, як некаторыя мужыкі, а то — гэткі здаровы мужчына!.. Ніколі не хварэў — бы корч той, вы ж яго добро ведаеце!.. А ўзяло!.. Богам малю — дайце, тату! У вас жа і так раскрадваюць іх, хто толькі хоча! Не шкадуйце для такой справы!.. Дахтарам — што!.. Памятаеце Балейку з Гарадка?.. Ён не заплаціў, так жонка і памерла ў пустым калідоры гарадоцкай бальніцы!..
Стары сурова маўчаў.
— Загіне Волесь, застануцца сіроты, што ж я з імі рабі-іці-му, у-гу-гу-гу-уу!..— паспрабавала яна разжалабіць бацьку плачом.— Вы ж мяне і замуж аддалі без ніякаго пасагу, і ад спадчыны дзядзькі Максіма нічого не дасталосо, то пашкадуйце хоць цяпер! Што для вас значыць якія-небудзь дзвесці злотых, калі ў вас е тысячы!
— Не магу, Вольга, царкоўныя яны, не мае. Грэх мне іх раздаваць! — уздыхнуў ён цяжка і хвіліну памаўчаў, як бы паўзіраўся ў сябе.— Дасць бог — чалавек твой не памрэ, не плач. Валасінка не спадзе з галавы нашай без волі госпада!
Ашалелая маладзіца нейкі час моўчкі, неразумна глядзела на бацьку.
— А-а, то вы ўсё такія ж са-амыя?!.— раптам яе прарвала, а застылыя ля пераносіцы дзве слязінкі заіскрыліся халоднымі аганькамі.— Так слухайце ж цяпер, тату, я вам скажу ўсю праўду! Вартаўнік ваш, Фэлюсь Станкевіч, — злодзей! Ён вас абакраў! Ніякаго чорта ў царкві тады не было!.. Фэлюсь упусціў вам чорнаго пеўня праз акно!.. Вы з царквы кінуліся бегчы, а ён сабраў у мяшок грошы і перадаў швагру ў Шудзялава!.. А швагер той адразу купіў малатарню, астатнія паклаў на кніжку і цяпер з вас, дурня, смяецца! Панапіваюццо ў крынкаўскім рэстаране і хваляцца, які прыбытак дае ім ваша царква! Ха-ха! З-за яе вы зусім з глузду з'ехалі!.. Завялі сабе такую макулу і гуляеце, а што каля вас вычаўпляюць — не бачыце!..
Яе словы чулі багамолкі. Самалюбівы стары сумеўся:
— Як са мной гаворыш?! Ты што — павуча-аць мяне ўздумала, дзеля гэтага прыйшла?!
Няпрошаныя слухачкі Вольгу толькі акрылілі.
— Слухайце, тату, слухайце, я не скончыла шчэ ўсяго!.. Праз яе вы і маму загналі ў магілу!.. Фэйчар з Крынак як ёй грэбень з галавы выдзіраў — забыліса?! Яны хутко потым і памерлі!.. I дзядзькавы пяць тысяч на царкву звялі!.. Нават Толік праз яе на вайну пайшоў!.. З-за яе часамі і я пачынаю ў бога не верыць!.. Бо, здаецца, калі б ён быў там дзе-небудзь на небе, хоць які, нават — самы дурны, не можа быць, каб дазволіў вычаўпляць усё гэто! Ён даўно паслаў бы перуны на вашу паршывую царкву!
— Госпадзі Ісусе! — перапалохана захрысцілася жана-міраносіца з Меляшкоў.— Даруй ёй грэх яе!
— Шчэ і багаху-уліш?! — выбухнуў стары.
— Кажэце, кажэце сабе што хочаце, я вываліла, што думала, бо інакш не магла!
— Як гаворыш з родным бацькам, пытаю, заменак і блюзнерка ты?!
Дачка яшчэ больш павысіла голас.
— Які вы мне бацько?!. Ці вы мяне хоць адну зіму ў школу з іншымі дзяцьмі пусцілі?! Ці вы мяне, як была малой, хоць на воз з сабой куды ўзялі?.. Ці вы мне якую казку расказалі або па галаве пагладзілі, пашкадавалі?!.