Покуль наіўныя бабкі гэтак жаліліся фашысту, нямецкі афіцэр меў свой клопат. За сённяшні дзень лейтэнант ператрос пятую лясную вёсачку, але камуністы яму не трапляліся — хоць ты не вяртайся ў часць! Афіцэр у момант сябе ўпэўніў — у крайнім выпадку і гэты можа сысці за таго, хто патрэбен. Так дружна цвярдзяць пра яго бабкі, як пра злачынца, недарма.
Немец кіўком бліскучага пальца паклікаў дваіх салдат. Паказваючы ім за гумно з новай страхой, кінуў:
— Эрледыген!
— Яволь, гэр командант! — стукнулі абцасамі падцягнутыя салдаты.
— Альзо, лёс!..
Маладым фашыстам, якім афіцэр выдаў загад, рукі аж свярбелі да расправы з «ворагамі нацыі», Яны ахвотна і з юнацкай жвавасцю павялі дзеда за пакрытыя саломай будынкі. Пра тое, што фашысты гэтак скорыя на расстрэлы, тады ў нашых краях яшчэ не ведалі, і бабы нават не падумалі, чаго павялі Альяша. За імі ўвязаліся цікавыя хлопчыкі.
За гумном удавы Макарыхі, з якога праз шчыліну глядзеў на ўсё ні жывы ні мёртвы паранены Васька Лужын — будучы гутаміхалінскі партызан,— немцы спыніліся і загадалі Альяшу прайсці крыху ўпярод. Дзядзька Клімовіч з паслухмянай гатоўнасцю таропка зрабіў крокаў з восем у бок свінаматкі з рабенькімі парасятамі, спыніўся сярод высокай і сакавітай лебяды, якая буяла на леташніх бульбяных ямах, і азірнуўся.
Салдаты ўскідвалі на рукі аўтаматы.
— Вэг! — гыркнуў немец на малога, каторы забег наперад і апынуўся на адной лініі з дзедам.
Альяш падумаў, што крычаць на яго, і з той самай гатоўнасцю ды хлапечай паспешлівасцю памкнуўся бліжэй да будынка, чым угнявіў немцаў яшчэ больш.
— Цурык, фэрфлюхтэ, абэр — шнэль!..
Дзядзька пакорна вярнуўся ў густую лебяду зноў, дзе ўжо ў халаднаватых бадылях з вачыма пакутніцы .развалілася і ціха енчыла свінаматка, бо яе бязлітасна таўклі ды заўзята смакталі шустрыя парасяты.
Альяша прымусілі доўга чакаць.
I наогул усё гэта было надта падобнае на тое, як фатограф Бэрка ў Крынках устанаўліваў пад аб'ектыў кліентаў перад вайной. Дзядзька нават прыпадняў галаву і глядзеў, не міргаючы вейкамі. Ён нагадваў у тую хвіліну падточаны мурашкамі і нікому не патрэбны кавалак кары старой асіны — сухі, маршчыністы, з іржавым рабаціннем, якім былі ўсыпаны яго старая шыя, лоб, твар і нават вушы,— з сівой і раскладзістай барадой, у новай касаваротцы з шэрага корту, у апорках на босую нагу з фіялетавымі пражылкамі на азызлай скуры чалавека, які ўсё жыццё недаядаў.
Салдаты меліся яшчэ толькі карміць вошай у акопах Усходняй Еўропы, мерзнуць у лютых марозах, ірваць кіпцюрамі і грызці зубамі аледзянелую на сталь сырую зямлю, хаваючыся ад «кацюш» і бомбаў, сцякаць крывёю да ўтраты прытомнасці ды галадаць, а покуль што для гэтых бязвусых і бравых юнакоў у ладных мундзірчыках колеру фэльдграў вайна ўяўлялася экзатычнай і рамантычнай прыгодай ды цікавай гульнёй.
Каб парысавацца перад хлопчыкамі, адзін немец у апошнюю хвіліну ўздумаў мяняць ражок аўтамата і зашчоўкаў, заляскаў зажымамі, бо ў яго бытта заела там штосьці... і
Нарэшце салдаты падрыхтаваліся.
Каб выстраліць разам, адзін з іх стаў камандаваць — той, у якога на рукаве быў светлы вінкель.
— Форбэрайтэн!.. Альзо: айнс, цвай, драй — фое!..
— Пр-р-р!..— пругка тыркнулі чэргі аўтаматаў. Нерапалоханыя да смерці хлопчыкі нырнулі за гумно. Насцярожана ўстрапянулася і зноў упала на бадылі свінаматка. Здзіўлены Альяш пахіснуўся, хапіў ротам паветра, пабалансаваў на худых нагах, мякка асеў і знік у лебядзе.
— Фэртых!.. — з палёгкай кінуў старэйшы, узяў рэмень аўтамата за плячо. Тое самае зрабіў напарнік.
Маладым забойцам надта ж хацелася паглядзець на ахвяру, але яны ігралі далей — цяпер ужо адзін перад адным.
Салдаты нават не кінулі ў лебяду вокам. Скасіўшы ні за што ні пра што старога Альяша, гэты нікому не патрэбны і цяпер ужо бясшкодны куст лопуху, юнакі павярнуліся ды надзьмутыя ад важнасці свайго ўчынку стрымана пакрочылі ў вёску, дзе іх ужо чакалі гатовыя да маршу сябры.
Калі немцы з Празнікаў пайшлі, павылазілі мужчыны і сталі сыходзіцца за гумно. Анямелыя людзі згрудзіліся цесным колам сярод лебяды.
— I трэба ж было чортавай Піліпісе язык свой паганы ўсадзіць! — абурыўся нехта.— Цяпер дома кленчыць перад яго партрэтам і раве!
— Думала — напалохаюць толькі старого!
— Ну ж і немцы!.. Пасадзі ты чалавека, калі ён вінен, пабі, пашлі на цяжкую работу ці шчэ як пакарай, а то — бабах! — і годзе!
— Фашысты! Праўду пра іх пісалі, як у Гішпанп людзей калісь нішчылі!
Бабы падзею абмяркоўвалі па-свойму. Нейкая цётка выказала першую думку, што ўзбрыла ў галаву:
— Жыў сабе, жыў чалавек, нечаго дабіваўсо і людзям дабра нават хацеў, і — няма яго ўжэ!
— Памёр, бы Хрыстос на Галгофе!.. Тыя, што крычалі на яго «спасіцель», потым сталі раўці: «Распні!..» Нават выгляд святого!.. Ні табе крывінка пацякла, ні табе скрывіўсо хоць бы крыху — бы спаць прылёг!
— А мо святы і е?! Ох, госпадзі, оймяца і сына і духа святаго...
Тут з мужчын нехта не вытрываў:
— Цьфу... вашу маць, «спасіцеля» святого сабе знайшлі!.. Толькі не хапае яму залатого венчыка над галавой!.. Што трэплеце языкамі?! Каб ён такі быў добры, пашто ж вы паддавалі тады яго немцам?!
Напалі на баб і астатнія мужчыны.
— Мала ён вас памучыў, мала перавалачылі дабра яму з хатаў, забылі?! Ме-елюць, ме-елюць, ліхо іх ведае, языкамі!.. Бачылі, як. ваш гэты «спасіцель» ды праведнік байца раненаго лупцаваў, замест таго каб накарміць? Макарыхі унь спытайце! Шчасце, што немпам не сказаў, а то не адзін з нас у бадылях тут валяўса б!..