Вершалінскі рай - Страница 105


К оглавлению

105

Больш стрымана, але гэтаксама акрылёна, наш сусед, дзядзька Кірыл, тыкаў газетай свайму Валодзьку ды з гонарам сыну напамінаў:

— Ага, ты ўсё смяяўсо з мяне і мацяры, усё не верыў! Усё казаў нам, што Альяша арыштавалі і ён у турме сядзіць?! Во, глядзі!.. Чытай і ведай, дзе наш Альяш!..

— Хто гэто бачыў, каб такія людзі па турмах сядзелі?! — дапамагала жонка.

Так было не толькі ў хаце цёткі Кірыліхі.

I разумныя дзеці на гэты раз не смяяліся, бо заўважылі, што старыя ў сваіх душах пракладваюць да новага гэтак мосцік.

Не знаходзячы захаплення газетай і падтрымкі ў сыноў, старыя збягаліся адны да адных і ўзбуджана ды па-святочнаму радасна абмяркоўвалі навіну.

— Зноў вылез наверх!..

— Здзейсніласо!..

— Ого, хібо такі чалавек будзе табе парыцца без дзела ў гарачы час, бы ў жніво?.. Можно было адразу сказаць, што пры такой уладзе ён пойдзе далё-око!..

— Бальшавікі ўсе якіясьці вельмі свае і разумныя людзі! — прадоўжыў Рыгарулька Сцяпан.— Учора іду гэто я ў Гарадок, каб паспрабаваць дзе выпісаць лесу. Даганяе легкавая машына. Выхіляецца відны такі камісар у акулярах ды крычыць: «Садзісь, папаша!» Сваім вушам не веру — стаў бы мяне гэтак староста Вайцяховіч клікаць?! Узабраўся на скрыпучыя падушкі — едзем! Мякко так, халера, а цяпло-о, а файно, толькі гойдае моцно і бензінам папахвае. Камісар распытувае мяне, як мы тут жылі, куды еду. «У зямлянцы жы-веш? — дзівіцца.— Ну-у, лесу табе дам, будзь пэўны!..» А якраз дождж прыпусціў, па шкле пацяклі рагі. То што ты думаеш?.. Гляджу — націскае сабе гузічак, і такая скобачка з рызінкай — раз-раз! раз-раз! — выцірае яму шыбу сама! Каб цябе халера, як лоўко!

— Дажылі жызні, дзякуваць богаві, лепшай і не трэ! — падхапіла Сцяпана Сахарыха. Успомніўшы сына, якога забілі пару гадоў таму назад, цётка ўсхліпнула: — Не дажыў, не дажыў да той хвілі, не дача-каўсо-о...


3.

Назіраў я тую з'яву і дзівіўся — дык жа побач Грыбоўшчы-на, зусім недалёка і Празнікі, можна лёгка праверыць — толькі сядзь на ровар і праз пятнаццаць мінут будзеш там або — там! Але, бы тым бабкам, што цвярдзілі пра абноўленую ікону, паездка такая людзям нічога не дала б, бо глядзець і бачыць, выяўляецца, не тое самае.

Калі слабаму духам чалавеку гавораць хлусню, але яна яму пажаданая, то чалавек адразу прыме яе за праўду.

Цётка Хімка якраз сабралася ехаць да дзяцей, але вестка ад іх бедную жанчыну нібы здзяжыла абухом па галаве.

Хімчына Маня развялася з мужам і пад настрой выпіла атруту, а Якаў не захацеў маці прыняць. Лётчыку ўбілі ў вушы сваякі, што яго маці ў грамадзянскую вайну кінула іх з-за палюбоўніка, а ў Польшчы распуснічала з сектантамі — была ў іх верхаводам. Яшка не выслаў маці выкліка, і Хімка пропуск у Ленінград атрымаць не змагла.

Цётка прымусіла мяне раздабыць газет, павыразала з іх партрэты з мантажу, паразвешвала ў сваёй каморцы і цэлымі днямі то малілася на іх, то плакала, што ніхто не мог яе суцешыць, то гаварыла да партрэта, як да жывога Альяша.

Хімцы можна было дараваць — ужо надта прыбіла яе жыццё.

Аднак многія, здавалася, зусім нармальныя дзядзькі і цёткі, павыразалі з газет тыя самыя контурныя малюнкі ды пахавалі ў патаемныя месцы.

Некаторыя з іх потым выразкі клалі сабе пад галовы перад смерцю ды з якімсьці радасным і ўпэўненым спакоем чакалі сваёй апошняй часіны, бытта не паміраць збіраліся, а — акунуцца ў вечны блажэнны сон.

(Зрэшты, яшчэ і цяпер жыве адзін дзядуля — галоўны спецыяліст мой і кансультант па «новаму вучэнню» прарока Альяша, які зацалованую, замусоленую тую выразку з газеты захоўвае як святыню!)

То была частка маіх землякоў амаль страчанага для чалавецтва пакалення — бы наша цётка Хімка, бы тыя ўсе вёскі, цэлыя пакаленні, якія гэтаксама марылі і спадзяваліся.

Ох, як асцярожна трэба ступаць нагамі!

Зямелька наша складаецца не з пясчынак, а з высушаных на пыл трагічных памылак прашчураў нашых, і высяцца на ёй не горы і пагоркі, а — застылыя сталактыты, якія ўзніклі ад няздзейсненых мараў, слёз ды цярпення цэлых пакаленняў; нараслі ад неажыццяўлёных надзей і летуценняў збядованых душ — яны заклікаюць да роздуму.


Канец месіі


1.

Неўзабаве на СССР напала Германія.

Цераз Празнікі і бліжэйшыя белавежскія вёскі важных дарог не было. Калі праз глухі, незаезджы куток у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны праходзіла лінія фронту, людзі і не заўважылі нават.

У канцы чэрвеня адступала апошняя рота з дзвюма гарматкамі. Байцы роты запэўнілі сялян, што савецкія часці ўжо набліжаюцца да Берліна, а сталіцу Германіі наша авіяцыя зраўняла з зямлёй, і толькі адны яны вымушаны адысці на перафарміроўку, бо ва ўзводах мала камандзіраў.

Чырвонаармейцы ў Празніках паабедалі, перавязалі адны адным раны, памыліся ў рэчачцы, а іхнія гарматы пару разоў стрэльнулі ў бок Бельска. К вечару рота яшчэ раз апаражніла кацёл паходнай кухні, зрабіла пераклічку, а тады ўзнялася сабе і спакойна накіравалася палявой дарогай на Усход.

То была апошняя наша часць. Толькі на вёсцы пра тое і не падазравалі — бадзёры настрой маладых байцоў перадаўся і празнікаўцам.


2.

У наступны дзень Тэкля з бацькам яшчэ з раніцы пагнала ў гушчары Белавежскай пушчы хаваць на ўсялякі выпадак быдла, а старога Альяша яны пакінулі вартаваць хату. Дзядзька ў сітцавай кашулі і ў апорках на босую нагу выйшаў на падворак, пагаспадарыў крыху, тады ўладкаваўся выгодна на сонейку ля парога ды пачаў сабе майстраваць граблі.

Раптам старога паклікалі з агарода:

105