(Адно да былых «святых дзявіц», якія з маленькімі «апасталятамі» пазаставаліся цяпер у апусцелай Грыбоўшчыне саламянымі ўдовамі і ледзьве не жабравалі, Тэкля адносілася сардэчна і дапамагала ўсім, што толькі магла вырваць у старога).
Часамі сыходзіліся пасля работы грыбоўшчынскія мужчыны ды пачыналі гаворку:
— Чысты Паўтарак стаў наш Клімовіч ужэ — і дыхнуць нікому не дасць!
— Той хоць улады такой не меў! Базыль Аўхімюк зваліў яго, паліцыя яго крыху пацягала, пават і ў Гродна звазіла, але ж за тое потым яшчэ і іконку Георгія Пабеданосца ўручыла! Чапі гэтага!..
— Яго Судэцкі са сваімі гаўрыкамі такі страх панаганяў, што бабы і на двор баяцца выйсці!.. Апошніх сабак дастрэльваюць, абібокі!..
— I плоціць лайдакам гэтым!.. Такую банду меў калісьці толькі граф Браніцкі. Тады на іх хоць можно было паскардзіцца графу ці графіні, а каму заяўляць пойдзеш цяпер?..
— Не дай бог, калі з хама зробіцца пан, шчэ пра гэто даўней казалі!
Зусім мажліва, што дзядзька зноў выкінуў бы які-небудзь фінт, уразіў бы небагатую фантазію наіўных і былыя паклоннікі паступова даравалі б яму прамашкі і прарока ўзнялі б на п'едэстал з яшчэ большым уздымам («Ён нічого сам кепскага не рабіў! — прыдумалі б багамолы тлумачэнне.— Усё гасподзь бог учыніў яго рукамі!..»). Бо, покуль жывуць тыя прынцыпы, за якія змагаюцца людзі, да той пары і герой, што ўжо раз звязаў сваё імя з гэтымі прынцыпамі.
Але прыйшло зызваленне 1939 года. Прынёманшчына ўступіла ў новую эпоху.
Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь, і ў перанаселеных вёсках забурліла.
Энергія шматпакутнага народа, які дагэтуль траціў яе гэтак неразумна, нарэшце атрымала накіраванне. Узрадаваныя людзі шуганулі: хто — у школы, хто — на будаўніцтва, хто — завербаваўся ў Данбас ці на Урал.
Іншыя цёткі цяпер лёталі па магазінах і ледзь не ашалелыя ад радасці куплялі на пуды соль, цукеркі-падушачкі, па сотні скрыначак запалак, па вядру нафты, цэлыя сувоі сітцу за сябе, за памершую маці, бабу — за ўсе пакаленні, што жылі ў бядзе і галечы!
А хварэй сабе ты і лячыся — колькі хочаш! Даходзіла да камізму.
На вёсках памеры хваробы вымяралі коштам лекаў і перашкодамі, з якімі дабіраліся да доктара ці знахаркі. Іншая цётка хвалілася перад суседкай, якая ў яе рэдкая хвароба:
— Два дні патраціла ў Беластоку і на адно лякарства мусела прадаць аж тры курыцы!
Цяпер лячэнне стала бясплатным. Цётка Кірыліха з абурэннем скардзілася ў нас на доктара Цукермана з Гарадка:
— Заходжу да яго, а ён ткнуў мне ў грудзі тую халодную трубачку, патрымаў крыху вухо і выпісаў пілюляў на дваццаць капеек — я на іх адно яйко патраціла!.. Ну, думаю, хоць ты і ў гальштуку, а не на тую напаў — у нас цяпер не панская ўласць, а — народная, ніц мне не зробіш!.. Вярнулася з аптэкі, кінула тыя гузічкі ад кашулі на бліскучы стол яго ды кажу: «Я да цябе гуляць прыходзіла, што ты мне гэтак танных лекаў выпісаў?!.» А Цукерман рагоча!.. Ой, людкове, от дахтары пайшлі!..
Альяшом народ амаль перастаў цікавіцца. Патрэба ў «Вершалінскім раі» адпала, і прамень «псіхалагічнага рэха», накіраваны на Грыбава, патух.
У самой Грыбоўшчыне Альяшовы будынкі сяляне разабралі і перавезлі ў суседнія вёскі на школы ды сельсаветы.
Паступова растала незакончаная вялізная, як калізей, аграмадзіна сабора — мужыкі яе разабралі на цэглу.
Засталіся толькі адзін вялізны дом і даўзёрная, пабудаваная «прускім мурам», стайня на сотню галоў коней. У доме тым збедненымі шэрымі галкамі дажывалі старыя, якім не было куды дзявацца, бо ў свой час хаціны свае яны легкадумна папрадавалі; а ў стайні — змяшчалі мужыкі на ноч коней, калі зімой прыязджалі на лесанарыхтоўкі.
Ад бельскіх сектантаў застаўся ў Грыбоўшчыне яшчэ дубовы крыж (прыземісты і здаровы стаіць ён там па сённяпші дзень як сведка той энохі!).
У адзін час органы НКУС дзядзьку Клімовіча арыштавалі, бо надта ж многа на яго пасыпалася адусюль скаргаў — пісьмы ішлі нават з Валыні.
Калі стала відочным, што спрыяльных умоў для рэлігій-нага фанатызму ўжо на вёсцы няма, набожнасць мужыкоў з сярэдзіны ўсохла, былога прарока выпусцілі. Знямоглы сямідзесяцітрохгадовы Альяш пасля арышту паказацца ў Грыбоўшчыне баяўся: багамольныя бабы не далі б яму ходу — заплявалі б! Верная Тэкля павяла дзеда ў свае Празнікі, а заядлыя багамолкі помсціць туды яму ўжо не пабеглі.
Бабы павыцягвалі з царквы каталіцкія атрыбуты і далі Фэлюсю адвезці іх у касцёл.
На купалы зноў узвалаклі праваслаўныя крыжы.
З Вершаліна перанеслі ў царкву іконастасы.
Багамолкі доўга думалі, што рабіць з амвонай, і нарэшце прыстасавалі яе пад склад з харугвамі.
Бабы пакінулі ў царкве і ўсе Альяшовы лавы, каб старыя людзі маглі ў час службы сабе пасядзець.
I ўсё ж такі ў многіх старых вобраз Альяша запаў у душы так трывала, што нават успрыманне новага ішло ў іх праз былога грыбоўшчынскага ідала.
Пэўна, яшчэ многія ў нас памятаюць той дзень 1940 года, калі з вёсак Прынёманшчыны некаторыя пажылыя дзядзькі і бабкі кінуліся ў гарады купляць у кіёсках і паштовых аддзяленнях адзін нумар абласной газеты. На мантажы мастак у ёй накрэсліў контурам некалькі асоб — прадстаўнікоў народа. У адным барадачы, які па задуме аўтара павінен быў прадстаў-ляць селяніна, людзі разгледзелі Альяша.
Са слязамі шчасця на вачах бабкі цалавалі паперу, уміляліся ды прычыталі:
— Ах, наш ты Алья-ашку, наш сако-оліку, як жа ты высока ўзня-аўсо!