Вершалінскі рай - Страница 86


К оглавлению

86

Пры самадзержцы Екацярыне II, у часы ганення, манах Піліп з сябрамі замкнуўся ў хаце і сам сябе спаліў, а пару тысяч яго паслядоўнікаў уцяклі на Захад ды зашыліся пад Саколку ў Аўгустоўскую пушчу.

Асколкі екацярынінскай эпохі таіліся ў гушчары ля Саколкі на працягу двух стагоддзяў. У трывожным чаканні прышэсця антыхрыста скрупулёзна вытрымлівалі кожны пост, часта маліліся, вучылі дзяцей па стараславянскіх кніжках і легендах пра Пугачова, пры ўсіх уладах ухітраліся пазбягаць вайсковай павіннасці, перапісаў і амаль не спатыкалі людзей іншай веры. Займаліся агародамі, садкамі, разводзілі многа пчол ды з гэтага жылі. Усе навіны да гэтых рэліктаў — нібы запячатаных лесам у кансервавую банку — даходзілі са спазненнем на некалькі гадоў. Хоць Грыбоўшчына была пад бокам, чутка пра Альяша ў Аўгустоўскую пушчу дапаўзла да лесуноў таксама са спазненнем. Даведаўшыся пра Клімовіча, стараверы ўзрадаваліся.

Нарэшце дэлегацыя белабародых і самавітых старых выйшла з Аўгустоўскага лесу ды завітала да прарока. Вера забараняла ім прывіваць воспу, ад перажытай хваробы ўсе яны былі рабымі. З сінімі кропінкамі вугроў на шырокім, нібы асмаленым порахам, носе самы старэйшы рабы піліпавец па-руску аб'явіў:

— Ілья! Ты пе голішся, ясі скаромнае ды толькі тое, што збярэш сваімі рукамі, чакаеш канца свету. I мы носім бараду, даматканую вопратку, ямо плады адно са свайго поля ды чакаем трубы архангельскай на страшны суд! Ты паўстаеш супроць адступнікаў, архірэяў, папоў, гэтак жа паўстаем супроць іх і мы! Давай, брат, аб'яднаемся! Разам будзе нам куды лягчэй ісці супроць гэтага яўрэйскага сінедрыёна!

— Згаджайся, брат, паслухай нас, мы — дзело гаворым! — пакланіліся яму ў пояс астатнія.

Стары паважна працягваў далей:

— У страшны час, калі праваслаўная царква перайшла ўся ў лацінства, а светам антыхрыст правіць, будзем, брат, супольна і непахісна стаяць у веры і, як сказаў наш брат Аввакум, «страха чалавечага не баяцца ды смела па Хрысту страдаць, хоць і біць стануць нас і на агні смажыць!».

Стараверы мелі нейкі свой план, аднак Альяш іх абарваў.

— Адыдзі, сатана! — напаў ён на гасцей.— Бог рускім даў веру праваслаўную і мову сваю! I жыдам, і палякам, і татарам, і цыганам — усім ён даў сваю лерыгію і мову! А вам? Лерыгія-то ў вас е, раскольніцкая бытта, а дзе ваша мова? Няма — па-руску гаворыце! — пераможна аб'явіў стары.— Бо не можа чалавек з адной веры перайсці ў другую, як з каня зрабіцца карова!.. Вам толькі д'ябал прыдумаў стараверскую лерыгію, і хочаце, каб з вамі я, сатанінскія дзеці, спулкаваў?! Не такі дурань, мне і так добро! Ідзеце сабе, адкуль прыйшлі! Часу няма д'ябальскімі фіглямі мне тут займацца, палітыкаваць з вамі!..

Пра размах Альяшовага будаўніцтва даведаўся неяк і Мурашка. К таму часу ён купіў панскі маёнтак ды залажыў у ім свой Новы Іерусалім. Многія сяляне папрадавалі гаспадаркі, ды з паўтысячы мужыкоў, баб ды іхніх дзяцей запоўнілі панскі хлеў пад Сарнамі, парабілі даўзёрныя нары ды ўладкаваліся чакаць канца свету (Мурашка купіў аж пяцьсот гектараў зям-лі!). Спрасаваных, бы селядцы ў бочцы, «сіяністаў» апанавала кароста, інфекцыйныя хваробы, але фанатыкі ўспрынялі гэта як божы дар. Калі ж у хляве пачалі мерці малыя, абшчына ўзняла бунт.

Галоўны «сіяніст» адправіўся аж пад Гродна, каб падзівіцца на Альяшовы дасягненні ды пераняць вопыт. Прыбыўшы ў Грыбоўшчыну, Іван уважліва абыходзіў царкву, таўсцёрныя сцены сабора, Вершалінскі пасёлак, садок. Ён шморгаў лісты яблынь, правяраў — ці няма вусеня. Шчупаў сцены даўзёрнай — на сто коней — стайні, пабудаванай «прускім мурам».

Мурашка падышоў нават да ветрака, задраў галаву, падзівіўся на размашыстыя — на ўсё неба — дзіравыя крылы, а тады палез яшчэ па лесвіцы наверх, прыслухаўся да раўнамернага гудзення трыбы ды каменняў. Даставаў дна, тычкай пароў сажалкі, кідаў карпам крошкі хлеба. Заглядваў у сцюдзёную бездань калодзежаў ды з зайздрасцю цокаў языком:

— Ты бачыш, як він поробыв всэ?! О, цэ га-арно обставывся, це-це-це!

Якраз у той момант, калі прарок нарыхтаваўся ў дарогу, багамолкі яго ўзнялі паніку.

— Альяш, куды ты сабраўсо? — падляцела ні жывая ні мёртвая цётка Піліпіха.— Сам Ісус Хрыстос там унь ходзіць па полі нашым!.. Пастухі бачылі, як раненько апускаўсо з хмары на землю!

Перапалохаўся не на жарты і прарок. З разгубленай заклапочанасцю дзядзька абвёў вачыма прысутных у пакоі.

— Хто табе казаў?

— Сама бачыла! Думаю, хто там так плаўно ідзе на пагорку — кланяецца жытам і бласлаўляе ўсенько!.. Ажно прылятаюць яны ад кароў і мне гавораць: «Цёцю — ён!»

Пільшчык з Пружан назваў прозвішча незнаёмага.

— Той «сіяніст» прывалоксо?! — адразу адлягло ад сэрца Альяшу.— Якая нагла сектанта гэтаго прыперла сюды?!

— Ён, айцец Ілья, яго ведаю як аблупленаго! — запэўніў майстар.— Гэ, разам жа фарты надбудоўвалі за цара ў Брэсце: каб яго ды не пазнаў!

— А чаго трэ той Мурашцы?! — расхрабрыўся ўжо стары.

— Мабыць, і гэты аб'яднацца хоча! — выказаў здагадку апостал Давідзюк.— У яго, кажуць, людзі ўзнялі такі вэрхал, што ледзь жывы выскачыў са свайго «Сіёна»! Кашулю на шматкі парвалі на ім, морду падрапалі бабы — паліцыянты егдзілі ратаваць!

— I ён аб'яднацца? — ужо адважна ўскіпеў прарок.— Бачыш ты, і гэтаго хахла заело!..

— Зайздросцяць табе цяпер, Альяшку, многім ты цяперака — соль у воко! — заўважыла Піліпіха.

— Ніц у Мурашкі не выйдзе! Во яму! — дзядзька тыцнуў у поле фігу.— Стану тут яшчэ патураць яго забабонам — кроў пускаць людзям, танцы ўсю ноч устрайваць!..

86