Вершалінскі рай - Страница 61


К оглавлению

61

— Скідвай кашулю і ты, дай целу праветрыцца!

— Рыхтык! — спалохаўся фурман.— Каб скура злезла ды заражэнне крыві было?!

— Дурань! Няўжо ты ніколі не загараў?

— У войску некаторыя хлопцы яшчэ з сакавіка хаваліса ў зацішак ды спрабавалі загараць, але я баяўсо.

На ўзгорку замаячыў натоўп пілігрымаў з харугвамі і бліскучымі на сонцы абразамі.

— О! У Грыбава ўжо паўзуць! — насцярожыўся Мікалай.— З'язджай, з'язджай з дарогі, каб не пазналі, а то гэтыя вар'яткі да ночы мяне не адпусцяць!

Калі фурманка аб'ехала бязладны статак людзей полем, Рэгіс прыстаў да фурмана зноў:

— Значыць, кашулю знімаць баішса, каб не было заражэння. А вечарам, вядома, дачок не выпускаеш без хустак?

— I сам без шапкі не выйду! Шчэ лятучая мыш у валасы ўблытаецца!..

— Во, во!.. I малако твая жонка недзе цэдзіць праз дзірачку ад сучка ў дошчачцы?!

— Ну-у, мая баба гэтаго не робіць! Што не забабонная яна, то не-е!.. I ўвогуле цэдзяць цяпер так толькі некаторыя старыя! — шчыра разважыў еур'ёзны Мірон.

— Аднак яшчэ цэдзяць?!

— Мая цешча. Кастэцкая Верка. Гарбатая Агата. Ёзікава Зося...

— Бушмэны вы!.. Папуасы!.. Мала вас, дуралеяў, розныя пінкусы ды альяшы з ломнікамі...

Рэгіс хацеў нешта сказаць яшчэ, але мёртвая і застылая спякота яго размарыла. Мікалай вяла выцягнуўся на саломе, пазяхнуў, падставіў плечы пад ласкавыя і шчодрыя промні чэрвеньскага сонца і, залюляны возам, ахунуўся надоўга ў салодкую дрымоту.

Праз пару гадзін фурманка ўехала ў Алекшыцы і падкаціла к рэстарану.

— Спыні падводу! — загадаў Рэгіс — увесь ружовы ад сонечнай ванны, як распараны хлопчык, з белымі ламанымі рубцамі ад саломы на шчацэ.— Пара нам паесці!.. Хай Амерыканец корміць. Ён жа сваяком робіцца — у Грыбоўшчыне другую карчму адкрывае!..

— Ото дзіво. Ці мало іх цяпер туды з'ягджаецца на пажыву? Да халеры і трохі, гандляроў розных!.. А Клемус — гэтакі вуж, усюду ўлезе!

Кастэцкі рассупоніў каня, даў яму торбу. Пасажыр старанна прыкрыў дзяругай ікону ды паклікаў абедаць.

— Каб толькі не пабілі мне шкло!..— трывожыўся ён, адганяючы ад воза малых.


6.

Алекшыцкі рэстаран трымаў Клемус Кавальчук, празваны Амерыканцам. Кар'еру гэты чалавек зрабіў нядаўна.

Вярнуўся Клемус з бацькамі пасля вайны з бежанства ды ўбачыў, што даў прамашку: з гаспадаркі хлеба хапала ўсяго да каляд, а заробку — ніякага. У Расію назад не пускалі. Завітаў у вёску вярбоўшчык у Аргентыну: Клемус, не раздумваючы, паехаў за акіян.

Неўзабаве ў Алекшыцы прыйшло пісьмо з Паўднёвай Амерыкі. Малодшы Кавальчук пісаў, што з індзейцамі працуе ў каланіста парабкам. На пытанне сяброў, як яму там жывецца, эмігрант адказаў вершам: «У халоднай Рыгентыне жыве Клемус на чужбіне. Край вялікі, край далёкі, жыве Клемус адзіноко. Усё Клемусу гаротно, язык ломіць — так маркотно. Й калупае ў кансерве мясо з нейкай дохлай сцервы!»

Аднойчы Кавальчук вычытаў, што бразільская газета аб'явіла ўзнагароду 10 000 долараў таму, хто пройдзе сельву да Амазонкі. Клемус кінуў каланіста, пехатой дабраўся да Бразіліі, запрапанаваў і сваю кандыдатуру.

На пакарэнне джунгляў стартавала трыццаць сем сарвігалоў розных нацыянальнасцей, сярод іх знайшоўся і адзін беларус. Карэспандэнты не знайшлі ў слоўніках адпаведнай назвы і запісалі Клемуса ўкраінцам. Па ўмовах конкурсу ўвесь час трэба было ісці аднаму, мець пры сабе толькі нож і компас, а праз паўтара месяца на Амазонцы пераможцаў меўся чакаць кацер.

— Не бойся пумы, ягуара, тапіра ці алігатара,— павучаў яго на развітанне стары індзеец, з якім ён у каланіста-немца пасвіў кароў.— У джунглях самае страшнае — павукі, машкара, рыбкі-піраніі ды мурашкі, якія ў момант пакідаюць з чалавека адзін шкілет. Не чапай прыгожых кветак, матылёў, фруктаў — усе яны з атрутай! I не пі без фільтра вады — у вас, белых, далікатныя страўнікі!

Клемус усе парады індзейскага сябры запомніў добра.

Яшчэ алекшынец падумаў гэтак: калі ён мае выйсці да Амазонкі, то найлепш трымацца якой-небудзь рэчкі, яна абавязкова выведзе да мэты.

I Клемус бытта ў ліхаманкавым сне шэсць тыдняў прадзіраўся праз зялёны і сакавіты гушчар, брыў па вадзе. Часамі цячэнне нясло яго на бервяно.

Яго цела раздзіралі калючкі, поедам ела машкара, мутнеў розум ад голаду, і ён толькі смактаў ваду — з рэчкі, з дрэваў, з зямлі...

Нарэшце непрытомнага Клемуса падабралі на беразе вялікай ракі. Ён быў адзіным чалавекам, хто выйшаў да Амазонкі, і гэтым пацвердзіў, што ўпартасцю і вытрымкай варты сваіх землякоў, якія ў той час на адным хлебе і вадзе паўзлі на каленях у Грыбава.

Калі кацер прывёз Клемуса да доктара і вандроўніка прывялі да свядомасці, ім заняліся карэспандэнты. Хлапца здымалі ў кінахроніку. Фатаграфавалі для прэсы. Размалявалі на старонках газет, як ён у сваім падарожжы вырываўся з зубоў алігатараў, як індзейцы намерваліся зняць з яго скальп і зрабіць шашлык (хоць у сельве ён не бачыў ні тых, ні другіх!)...

Аднак Клемуса не хвалявалі артыкулы. Непрызнанне фільтра яму дорага абышлося. У Клемусавай пячонцы загняздзіліся амёбы і інфузорыі, супроць якіх не ведалі лекаў. Хлапец раптоўна стаў паўнець, а дактары яму аб'явілі, што дні яго палічаныя.

Атрымаўшы сваю прэмію, Кавальчук прывёз долары ў родную вёску, пусціў іх у дзела і гэтак вырашыў правесці астатак сваіх дзён. Яго млын і рэстаран у Алекшыцах прыносілі не малы даход. Таўсцёрны, як вялізная бочка, і бурдовы Кавальчук з-за жывата сам сабе не зашнуроўваў і чаравік, ажаніўся на васемнаццацігадовай прыгажуні Стасі, надта любіў пагаварыць, а ў выпіўцы не адставаў і ад маладога. У гарэлцы тапіў, як ён любіў тлумачыць, свае бразільскія інфузорыі.

61