Вершалінскі рай - Страница 32


К оглавлению

32

— То Пінкус. Не адмаўляй ёй, бо грэх будзе велькі!.. Успомні, Ілья, калі іудзеі прывязлі на асле Ісусу Хрысту блудніцу на расправу, то ён нават галавы не падняў на іх. Сын божы і далей пісаў сабе перстам на пяску. Толькі сказаў: «Каго вы, людзі, судзіце?! А ну, кіньце ў яе камень той, хто без граха!» I ніхто, Альяш, не кінуў. З той пары стала жыць з усімі ў міры. А Марыя Магдалена колькі блудзіла? Потым шчэ святой стала!.. Не-е, Альяш, ты не маеш права прагнаць няшчасную кабету. Ты яе прымеш, і жыць яна будзе з намі, месца ўсім хопіць — Грыбоўшчына унь якая велькая!


8.

Пасля вячэры Хімка з сяброўкай пайшлі ў царкву мыць падлогу. Альяш, сцягнуўшы боты, пацёр анучай натруджаныя за дзень ступакі і апусціўся перад іконастасам на калені.

— Отчэ наш, іжэ ясі на небясі, да свяціцца імя тваё, да прыйдзе царство тваё... да будзе воля твая,— цяжка ўздыхаючы, прабубніў ён, паступова пераходзячы на шэпт.

У памяшканні панаваў паўзмрок. Перад іконамі сваёй халоднай строгасцю гарэла адна свечка, а ў вышчэрбленым блюдцы блішчаў расплаўлены ад яе воск. Пахла цвіллю, мышамі ды каля дзвярэй, дзе вісела збруя буланчыка,— конскім потам.

Памаліўшыся, прарок устаў і азірнуўся.

Яго ложак быў засланы, салома пад пасцілкай — узбітая пухкай падушкай, прыстаўка да ложка рассунутая, як бывала адно тады, калі ён спаў з жонкай і дзецьмі — гадоў з дваццаць таму назад, а то і болей. У кофце без рукавоў, выставіўшы ландышавую белізну маладога бабскага цела, стаяла Тэкля ды, задуманая, шкрэбала сабе калена.

Паспытваючы нейкія рэшткі забытага даўно хвалявання, стары выбухнуў:

— Ты — што, д'ябал цябе сюды падаслаў?! Распусты захацела?! Кашулю падняла і чухаешса!

Усё ў палоне таго ж хвалявання, стары пачаў маладзіцу не то вінаваціць, не то дапытваць, не то караць.

— У горадзе, нябось, цябе саўрацілі?!

— У Гродне! — праенчыла яна.— У грэх увялі, бы чатырма коламі па мне праехаліса!..

— Афіцэры?

— Жорж Дэлясі. На Фолюшы!

Тэкля нагнулася да самых яго ступакоў. Водзячы то ўлева, то ўправа галаву, у такт сваім рухам яна ўзмалілася:

— На-бі мя-не, свя-ты ста-рац, як пар-шы-ву-ю са-ба-ку, ты ж — муж-чы-на!.. На-бі-і, мне лягчэй бу-дзе-е!..

У Альяша з новай сілай абудзіўся ўніжаны і пакрыўджаны дзяншчык. Ён закрычаў не сваім голасам:

— I раздзявацца прымушалі?!

— Прымушалі, святы айцец!

— I на стол танцаваць паднімалі?!

— Было-о!..

Альяш пайшоў да дзвярэй, дзе на коліку, убітым у сцяну, вісеў хамут з няхітрай збруяй.

— На сурвету клалі грошы, і па іх хадзіць мусела!.. Але я ніколі іх не брала!.. Потым Жорж забіраў сабе іх!.. Я тады яшчэ ў грошах і смаку не знала!..

Тэкля зыркнула спадылба на Альяша, здагадалася, што ён хоча рабіць, упала на калені ды стрымала дыханне.

— Аднак, грашы-ыла з імі? — абуяны злоснай рашучасцю Альяш зняў з коліка вяровачныя лейцы.

— Было-о! — з надрывам заенчыла Тэкля і закрыла вочы рукамі.— Ну, лупі, лупі, чаго стаіш?! Толькі не шкадуй, мо-оцно, з усяе сі-ілы ўдар, каб бале-ело!

На яе мяккія плечы са свістам апусціліся лейцы. — Га-ах!..

— Не чую, мацней!.. — з нездаволенай нецярплівасцю, з прагным да шаленства жаданнем растравіць сваё гора і захліснуцца ў ім падагнала яна Альяша і ўжо нават адважна адняла ад вачэй рукі.

— Хло-опчык у мяне нарадзіўсо! — са страшным крыкам аб'явіла яна.

— Э-эк!..— крэрнуў зноў стары.

— О-ох, запякло, о-от запякло-о!..— дзіка пазлараднічала сама з сябе маладзіца.— О-ох, так табе, нягодніцы, і трэбо! Такі здаро-овенькі малы!..

— Га-ах!..

Далей Альяш з усяе сілы дзяжыў па спіне яе лейцамі, а Тэкля не то звар'яцелым, не то адчайным крыкам, поўным болю і радасці, спавядалася:

— Ён забраў малое, калі шчэ не магла хадзіць!.. О! забалело, забалело, до-обро забалело!.. Занёс яго ў Ласясянку ды ўтапіў, бы кацяня!.. О-ох, я гэтаго, дальбох, вартая!.. Занёс, а мне загадаў маўчаць!.. О! добро мне так, нягоднуй!

Прарок вяроўкі апусціў.

— Прыйшоў гарадавы, пытае — твой?.. А я не прызнала-са!.. Да роднага сына не прызналаса!.. Ну, лупі!..

Не ўпершыню было Альяшу караць так блудніц, і ён сам не разумеў, што сёння з ім адбываецца. Ці ў яго руках раптам не стала сілы, ці ў жанчыны гора было гэтак вялікае, што Тэклю не бралі і лейцы... Чамусьці лупцаваць яе больш ужо не мог.

— Ну, бі мяне, чаго перастаў?! — стукаючы то кулаком, то лбом у гліняную падлогу, енчыла, прасіла, патрабавала яна.— Больш не хочаш? — спыталася з расчараваннем.

Альяш маўчаў.

— Не хочаш і ты-ы, гы-гы-гы-гы-ы!.. I ты не хочаш пэцкаць аб мяне ру-укі!.. Тады ратуй мяне, грэшную, хоць малітвай, хай бог даруе мне ві-іны!.. Ты святы, ты можаш!.. Ты с л о в о такое ведаеш, яно табе богам данае!.. Ой-ой-ой, недарэзаная я, падпілаваная ракіта, вішня з падсечанымі карэнцамі, як мне цяпер жы-ыці, ох-ха-ха-ха-а!..— зайшлася яна плачам і расцягнулася знямоглая перад старым.

— З распутнікамі б...?! Дзіця роднае, сука, загубіла?! Не біць — закінуць табе на шыю пастронак трэбо і задушыць — і то будзе мало!

Альяш ужо выкінуць маладзіцы не мог.

Касціў ён яе толькі так, для парадку, а ў самай справе адчуваў, што гэтага скандалу ён як бы чакаў ад смерці жонкі — з прагнасцю і жаданнем.

Дзядзька нерашуча патаптаўся, адкінуў лейцы, штурхнуў маладзіцу нагой і кінуў:

— Цэлую ноч будзеш маліцца во тутака, сатана дзіявальс-кая! I каб не дакраналася ні да чаго ў маёй хаце, паскуда паршывая, бо ты е нячыстая!.. Бачыш ты яе, ложак мне паслала ўжэ, у жонкі набіваецца!..

Альяш пайшоў да іконастаса зноў.

— Нічога, вытрываю і гэто сатанінскае наваджэнне, бачыў не такіх!..

32