Гэтым часам самазваныя памочнікі ўваліліся за прарокам першыя ды разбегліся запальваць свечкі.
На падстаўках перад абразамі і распяццем можна было ўжо разлічыць устаўленыя ў збаны букеты кветак — абвязаныя істужкамі, шнуркамі, травянымі вяночкамі ці загорнутыя ў тоўстую паперу, у якой іншая цётка з крамы прынесла мыла. У праёме паміж абразамі бялелі выразаныя з папяроснай паперы сняжынкі, густа ўтыканыя міртам.
— Куды вы, здаровыя?!— наводзіла Хрысціна парадак на прыступках.— Дайце раней іх упусціць!..
Пілігрымы паслухмяна спыніліся.
У царкву, рытмічна паскрыпваючы мыліцамі, першым пачыкілдаў інвалід.
На дошцы з ролікамі за ім пакаціўся абрубак чалавека. Ён упёрся далонямі ў зямлю, лёгка перанёс сябе цераз парог, і ролікі ўжо загулі па падлозе.
Прайшла высокая сухая дзяўчына з бледна-сіняватым, бы качынае яйцо, тварам, з ліхаманкавым позіркам.
Увалаклі на брызенце нерухомую бабу.
За насілкамі збедаваная маці ўнесла хлопчыка: тварык малога абліваўся потам, з грудзей вырывалася цяжкае дыханне, жанчына туліла худое і абвялае цельца сына да сябе ды штосьці яму, цалуючы ў лобік, шаптала.
Упаўзло яшчэ з дзесятак хворых і калек...
Паступова губляючы стрыманасць і прыстойнасць, сталі набівацца ў царкву і пілігрымы. Яны ўжо забілі ўваход, кагосьці здушылі. Пачуліся енкі і крык:
— Што ты ці-існеш?!
— Ну, куды, куды прэце, як быдло рагатае?!
— Свінні, а не людзі!.. Чалавек да вас па-харошаму, стараецца, хоча як найлепш, а вы?..
— Дай волю нашаму народу!
— Бізун патрэбен!..
Нарэшце царкву людзі запоўнілі, супакоіліся.
Жоны-міраносіцы склалі рукі да малітвы, а па іх прыкладу пачалі маліцца ўсе. Мармытанне соцень вуснаў злілося ў суцэльны гук. прытуніла боль, прабудзіла надзею, дадало нейкай сілы.
Перастаў маліцца прарок, перасталі жоны-міраносіцы, сціхлі і людзі.
Тупа пастукваючы каленнымі чашачкамі па дошках памытай падлогі, таропка папаўзла да прарока першая цётка.
— Ну, што табе баліць?— не надта ветліва спытаўся ў яе Альяш.
— Галава, Лаўрэнцьевіч!.. Памаліса за мяне!.. Мая малітва не даходзіць, я надто грэшная!..
— Галава?
— Спасу няма, так мэнчыць!.. Ад тваго слова архангелы не адвернуццо, тваё слово святыя пасланцы да самого госпада данясуць — ты на прыкмеце ў яго!
Клімовіч сціснуў далонямі цётчыны скроні, прамармытаў пару фраз малітвы і кабеціне аб'явіў:
— Мусі, паганая кроў застыла пад чэрапам!.. Яна, як збярэцца там, так і пачынае мардаваць чалавека!.. О, тут, на макаўцы!.. А п'яўкі ставіла?
— А як, жа!.. Панапіваюццо, як качулкі, аж страх, а палёгкі — ніякай!
— Ну, мо цяпер паможа! Ідзі, выздараўлівай ды зноў маліса богу, і я буду маліцца за цябе.
Альяшова ўвага да яе слабасці цётку расчуліла да слёз.
— Вялікае, вялікае, надто велькае табе дзякуй, божы чалавек! Ох, каб гасподзь бог даў табе сілы і здароўечко! I дзеткі мае будуць маліцца за цябе дзень і ноч!.. Я ўсім, усім людзям пра гэто раскажу!.. Дай залаценькую сваю ру-учаньку, падай ты мне яе... Я не — о! М-м!..
— Ну, добро, добро, я не архірэй!
Альяш адарваў ад яе вуснаў далонь.
— От, як смала прыклеіласа!.. Адчапіса!.. Ідзі, ідзі ты ўжэ!.. Ну, хто там зноў?
Вынырнула тая самая бабка з перавязаным вокам і ўжо, як перад добра знаёмым ці сваяком, расплакалася:
— Гэто ж, падумай, айцец, сыноў я так любіла, так гадавала, недасыпала начэй, а яны выраслі, пажаніліса і паказалі мне абодва фігу!.. Пабілі нас з мужыком!.. Ён злёг, а я да цябе — за парадай! З Крушынян мы!.. Э-э, ты маго добро ведаеш — Макаль Барыс, з табой разам да войска прызываўсо!.. З самого краю наша хата, калі ад вас ехаць, пад вербай з бусляніцай, успомніў?! Каб так грызлі родныя дзеці — хто калі чуў?! Нагаворнай вадой напаіў хто іх ці якое ліхо?!.
Цётка, мабыць, чула пра канфлікт Альяша з дзецьмі і была ўпэўнена, што знойдзе ў ято разуменне і падтрымку.
Прарок нечакана на яе накінуўся:
— Бо зямлі не апісала сынам, таму яны і грызуцца з табой!
У бабкі адразу высахлі вочы.
— Ага, які ты!.. Дак мы ж шчэ з бацькам жывыя!.. Як памрэм, як нас заваляць у яму, хай тады са сваімі разумнымі панскімі жанкамі і дзеляць сабе тыя гектары!
— Што-о?.. А паглядзі, як робяць крынкаўскія жыды — даросламу дзіцяці дадуць столькі дабра, каб яно само жызню магло пачынаць. Аддзеляць, а потым шчэ і дапамагаюць, покуль яно не стане на свае ногі. А ты са сваім Барысам як зрабіла, думаеш, не ведаюць людзі?
Прарок касціў цётку, адчуваў нейкую боль, бытта касціў нехта яго самога, і Альяшу зрабілася нібы лягчэй.
— Няма чаго табе тут плакаць. Што насеяла, то і жнеш. Не дуры, бабо, мне больш галавы і ідзі сабе — унь людзей шчэ колькі ў мяне чакае! А табе чаго?
— Сляпы я, Ілья-прарок!— малады мужчына тыцнуўся падзёўбаным воспай тварам Альяшу ў грудзі.— Сляпы ад нараджэння!.. Так хочацца ўбачыць сваіх!.. Зрабі цуд, божы чалавек, табе дано госпадом такое с л о в о!
Альяш азірнуўся, і Хімка зараз жа падставіла паднос. Прарок плюнуў у яго, абмакнуў палец і даткнуўся ім да вачэй сляпога.
— Калі ўсявышні злітуецца, то мо і...
— Не кажы, ад цябе памо-ожа, я ве-едаю, святая рука твая лё-огкая!.. Ты ўсё можаш!.. I с л о в о такое ведаеш, я знаю! — не памятаў ужо сябе ад шчасця сляпы.
— То ідзі, вытрымлівай пасты і маліса!
Хвіліну падумаўшы, нібы доктар, які ўспомніў яшчэ пра адно рэдкае лекарства, Альяш дадаў:
— «Верую» і пацеры божай мацеры перад кожнай ядой і перад сном кожным карысно... Толькі думаць пра што іншае тады не трэ ўжэ, бо ўсё дарэмно будзе!..