Вершалінскі рай - Страница 99


К оглавлению

99

Прарок не паддаваўся і на кпіны.

Зрэшты, мажліва, стары і меў рацыю. Акажыся Альяш тады хоць адным словам, і злыя, ашуканыя людзі нават яшчэ яго і задушылі б перад тым, як распяць на бервяне.


3.

Бы нашыя страшаўцы, Альяшовы аднавяскоўцы байкам Клімовіча не верылі. Глядзелі яны на паломніцтва, суцэльныя кірмашы ў сваёй Грыбоўшчыне, на крэсныя ходы і пляваліся. Аднак да свайго земляка нічога не мелі.

Паводле разумення яго землякоў Альяш быў не вінаваты, што існуе аж столькі дурняў. Не вельмі вінавацілі старога нават і за забойства — п'яны ж Юзік пачаў першы, кожны пра гэта добра ведаў!

Альяшу аднавяскоўцы нават спагадалі. Бо праз Клімовіча яны нарагаталіся, нацешыліся і з паноў — вялікіх ды малых, з папоў і з архірэяў. Мужчынам трапляўся сякі-такі заробак. Вёска стала слаўнай, і ні адна дзеўка не заседзелася — усе павыходзілі, дзякуй богу, замуж...

Праўда, Альяш — чалавек не ласкавы, суровы, усё наўме ў старога была праклятая царква, але што ты зробіш, калі чалавек убіў сабе яе ў галаву! А як іншы п'е без меры, за бабскімі спадніцамі лётае або за кніжкамі прападае, хіба гэта лепш?

Той раніцой большасць аднавяскоўцаў старому ахвотна дапамаглі б, толькі людзі яшчэ спалі.

У крытычную гадзіну Тэкля ў гладышах несла Альяшу сняданне і натыкнулася на збітых у гурбу змярцвелых пастушкоў. Хлопчыкі збіраліся выганяць кароў, убачылі самасуд ды перапалоханыя не ведалі што рабіць. Пазнаўшы маладзіцу, яны наперабой наведамілі:

— Цётку-у, а там вашаго дзядзьку хочуць якіясь людзі на крыж прыбіваць!

— Цвікі, якімі куюць коней, надаставалі і малаток!

— I крыж укопваюць!..

— А ваш дзядзько ўсё маўчыць!..

Жанчына выпусціла вузел, кінулася да Курзы Сцяпана і ўбегла на пусты солтысаў падворак.

У Курзаў чамусьці было насцеж адчынена акно. Расхіленыя фіранкі. Жанчына сунула паміж вазончыкаў галаву, прыгледзелася.

Апрануты Сцяпан сядзеў на ўслоне, а расчахраная яго Нінка — на разварочаным ложку. Устрывожаны солтыс чапляў сабе на шыю казённую бляху з арлом і гаварыў жонцы з крыўдай у голасе:

— Хопіць, што нарваўсо тады з Юзікавым целам і паліцыя мяне доўго пілавала, нашто войту заявіў!.. А халера іх зразумее, чаго ім трэ і як дагадзіць!..

— I я памятаю, як цябе сам староста палохаў ды абзываў!..— падхапіла Нінка.— Правільно, на гэты раз не лезь, і не думай нават лезці, разбяруццо там самі!.. Прыедзе унь паліцыя, пакліча, тады сабе і выйдзеш!

— ...Падаткаў не плоцяць! На шарварак ніхто не ідзе! Мост сапсуецца ці пастухі на вогнішчы разбяруць, адзін аднаму вакно выб'е ці паленам па башцэ стукне — солтыс вінаваты!.. I каб за грошы якія, а то — бясплатно!.. Цьфу, служба сабачая!..

Да ўзбуджанай Тэклі яшчэ не даходзіў сэнс іхняй гаворкі.

— Сцяпа-ан! Ні-інка!..— закрычала яна.— Што гэто ро-обіцца!.. Хутчэй адкрывайце хату!

Жанчына кінулася ад акна.

Аднак Тэклі давялося доўга барабаніць у дзверы, покуль у іх з'явілася ў начной кашулі солтысіха.

— Нінка, золатцо, кліч сваго Сцяпана хутчэй! — выдыхнула яна і памкнулася ў сені.— Хай збірае жыво людзей, бо там з Альяшом хочуць — ой!..

Солтысіха заступіла ёй дарогу, прытрымала дзверы ды аб'явіла з прытворным шкадаваннем:

— Калі мой Сцяпан прыхварэў крыху!.. Хай сабе паспіць шчэ!.. То мо збегай па другіх, шчэ ўсе дома, дасыпа-аюць сама!.. Хібо мало здаровых мужыкоў на вёсцы?!

Тэкля заўважыла праз Нінчына плячо, як солтыс без аглядкі сігае ў свіран. Адно цяпер да яе дайшло, чаму ў Курзаў было насцеж адчынена акно, дайшоў сэнс пачутай раней размовы.

Жанчына з абурэннем паўзіралася на Нінку.

— А-а, твой муж умывае ру-укі?! — прагльшула камяк, падступіўшы к горлу, Тэкля.— Адразу і сказала б гэтак!..

— Што ты, што ты, Тэклечка!.. Ён ніколі раніцой не мые іх, а — вечарам, пасля рабо-оты!.. Я адно кажу — прыхварэў крыху, галава ў яго...

Солтысіха пабачыла, што больш няма сэнсу прыкідвацца і выбухнула:

— А ну яго з тваім Альяшом, у нас дзеці растуць, трэ нам і пра іх думаць!.. Сцяпан ужэ адзін раз умяшаўса ў вашыя гішэфты, а потым адкараскацпа не мог! Нават я чула, як сам староста Вайцяховіч яго палохаў!.. А што, хібо ён кепскае тады хацеў яму? Цяпер староста хай едзе і разбіраецца сам! Хай ратуюць адзін аднаго, калі так спараваліса!.. Або ваш Фэлюсь Станкевіч хай дапамагае — нажыўсо на людзях праз твайго Альяша файно!.. А ты, прыблуда з Празнікаў, ідзі, ідзі сабе адгэтуль — мужыка не пушчу нізашто!

Тэкля кіпулася да Альяшовага зяця. Уварваўшыся ў хату, пачала яго тармашыць ды лямантаваць: ,

— Волесь, Волесь, уставай! Глядзі, што з тваім цесцем багамолы хочуць зрабіць!.. Вольга, скажы ты свайму мужу, хай устае, хай будзіць мужчын ды ратуе бацьку!.. Што ў вас было там паміж сабой, цяпер не ўспамінайце!.. Даруйце старому дурню, будзьце хоць вы разумнейшыя! Такі ўжэ чалавек нарадзіўсо!.. Усё ж такі ваш сваяк, дзед вашых дзяцей!

I покуль Аляксандар адзяваўся, Тэкля з Вольгай кінуліся ў суседнія хаты будзіць людзей.


4.

Нарэшце крыж быў падрыхтаваны. Бяльчане ў напружан-ні чакалі, што перад смерцю скажа прарок: яны ж не басур-мане якія, каб так адразу чалавека і адправіць на той свет.

Дзядзька яшчэ доўга маўчаў.

Стары, аднак, быў не без здольнасці, і прыроджаны талент падказаў яму выйсце. Ён мяккім ды спакойным, бясхітрасным голасам, якім, здаецца, дагэтуль і з людзьмі ні разу не гаварыў, цяпер прамовіў:

— На крыж?.. Можно і на крыж, а — што!.. Хрыстос пацярпеў за нас, явіў прыклад, каб мы ішлі па слядах яго. Для кожнаго з нас найвялікшае шчасце прайсці па цярністаму шляху сына божага, быць за народ укрыжаваным.

99