— Вы адно так гаворыце! Ведаю праз сябе — каб, дайшло да справы, не хапіла б смеласці!
Госць зняважліва паўзіраўся на старога.
— У мяне-е?!
—...I я так думаю,— не даваў яму гаварыць рэстаран-шчык,— казкі пра тое, што кажуць на яўрэяў, бытта яны распялі Хрыста! Не маглі нашыя гэтага зрабіць! У жывога чалавека заганяць цвікі?! О-вэй, мы нават курэй самі не рэжам, а робіць гэта шайхэт!.. У паласатым халаце шайхэт іх рэжа, а равін над ім чытае талмуд!
— Зрэшты, калі быць зусім дакладным, яўрэі і не распіналі,— разважыў свяшчэннік.— Яны толькі крычалі: «Распні, распні яго!..» Распіналі рымскія салдаты. I ўсё гэта было ад госпада, бо ні адна пылінка, ні валасінка не ўпадзе без волі яго!.. Таму і рымскіх легіянераў гасподзь паслаў!
— Не маглі, не маглі нашыя гэтага зрабіць...— запэўніў рэстараншчык ды раптам, уражаны, спахапіўся: — Як вы сказалі? То вы, айцец Якаў, сказалі, што рымскія салдаты распялі яго?!
Але бацюшка перажываў сваё. Ён ускінуў магутныя ручышчы к небу і бліснуў здаровымі бялкамі вачэй:
— Божа, усяміласны, даруй мне, грэшнаму, што знізваджу цябе з вышыні тваёй велічнай усемагутнасці! Няхай твая боская аснова не ўбачыць у гэтым абразу, што так уніжаю тваё імя да смярдзючага халопа!.. Я малю цябе пакорна — пашлі сваіх легіянераў, няхай яны сваімі свяшчэннымі мячамі, агністымі маланкамі пакладуць нарэшце канец агіднаму паскудству, што разводзіць грыбоўшчынскі хітры д'ябал і сектант! Святы божа, абразум гэтыя тысячы аслепленых няшчасных, якія знаходзяць сабе ўцяшэнне ў фальшывай грыбоўшчынскай юдалі!
Расхінулася шырма.
З закутка ў зашмальцаванай світачцы і ў заскарузлых ботах выйшаў Альяш. Ні на каго не пазіраючы, не прамовіўшы ні слова, дзядзька палажыў перад Хайкелем пяць злотых манеткай ды павалок торбу на вуліцу. Спрачаючыся і махаючы рукамі, выскачылі з-за шырмы Хайкеляў сын і зяць.
Хайкель на хвіліну забыўся пра бацюшку. З нехаванай зайздрасцю і захапленнем стары яўрэй сцебануў хлопцаў фартухом:
— Ай, мішугінэ коп!.. Не, вы ба-ачылі такіх?! Ідзіце ўжэ абедаць!.. Марш!..
Калі за маладым зачыніліся дзверы, бацюшка выбухнуў яшчэ мацней:
— Зноў гэтая лахудра паперла міласціню і слёзы веруючых!.. Поўную торбу!.. I пайдзі зразумей, што гэты д'ябал у чалавечым вобліку будзе цяпер з грашыма рабіць: закупляць цукар з прылаўкаў і высыпаць у пясок?! Абліваць нафтай шакалад?! Выбіраць дарагі матарыял па крамах ды нішчыць?! Бандыт з вялікай дарогі, якому ўсё дазволена! Усе цэрквы абабраў, і — нічога!.. Чытаў, пане Хайкель, у газеце? Зноў гэтага нячыстага ўрад узнагародзіў ордэнам. Другім ужо!..
— Начальству відней, мы — людзі маленькія! — ухіліўся рэстараншчык ад небяспечнай тэмы. Стары ўсё натужліва стараўся ўспомніць пра тое, што ж яго нядаўна так уразіла.
— I пісалі настаўнікі, фэльчары, вецерынары!.. Пісалі нават леснікі, спецыялісты пра абармота самому прэзідэнту, а — ніякага толку!
Бацюшка перадыхнуў, і гэта скарыстаў Хайкель.
— А-а, успомніў—рымскія легіянеры!.. Так вы скажыце мне, пане свяшчэннік, чаму тады ўсе гавораць, што яго распялі яўрэі?.. Чаму ж тады на італьянцаў не кажуць?.. З іх нават рымскіх папежаў яшчэ выбіраюць, добры інтэрас!
Айцец Якаў якраз пазіраў праз акно.
На вуліцы ля фурманкі з дзеравянымі восямі тоўпіўся народ. На вазок, не звяртаючы ні на каго ўвагі, клаў рэшткі канюшыны ды ўзбіраўся Альяш і масціў пад сябе торбу. Два паліцыянты з пасачкамі пад барадой адціскалі ад прарока жанчын ды ўважліва сачылі, каб гарадскія хуліганы не пакрыўдзілі старога абразлівым словам, не пацягнулі чаго-небудзь з воза, каб багамолкі не павалілі дзеда на брук.
Бацюшку аж разрывала.
— Божа правы, усё ты гэта бачыш, дакуль, дакуль будзеш цярпець, дакуль дазваляць будзеш, каб тваю законную веру тапталі розныя абармоты?!
— Яўрэі ж толькі крычалі, як вы самі кажаце, айцец Якаў, праўда?! — шукаў справядлівасці ў свяшчэнніка, цвярдзіў сваё рэстараншчык.— А мо і не крычалі?.. Кажуць, распялі, а не распіналі. Гавораць, крычалі, то мо, калі разабрацца, і не крычалі?.. Мажліва, легіянеры самі крычалі: «Распні яго, распні!..» Італьянцы са сваім папежам усё гэта ўчынілі і, як заўсёды бывае, звалілі на бедных яўрэяў і яны, добры інтэрас!
— Рымскага папы тады яшчэ не было! — як бы апрытомнеў поп ды адным глытком асушыў другі куфаль.
— Не было-о?!. Усё роўна нехта падстроіў і зваліў на нас, я вам кажу! — сумна паківаў галавой рэстараншчык, задумана пашчыпваючы сваю рыжавата-шэрую бародку.— Кожны раз вінаваты яўрэі. Як вам гэта падабаецца? Добры інтэрас!
Уздыхаючы, айцец Якаў скардзіўся пра сваю бяду.
— Ціснуць, гіне праваслаўная вера, госпадзі!.. Ці мы маглі такое сабе ўявіць некалі ў духоўнай семінарыі?.. Пане Хайкель, яшчэ два куфлі, калі ласка!
— Сей мінют!
Покуль у Крынкаўскім рэстаране айцец Якаў заліваў сваё гора півам, Альяш ехаў памалу ў лясніцтва.
У буржуазнай Польшчы лес быў надта дарагі. Сасну мужыкам прадавалі толькі трэцяй і чацвёртай катэгорыі — сінюю, крывую, з'едзеную караедам, бо лепшая ішла на валюту. Аднаму Альяшу, нібы купцу з Бельгии, дзерава адпускалася першага гатунку. Затое кожны прыезд прарока Альяша, напрыклад, у лясніцтва Пачапок, прыносіў сюды свята, і тады ляснічыя ды іхнія жанкі гублялі ад шчасця галовы.
Дома Альяш Тэклі выдзяляў да лямпы нафту, мераючы яе ў бутэльцы скрыначкай ад запалак, а каб эканоміць свечкі, маліцца з кніжак у царкве ў апошні час дазваляў толькі днём.
У лясніцтве ж дзядзька раптам плаціў шчодра, не лічачы нават грошай. Тую самую торбу, з-за якой спецыяльна заяджаў у Крынкі і праводзіў час на падліках у рэстаране, цяпер стары прывалакаў у кантору лясніцтва і вывальваў на стол папяровыя стосікі ды металёвыя валікі.