Адкрываць у Грыбоўшчыне сталовую, для якой ужо завёў быў нават катлы і посуд, Піня раздумаў. Паразбіралі свае буданы крамнікі. Параспаўзаліся жабракі... «Трэція свяшчэн-нікі» цяпер мелі шмат вольнага часу. Распешчаных не абы-якім поспехам апосталаў тачыла трывога — а што, калі так будзе цяпер заўсёды?!
Вінаваўцаў яны гатовы былі шукаць усюды.
— Паліныянты людзей перапыняюць!..— разважаў услых за доўгім, зробленым з негабляваных грубых дошак сталом Майсак.— Затрымаюць фурманку на дарозе, і — чаму таблічкі з прозвішчам на ёй няма, чаму конь нячышчаны? — плаці, дзядзько, штраф! Вядомо, каму ахвота плаціць?!
— А ў Беластоку цэрквы, кажуць, пазакрывалі! — уставіла Руселіха.— Крынкаўскія паліцыянты хваліліся: «Хай ваш прарок паставіць свечку вялікую Мікалаю Угодніку, што ўдалосо яму якось шчэ пабудаваць, бо цяпер нікому не дазваляем, на веру вашу забарон у Варшаве выйшаў!»
— I забароняць паны, а што ім? — заўважыў Давідзюк.— Запалохаць нашых людзей — што раз плюнуць! Толькі як жыці без веры будзем?
— Пад Краковам мужыкі баставалі і паліцыя іх расстраля-ла з кулямётаў, як на вайне! — прынёс навіну з горада Павел Бельскі.— А прэм'ер Складкоўскі ў сейме яшчэ і заявіў: «Паліцыя наша страляла і страляць будзе!»
Свет ускалыхвалі ўжо грозныя падзеі. Памалу яны даходзілі і ў вёску.
— А ў Гішпаніі — вайна! — пасля хвіліны маўчання выкладваў навіны Бельскі.— Самі на сваіх пайшлі!.. Брат ваюе з братам, сын на бацьку ідзе, як было ў Расеі ў семнаццатым!.. Там ціперака такая разня, што па гарадах крывавыя рэчкі цякуць!.. Ужэ немец туды сваіх салдат папёр, самалёты направіў, а Саветы — караблі з танкамі накіравалі!
— У тую бойню таўклі адны адных тут, а цяпер — во дзе счапіліса! — паківаў галавой Ломнік.— Ну, ну, паглядзім, чыя цяпер возьме!
— У германца, як і тады, на спражках напісано: «З намі бог!», а ў рускіх — звёзды, хібо ім цягацца з немцам!..
— Англічане прыдумалі бомбы — як кіне з цыпіліна такую, як узарвецца яна, так да самай вады дастане! — пасля маўчання зноў падсыпаў Бельскі.
— На Усходзе японец усё далей у Кітай залазіць!..— уздыхнуў Майсак.— Спецыяльныя каты па вёсках адсякаюць галовы непакорным кітайцам! У газетах здымкі паказваюць — шабля ў ката шырокая, бы цясак, аберуч трымае, а каля ног яго галовы валяюцца, бы качаны капусты!
Падала голас і Хрысціна:
— Не дай бог гэты японец шчэ і сюды дойдзе, куды падзявацца нам?! Ах, ах, маці божая, што за згіненне валіць на людзей адусюль! Зноў, мабыць, настае Садом і Гамора, ды канец свету ўжэ падыходзіць!
— Прыйдзе тая гадзіна канца свету, ох, прыйдзе!— выгражала бабка Піліпіха.
— Але колькі раней народу намарнуецца — страх і падумаць! — пашкадавала Хрысціна.
— Бо няма такого Саламона, каб сказаў народу — людзі, адумайцеса, пачніце жыць у міры, якого ражна вам трэбо?! — кінуў Майсак.
— А што ты, Хрысціна, хочаш? — азваўся Альяш.— Хто ў тым павінен, што канец усяму ідзе? Самі людзі вінаваты!.. П'янкі, грахі, разбой, танцы, ашуканство на кожным кроку, распуста!.. У жніво ці ў сенакос — параздзяваюццо да пупа... Цьфу!.. Кіем не загоніш маліцца іншаго свістуна да царквы, а ў нядзелю будзе табе рабіць што хочаш, толькі заплаці яму!..
«Дальбог, праўда! — са страхам адзначыла сабе цётка Хімка.— Аж жаласць бярэ, калі паглядзіш, як тыя пчолкі мэнчацца, з кветачак воск збіраюць, каб святы лік ім асвятліць, а такому гіцлю ніц не значыць — падысці да свечкі ды прыкурыць!.. Не-е, Яшка мой не такі, хай бог крые-ратуе!.. Хоць у тых Саветах верыць у бога забараняюць, але Яшка зважлівым быў яшчэ малым, а ўжэ цяпер!.. Ён жа не вінаваты, што да цэрквы іх там не пускаюць!..»
Гэтым часам Альяш разыходзіўся ўсё больш: — Нават крынкаўскія яўрэі перасталі хадзіць у свае сінагогі. А да нас, паглядзі? Дзесятая часць людзей прыйшла ў гэтым годзе, калі параўнаеш з тым, што мелі мы! А што робіцца ў другіх царквах?.. Усе бацюшкі, гэтыя духоўныя дзікуны, залатыя зубы сабе паўстаўлялі! Радзівы нават пакуплялі і слухаюць тое, што богаві адно рабіць дазволено!
— Шчэ не хапало, каб пасталі гаварыць з небам!— прабурчала Хрысціна.
— Знойдуцца такія рызыканты, што і гэто рабіць паспрабуюць, думаеш — не? — згадзіўся прарок.— У Бібліі сказано: перад канцом свету наступіць такі час, калі людзі зробяцца гордымі, бацькам непакорныя ды няўдзячныя. Забудуць храмы, фігляваць пачнуць на рабоце, распустай зоймуццо і з небам спрачацца стануць, брат пойдзе на брата, дачка проці мацеры... Во тады жоўтая чума свет залье, зямля разверзнецца, і на тым месцы застануцца толькі чорная ноч і сем слупоў дыму!
— А мы можам зара пачытаць! — з гатоўнасцю пагартаў Давідзюк і паспешліва павадзіў пальцамі:
— Калі ласка, слухайце: «Ибо восстанет народ на народ и царство на царство, и будут глады и землетресения по местам. Все это начало болезней. И тогда будет великая скорбь, какой не было от начала мира доныне... Ибо где будет труп, там соберутся орлы, и после скорби дней тех люди будут воздыхать от страха и ожидания бедствий грядущих на вселенную... И море восшумит и возмутится, солнце померкнет, и луна не даст света своего, и звезды спадут с неба, и силы небесные поколеблются!..»
— Амант! — ціха прашаптала цётка Хімка ды набожна перажагналася.
— I пакалеблюцца, а што ты думаеш? — разважыў Майсак ды пагладзіў раскладзістую бараду.— У календары было напісано пра зацьменне месяца, і я падумаў — дай праверу! Прыйшоў вызначаны дзень — точно! Таксамо і ў Біблію ведалі, што ўпісуваць!
— М-м, як ты, Пятрук, можаш спакойна шчэ й гаварыць аб гэтум — канец жа свету ідзе! — выбухнула Хрысціна.— Альяш кажа пра залатыя зубы ў бацюшак — гэто што! Папоўны белыя пальчаткі панадзявалі, капелюшы і так пруцца ў гэтым адзенні да царквы!.. А глядзі, што людзі вычаўпляюць з мукі? Ужэ хлеб просто так не могуць з'есці, выпякаюць усялякую рас-пусту!.. Мусіць жа ўсяму гэтаму прыйсці канец, бо далей так быць не монса!..