— О! трупаў яны пакідаюць адразу, што праўда, то праўда, за вайну наглядзеўся я!..
Павел нервозна зацягнуўся папяросай ды з шумам выдыхнуў дым. Адбіваючы такт і прыслухоўваючыся да свайго голасу, паэт на слых праверыў рыфму:
— Ты тру-дов по-нес не ма-ло, слез не ма-ло ты про-лил... Гм... О! Н сам бог те-бя за э-то... А што — за э-то?.. За это, за это... Н сам бог те-бя за э-то ру-кой щед-рой на-гра-дил!.. Го, атрымліваецца!..
Паэт ліхаманкава ўзяўся запісваць.
— I ахвота яму вазіпца з гэтым!..— паціснуў плячыма Рэгіс.
У гэты момант нехта пастукаў нясмела ў дзверы.
— Прошэ! — па-польску дазволіў Рэгіс. З вядром вады і венікам увайшла Тэкля.
— А, святая душа, Фёклачка! — шчыра ўзрадаваўся Рэгіс.
Маладзіца аддана тры разы пакланілася партрэту Альяша, затым — Талстому, перажагналася і мякка папракнула мужчын:
— Зноў накурылі, хоць сякеру вешай!.. Ой, мужчынкі, мужчынкі, як вы так можаце!..
— А ты для чаго, што б рабіла?.. Навядзі, навядзі парадак у нас, мілая!
— Як жа, навядзеш тут, рыхтык!.. Вазончыкі ад дыму во зусім ужэ зачахлі!.. Хоць бы фортку адкрылі, ці што?! — палезла яна белым каленам на акно.— Бы малыя!..
Покуль маладзіца мокрай анучай працірала падлогу, падбірала са стала акуркі, покуль яна любоўна раўняла саматканыя пасцілкі на нарах ды разгладжвала вытканыя ў шашачку дываны, якімі былі ўвешаны сцены, Рэгіс не спускаў ласых вачэй з пухлаватых яе пакатых плячэй і аголеных рук, якія па локаць яшчэ мелі выразныя сляды летняга загару.
Абмацаўшы Тэклю вачыма з пят да галавы, дзячок шчыра прызнаўся:
— А ведаеш, даражэнькая, пра такіх у Бібліі сказана: «Повела бы я табя в дом матери моей. Ты учил бы меня, а я поила бы тебя ароматным вином, соком гранатовых яблок моих...» Гэтая ядронасць цела, радзімкі на шчацэ і шыі, ідэальна налітыя ногі, зубы, што аж зіхацянь белізной!.. Такая ласкавасць у вачах!.. Колькі разоў на цябе гляджу, столькі і думаю — ну ж і бабу падчапіў сабе наш прарок, ну ж і ўмеў!..
— То дзіво!.. Альяш хоць I стары, але — жывы! — уставіў вазніца.
— Ты сур'ёзна?! Але ж падумай, чалавеча, што ён у свае гады можа рабіць з ёю, ды яшчэ на адной грэчневай кашы?.. Чудзяса твае, госпадзі!
— Скажаце вы таксамо, айцец Мікалай, ну-у вас! — крыху ненатуральна засаромелася Тэкля, наводзячы парадак ля печы з белай кафлі.
— Пра нашага старога смешна апавядаў шудзялаўскі войт, паслухай,— звярнуўся ён зноў да вазніцы.— Альяшу прысудзілі палякі ордэн за тое, што пабудаваў царкву. Прыслалі паперу з паведамленнем: узнагароду трэба выкупіць у Беластоку за дваццаць злотых. Стары зразумеў гэта як пакаранне — ого, выдаткаваць яму такія грошы!.. Ён узяў торбу хлеба, прыбыў у гміну і папрасіў: «Пане войце, а ці нельга было б гэтыя грошы адседзець у арышце, як за штраф?..»
— От камбінатар, ха-ха-ха-ха!..
— А што? — не зразумеў гумару вазніца.— Бо гаспадарлівы. Нічога на яго не скажаш, грошы берагчы ўмее. Народ любіць і паважае яго за гэто.
— Цьфу, табе, Пінкусаваму парабку, нічога не скажы — не датумкаеш!
Тэкля мудра прамаўчала.
Яна была з тых жанчын, каторыя за вонкавай наіўнай сціпласцю ведаюць, чаго хочуць. Жанчына разумела — Рэгіс гаворыць аб прароку так з зайздрасці, гэткая размова нічога Альяшу не зашкодзіць і ад прарока не адыме.
Страціўшы рана маці, семнаццацігадовай дзяўчынай Тэкля адправілася ў Гродна да багацеяў служыць, і там лёс яе кінуў у абдымкі прайдохі і распутніка. Яе потым спайвалі часамі да таго, што на другі дзень Тэкля шукала на сметніку коркі ад бутэлек ды з прагнасцю жавала.
Нарэшце дайшла чутка пра яе паводзіны ў Празнікі, і ў Гродна прыехаў Тэклін бацька. Стары сілай пасадзіў яе на фурманку ды прывёз дадому, дзе яна і жыла пару гадоў.
У празнікаўскага кулака батрачыў сірата, гаваркі Юзік, якому трэба было даўно ўжо жаніцца. Стары прывадзіў яго да сябе чаркай і ўгаварыў прыстаць у прымы.
Згулялі вяселле.
Неўзабаве Юзік з жонкі пачаў здзекавацца, лупцаваць і нават выганяць з хаты. Тэкля пайшла аднойчы з бабамі ў Грыбоўшчыну ды да мужа болей не вярнулася. Пражыла яна тут чатыры гады, слала ложак асобна Альяшу, а сама масцілася на куфры.
Тэкля звязала свой лёс з Альяшом з-за звычайнага бабскага захаплення ўпартай дзейнасцю і дасягненнямі мужыка з характарам — соладка было падпарадкоўвацца такому, верыць і служыць. Альяшовы поспехі яна інстынктыўна зрабіла сваімі, расквітнела нанава і ў трыццаць шэсць гадоў аж свяцілася ледзь не дзявочай прывабнасцю.
Кожную раніцу Тэкля ўсхоплівалася ад пачуцця бязмернага шчасця, радасці, якія чакалі яе цэлы дзень, і з вечнай прагай да работы, з асалодай ад сваёй маладой нястомнасці, з апушчанымі ўніз сарамлівымі вачыма яна насілася да вечара ад дома да царквы, ад царквы да гасцініцы і ў вёску. Да ўсяго, што зрабіў Альяш, адносілася з беражлівасцю руплівай і сумленнай гаспадыні.
З такой жа цеплынёй, як гэта ўмеюць рабіць толькі жанчыны, адносілася яна і да яго нядобразычлівых сяброў, бо надта хацела, каб непрыязь гэтая была ў іх часовай.
Пасля расказанага Рэгісам выпадку з ордэнам Тэкля перажагналася зноў ды пакланілася барадатаму партрэту. Узнімаючыся, сціпла і дабрадушна папракнула жартаўніка:
— Вы — як заўсёды, айцец Мікалай, жартуеце!
— Чаму так думаеш? Я ж — сур'ёзна!.. Сам войт расказваў. Што, ён — брахаў бы?.. I ці толькі гэта!.. З Піняй мы ўгаварылі аднойчы Альяша зайсці ў крынкаўскую лазню. Мыцца-то ён мыўся, а кашулі так і не зняў!.. Ты, гэткая чысцюля, як церпіш такога?! — не ўнімаўся дзячок.
Тэкля паспрабавала перавесці размову.