Вершалінскі рай - Страница 6


К оглавлению

6

Не звяртаючы ўвагі на жар вуголляў, дзядзька пачаў выграбаць золата сабе ў прыпол, але яму ўсё здавалася мала. Ён дацягнуў да ракавога моманту — вяртаўся аднекуль чорт, праспяваў пеўнем, і багацце знікла.

— Во, сляды ад агню, бачыш?— паказаў ён мне свае закарэлыя рукі з белымі плямкамі, дзе прамяністымі зборачкамі нарасла маладая скура. — Эх, каб паспеў да таго, халернаго, пеўня золато тое вынесці наверх, хібо ж я такі цяпер быў бы, сынок?..

Мне і сёння дзядзьку шкода. Самаашуканства, мусіць, было такое моцнае, што і рукі ў чалавека пакрыліся пухірамі.

Яшчэ Клемус упарта і падрабязна расказваў, як перад ім з'явіўся пан Езус ды аб'явіў яго святым. Некалькі пакаленняў страшаўскіх дзяцей ведала на памяць, што сказаў Сцяпанаваму бацьку Хрыстос і дзе здарыўся цуд...

Як Клемусу яма з золатам і Хрыстос, так і поўнаму забабонаў Альяшу магла з'явіцца ў яго хваравітым уяўленні і маці божая. А мог ён усё выдумаць, але потым столькі разоў паўтараў хлусню, што і сам у яе паверыў. Так ці інакш, але страшаўцы дакладна памяталі, калі Альяш пачаў апавядаць сваю легенду, і смяяліся з яго, бы са старога Сцяпанавага бацькі.

Смяяліся людзі з грыбоўшчынца дарэмна.

Пахаваўшы маці, а разам і яе веру, якая яго пад-сцёбавала, Альяш рук не апусціў. На ўзгорку пад лесам Клімовіч і праўда пачаў капаць роў для падмурка ды вазіць туды камяні.


2.

Дзіўна паводзяць сябе часамі людзі.

У перапоўненай зале варта кашлянуць ці пазяхнуць аднаму чалавеку, як пачынаюць кашляць і пазяхаць астатнія, — гэта ж не выдумка, што за мяжой дырэктары тэатраў нанімаюць спецыяльных рагатуноў, каб сваім смехам падахвочвалі ўсю залу.

З'яву такую вучоныя пазываюць «псіхалагічным рэхам».

...Неўзабаве навіна пра аб'яўленне Альяшу маці божай і аб яго рабоце перакінулася на вёскі суседнія ды памчала па іх тым самым тысячагалосым «псіхалагічным рэхам». Імчала ўжо перайначанай, з дапаўненнямі, вырастаючы ў легенду — бытта тады, як у далёкіх сёлах людзі размалёўвалі «геройскія» ўчынкі Паўтарака.

— От, дзіво!— казала ўсхваляваная цётка.— Глядзіш з вёскі — восім чалавек капае траншэю на падмурак, а зойдзеш на пагорак — усяго адзін! Адыдзіса да вёскі, павярні галаву назад — зноў налічыш восім!.. Мроіцца табе, ці што?.. Пералічу шчэ раз. Не, такі — восім!

— Святая сіла дапамагае!

— А што думаеш?.. Аж страх бярэ!..

I на ўзгорак аднойчы збегліся бабы з Нетупы, Гуран, Вострава і Ляшчыной. Прарок якраз паехаў па каменні. Яго пагорак быў удоўж і папярок перакапаны і завалены гарбылямі ды скрынямі з вапнай. Пад навесам матава блішчала слюда на іконцы маці божай з Чэнстаховы. Праваслаўны Альяш быў сынам каталічкі, і цётак абразок не здзівіў.

— Во, тая, што падказвае яму, як храм будаваць!— прашаптала цётка Піліпіха з Празнікаў.

— Ну! — пацвердзіла і старая Руселіха.— Праз яе Юзэфіна з таго свету з сынам гаворыць!

Цётка хвіліну набожна памаўчала, успамінаючы.

— Ах божа, божа, ці даўно, здаецца, яна тут Альяша раджала!.. Якраз жыты жалі, а я са сваімі была ў той унь лагчыне. Прыбягае Лаўрэн — падабрэлы ўвесь, вінаваты — і просіць: «Цётку Маруся, ідзеце да яе туды ў снапы, ужэ пачалосо, а я не ведаю, што рабіць!..» Прылятаю адным дыхам... А стогне, а енчыць!.. I цяпер якой пашаны дачакалася, у памагатарах на небе ў багародзіцы!..

Бабы пасталі на калені, пачалі маліцца.

Усе раптам уздрыганулі ад нечаканага віску Марысінай дачкі, Русялёвай Хрысціны:

— Ой, глядзеце, на небе зноў яна!..

— Дзе?.. Дзе-е?.. — пасля хвіліны напружанага маўчання з забабонным страхам, баючыся свайго малавер'я, баючыся самі сабе прызнацца, што нічога не бачаць, зашапталі бабкі.

— Гляньце, дыхт ля хмаркі!.. Унь, кучаравай той!

— У ядвабнай ша-аце і ў залатой каро-оне, са сваім дзіцяткам на руках, ах, бо-ожа!..— ледзь не вар'яцела ад шчасця цётка Піліпіха.

— Шчэ і ўсміхаецца да нас, родная!.. Няўжо не бачыце?!. Глядзіце ж!..— паказала ўжо трэцяя бабка, ды так шчыра, бытта хапала цуд за ногі.— Такая самюткая, як на Альяшовай іконцы, са шрамамі на лічыку!

— Ох, і я ўгледзела!.. Бы з-за тума-ану таго, дальбо, паказаласо!..

Русялёва Хрысціна расчулена ад радасці ўспляснула рукамі:

— Ах, заступніца ты нашая!.. Дзякуй табе, што ашчаслівіла нас, грэшных і бедных гаротніц! Цяпер выслухай ты сірот сваіх і памілуй!

Сотні здранцвелых ад цуда вясковых жанчын, якія пакаленнямі чакалі збавення, загіпнатызавана пацягнулі ў неба рукі, пазадзіралі галовы.

— Зрабі нам... Спусці на нас... Дыхні ў раны нашы, каб пазажывалі яны... Ах, якая я шчаслівая, ах, як мне до-обро, што цябе ўбачыла! — спяшаючыся, што вось-вось не стане цуда, а яна мае яшчэ столькі сказаць, крычала Піліпіха.

Далей цётка не вытрывала і расплакалася. Затое Русялёва Хрысціна перадыхнула, і з вуснаў таленавітай гаварухі паліліся словы:

— Пакутніца ты нашая, дзева Марыя! Падзякуй госпаду богу за любоў святую да нас і сына адзінароднаго, катораго паслаў ён нам на збавенне грахоў нашых!

Хрысціна бухнула лбом у пясок, а за ёй адбілі паклон і астатнія.

— Маці божая, якая ў мэнках раджала, у цярпеннях выкарміла і на крыж Галгофскі праводзіла дзіцятко сваё адзінае, ахіні нас хмарай нябеснай, прымі нас у лік дзяцей сваіх ясных, вазьмі пад сваю апеку маладыя і старыя сэрцы нашыя і спашлі на нас сілу і шчасце духа тваго святаго, каб мы маглі справамі сваімі ўсцешыць сына тваго адзінароднаго, збавіцеля нашаго любімаго!

Хрысціна набрала паветра і загаварыла да неба зноў:

— Сваімі божымі далонькамі, што датыкаліся ранаў сынавых, блаславі — і дзетак нашых, і ўнукаў і праўнукаў, і мужыкоў, добрых і няўдалых, і суседзяў, любых і пастылых, і чужых, і сваякоў, ды тых грэшнікаў па ўсяму аблічы зямному, хто яшчэ не ведае волі божай, бо, павер, кожная душа хоча ратунку!..

6