— Хлопцы, што я вас прасіла?..
Стаялі мы з Валодзькам за вёскай з гадзіну.
Нарэшце з лесу Дубава выплыла нешта жывое, пачало выцягвацца і распаўзацца па полі — ішлі кобрынцы. Дзядзькі ў пасталах з торбачкамі цераз плячо наперадзе калоны неслі іконы і харугвы з шаўковай бахрамой і шнуркамі. Святыя лікі глядзелі з харугваў ганарліва, а сонечныя зайчыкі бліскалі на шкле.
Выпаўзшы з лесу, людзі стаўпіліся вакол харугваносцаў і нешта заспявалі. Цяпер усё выглядала гэтак, бытта старажытная дружына са сцягамі выйшла насустрач татарам: праз хвіліну калі скончыцца гэтая малітва, яны для храбрасці яшчэ з лёскатам ударыць дзідамі ў шчыты — раз! раз! раз!..— і рынуцца ў смяротны бой.
Покуль мы клікалі Хімку, кобрынцы прайнілі да вёскі ўжо з паўдарогі. Песня скончылася, і дзед у пасталах з новымі аборкамі паверх ануч з суравога кужалю і ў касаваротцы з такога ж палатна, адно з вышытымі кветкамі на грудзях, не надта голасна кінуў у натоўп працяг усё таго ж акафіста:
— Радуйся, луч солнца мысленнаго!.. Ну, чаго маўчыце, паўтарайце за мной!
— Радуйся, луч солнца мысленнаго! — адказаў яму бязладны хор.
Дзед кінуў ужо мацней, незадаволена:
— Радуйся, сияние света исходящего!
— Радуйся, ісіяне света ісходяшчаго! — адказалі людзі дружней.
— Радуйся, молния, души озаряющая! — усё па-трабавальней цвярдзіў дзед.
Покуль хор паўтарыў фразу, Хімка забрала ў нас клумкі, пляменнікаў пацалавала, сунула нам па пяць грошаў і, заціснуўшы ў руцэ белую хусцінку з карункамі, нырнула ў воблака пылу, падстроілася да калоны.
— Радуйса, як гром урага ўстрашаючая! — падхапіла Хімка, як песню, наступны рэфрэн, а мы заганарыліся сваёй цёткай: усе словы малітвы яна ведала на памяць, паўтараць ёй будзе лёгка.
Пілігрымы ўвалілі ў вёску.
Высыпалі з хат і застылі ля платоў страшаўцы. Міма іх натужліва тупалі дзесяткі пасталоў. Саплі чужыя людзі. Стары кобрынец у касаваротцы цяпер ужо кідаў лозунгі акафіста зычна, маладжавым голасам. Дужыя і моцныя галасы зараз жа фразу паўтаралі, а будынкі з лёскатам адбівалі рэха.
— Радуйся, скверну грехов отнимающая!
— Радуйса, скверну грахоў адымаючая!
—...оў адымаючая!
— Радуйся, чаша, радость почерпающая!
— Радуйса, чаша, радасць пачарпаючая!
—...дасць пачарпаючая!
Рэфрэн у пілігрымаў быў падобны на рытмічныя выбухі нейкага адчайнага енку, пранізваў да самых касцей. Страшаўцы нерухома ўзіраліся і слухалі гэта з сур'ёзнымі тварамі.
— Радуйся, жизнь таинственного ликования!
— Радуйса, жізнь таінственнаго лікавання!
—...веннаго лікавання!
— Радуйся, невеста, неневесная!
Манатонная песня, якой, здаецца, не было канца і краю, гэтак кобрынцаў захапіла, напоўніла ўздымам, што ніхто з пілігрымаў на вяскоўцаў нават не глянуў. Поўныя замілавання, залюляныя рытмам рэфрэна, з бліскучымі ад унутранага агню вачыма багамолы прайшлі страшаўскі брук і ўзнялі зноў на гасцінцы пыл.
Зачараваныя гульнёй дарослых, мы з братам праводзілі Хімку да наступнага лесу.
К таму часу ўжо многімі пясчанымі дарогамі пылілі ў Грыбоўшчыну людзі. Іхнія натоўпы потым зліваліся ў цэлыя рэкі народу і валілі, валілі ў тое Грыбава, як людзі спрошчана называлі цяпер вёсачку. Акрамя таго, што ў Грыбоўшчыну неслі свае мары, надзеі, боль і гароўныя залатоўкі, у фурманках валаклі божаму чалавеку падарункі. Везлі таксама хворых, калек, а па хатах, як удар току, пралятала вестка:
— У Грыбоўшчыне цуды сталі тварыцца, як калісь у Журовічах ля іконы мацеры божай на грушы! Нямко з-пад Навагрудка загаварыў!
— Маладзіца з Бельска не мела дзяцей. Ілья над ёю памаліўся, і яна зацяжарыла!
— А мужчыне шчэ на вайне адбіло памяць. Дакрануўся да іконы ў Альяша чалавек лобам і адразу ўсё ўспомніў!
Узяўшы для блізіру місачку круп, у нашу хату прыбегла цётка Кірыліха. Убачыўшы, што дома бацькі няма, яна асмялела адразу і пасыпала:
— Адзін чалавек не паверыў у цуд і кажа: «Ашуканец ваш Альяш!» I аслеп. Зайшоў да Журовіч, маці божая на грушы яму гаворыць: «Уверуй у Ілью, калі хочаш свет божы бачыць!..» Ён паверыў і стаў відушчым!.. Ці ён адзін! Хлапец з Бельска ад нараджэння меў бельмы. Прывязлі яго ў Грыбава, вочы сталі чыстымі, чыстымі, бы дзве расінкі!
— А маю пляменніцу дак лейцамі вылечыў! — пахвалілася цётка Сахарыха.
— То тваю Лізу ён біў, а да калекі з Дзернякова Ілья толькі дакрануўся, а нага — раз-два і адрасла! Калека адкінуў кульбы і сабе пайшоў! Толькі шрам у яго застаўсо, як бардовая нітачка, каб людзі памяталі, што бог стварыў такі цуд! Чалавек цяпер усім дае той шрам памацаць!.. А з-пад Картуз-Бярозы мужык вёз жонку. У яго бабу штось улезло... «Куды ты мяне валачэш, я туды і галавы не магу павярнуць!»— гаварыла штось у ёй, а сама ўсё заходзіласа ад плачу. Альяш прачытаў над ёй «Іжэ херувімы», «Верую»... Учора мужык вёз яе зноў праз Страшаво дахаты. «Есці хочацца надто! Ой, і так мне до-обро, лё-огко, бы гаючай вады напіласа!»
— Гэто ўжэ яна цяпер так гаворыць!— дапамагла Сахарыха цётцы Кірылісе.
— Ну! «Бач, а ты ўсё ўпірааласа, бы маленькая, не хацела ўсё!..»
— Так мужык кажа!
— «Дальбух, Серафім, нічога не памятаю!»
— Зноў — яна!
— Ну! Я накарміла яе. Пасядалі абое на воз і так харашэ сабе паехалі — бы два галубкі! — Кірыліха абвяла ўсіх пераможнымі вачыма: — От што значыць боская сіла!
Цётчын старэйшы сын быў цяжка хворы. Каб лячыць яго, не хапіла б і ўсяе Кірылавай гаспадаркі. Якая маці не ўзрадавалася б гэткай аказии?
Бачачы, што мама яшчэ сумняваецца, цётка горача пераконвала: